Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з выпускнікамі ваенных вучэбных устаноў Беларусі і Расіі
Беларусь будзе ўсімі даступнымі спосабамі адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 4 ліпеня на прыёме выпускнікоў факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл, камандна-штабнога факультэта Ваеннай акадэміі Беларусі і ваенных вучэбных устаноў Расіі.
Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускі народ як ніхто іншы ведае цану міру і заўсёды гатовы адстаяць свой суверэнітэт. "Падзеі апошніх гадоў наглядна сведчаць, што ваенная сіла, на жаль, па-ранейшаму застаецца ў арсенале сродкаў вырашэння міжнародных палітычных і эканамічных праблем. Усё новыя краіны з-за прыдуманых зручных прычын па абароне дэмакратыі, барацьбе з міжнародным тэрарызмам, недапушчэнню распаўсюджвання зброі масавага паражэння становяцца аб'ектамі адкрытай агрэсіі. Аб выніках гэтых дзеянняў яскрава сведчаць падзеі апошніяга часу ў Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе. У гэтых рэгіёнах пануюць хаос, безуладдзе і адкрыты бандытызм", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
"Такія няпростыя ўмовы абавязваюць нас забяспечваць сваю бяспеку, суверэнітэт і незалежнасць, абапіраючыся, перш за ўсё, на ўласныя сілы. У Беларусі няма геапалітычных амбіцый, але свае нацыянальныя інтарэсы мы будзем адстойваць усімі даступнымі спосабамі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Для гэтага ў нас ёсць увесь сучасны арсенал сродкаў адэкватнага рэагавання на знешнія і ўнутраныя пагрозы нацыянальнай бяспецы, забяспечаны высокі маральны дух, прафесіяналізм асабовага складу, аўтарытэт сілавых ведамстваў у грамадстве, створана свая нацыянальная ваенная школа".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што якасць і эфектыўнасць падрыхтоўкі ў Ваеннай акадэміі Беларусі прызнаны далёка за межамі дзяржавы. Разам з тым, ён папярэдніў, што развіццё ваеннай арганізацыі любой краіны - гэта працэс бесперапынны. "Менавіта вам, выпускнікам ваенных ВНУ, трэба будзе забяспечваць далейшае нарошчванне баявых магчымасцей падначаленых фарміраванняў і, у канчатковым выніку, абараназдольнасці дзяржавы. Вам трэба будзе вырашаць складаныя і адказныя задачы па падрыхтоўцы войскаў, падтрыманню баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці злучэнняў і воінскіх часцей, ахове нашай граніцы, забеспячэнню грамадскай бяспекі, барацьбе з карупцыяй і абароне эканамічнай бяспекі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што многія з запрошаных на прыём у верасні бягучага года прымуць удзел у важнейшым мерапрыемстве аператыўнай падрыхтоўкі - сумесным стратэгічным вучэнні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2013". "Адным з прыярытэтаў у вашай дзейнасці павінна стаць умацаванне ў грамадстве пачуцця патрыятызму, гатоўнасці да абароны нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Але самае галоўнае - вам трэба будзе абучаць і выхоўваць падначаленых - новае пакаленне нашых грамадзян, якія нарадзіліся і выраслі ў суверэннай дзяржаве. Яны павінны адчуваць не толькі вашы патрабавальнасць і строгасць, але і справядлівасць, клопат і падтрымку", - даў наказ беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць пастаянага павышэння прафесійнага майстэрства, каб адпавядаць патрабаванням часу, глыбока аналізаваць і прадбачыць развіццё сітуацыі. "Лепшых вынікаў зможа дабіцца толькі той, хто ў сваёй службе зможа спалучыць атрыманыя веды з высокай арганізаванасцю і поўнай самааддачай", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Асобна Прэзідэнт вітаў афіцэраў Узброеных Сіл Казахстана, якія сталі чарговымі выпускнікамі факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл: "Паспяховае завяршэнне абучэння ў гэтай ВНУ - сведчанне рэзультатыўнасці ўзаемадзеяння нашых краін у ваеннай сферы і эфектыўнага двухбаковага супрацоўніцтва. Ведайце, што вы заўсёды жаданыя госці на беларускай зямлі, а наша дружба з брацкім народам Казахстана і ў далейшым будзе з'яўляцца важнейшым фактарам забеспячэння бяспекі дзвюх дзяржаў".
Аляксандр Лукашэнка ўручыў генеральскія пагоны прадстаўнікам вышэйшага афіцэрскага складу сілавых структур. Пагоны генерал-маёра міліцыі ўручаны начальніку УУС Віцебскага аблвыканкама Ігару Яўсееву і начальніку Акадэміі МУС Беларусі Уладзіміру Бачылу. Пракурору Гродзенскай вобласці Віктару Марозаву ўручаны пагоны дзяржаўнага саветніка юстыцыі трэцяга класа.
Кіраўнік дзяржавы таксама ўручыў спецыяльныя лісты аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта Беларусі ваеннаслужачым Узброеных Сіл, органаў дзяржаўнай бяспекі, пагранічнай службы, супрацоўнікам органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях - выпускнікам устаноў вышэйшай адукацыі - за выдатныя поспехі ў вучобе і ўзорнае выкананне воінскага абавязку.