Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Уга Чавесам
Прэзідэнты Беларусі і Венесуэлы Аляксандр Лукашэнка і Уга Чавес бачаць шырокія магчымасці для нарошчвання беларуска-венесуэльскіх сувязей і маюць намер штогод інтэнсіфікаваць адносіны. Аб гэтым заявілі кіраўнікі дзяржаў на сустрэчы ў Каракасе.
Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес, чакаючы прыбыцця ў Палац Мірафлорэс свайго беларускага калегі, ва ўласцівай яму манеры паразмаўляў з прысутнымі журналістамі, падзякаваў беларускаму народу за дапамогу ў развіцці Венесуэлы, звярнуў увагу на высокую якасць беларускай прадукцыі.
Калі да палаца пад'ехаў картэж беларускага лідара, Уга Чавес цёпла прывітаў Аляксандра Лукашэнку і папрасіў паклікаць яго сына Мікалая. Падкрэсліваючы асаблівы характар дружалюбных адносін з беларускім лідарам, Прэзідэнт Венесуэлы настаяў на тым, каб у Палац Мірафлорэс Аляксандр Лукашэнка ўзяў свайго малодшага сына.
Пасля кароткага абмену прывітаннямі лідараў дзвюх дзяржаў пачалася цырымонія афіцыйнай сустрэчы Прэзідэнта Беларусі, якая трансліравалася ў прамым эфіры венесуэльскага тэлебачання. Ваенны аркестр Венесуэлы выканаў Дзяржаўны гімн Беларусі, пры гэтым рота ганаровай варты праспявала яго. Пасля выканання гімнаў Уга Чавес зноў адышоў ад пратакола і спецыяльна для венесуэльскай аўдыторыі ахарактарызаваў двухбаковае супрацоўніцтва з Беларуссю. "На працягу апошніх гадоў мы выбудавалі не проста стратэгічны саюз, а брацтва", - адзначыў венесуэльскі лідар. Звяртаючыся да Аляксандра Лукашэнкі, ён нагадаў аб яго візіце на Кубу і звярнуў увагу на намеры Беларусі пашыраць узаемаадносіны з краінамі Лацінскай Амерыкі і, у прыватнасці, з АЛБА (альянс краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна).
Уга Чавес падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за візіт у Венесуэлу, а таксама перадаў прывітальныя словы "працавітаму, сціпламу, вясёламу і гераічнаму" народу Беларусі. Ён падкрэсліў, што прэзідэнтам трэба будзе разгледзець шмат праектаў, якія ўжо рэалізуюцца, у прыватнасці ў сферах здабычы нафты, газу, нафтахіміі, будаўніцтва жылля, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, энергетыкі і газіфікацыі.
Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу запэўніў, што ўсе дамоўленасці, якія былі заключаны Беларуссю і Венесуэлай, будуць выкананы датэрмінова.
"Некаторыя пачалі сумнявацца ў сур'ёзных перспектывах супрацоўніцтва Беларусі і Венесуэлы, але мы сур'ёзна і надоўга заклалі асновы супрацоўніцтва", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што Беларусь прыйшла ў Венесуэлу для аказання дапамогі ў развіцці краіны. "Мы сярэднееўрапейская краіна, у нас шмат месц прыкладання працы, але мы хочам часцінку сябе пакінуць тут, у Венесуэле. Мы прыйшлі сюды не як каланізатары. Мы будуем прадпрыемствы, жыллё, навучаем венесуэльцаў", - сказаў беларускі лідар. "Рашэнне аб дыверсіфікацыі эканомікі праз гады людзі ацэняць як подзвіг", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Уга Чавеса.
Уга Чавес таксама расказаў аб сваёй размове з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, які на той момант знаходзіўся з візітам у Ізраілі. Венесуэльскі лідар станоўча ацаніў той факт, што Уладзімір Пуцін зрабіў свой першы візіт у якасці кіраўніка расійскай дзяржавы менавіта ў Беларусь. Прэзідэнт Венесуэлы чарговы раз падзякаваў беларускаму боку за перадачу венесуэльцам тэхналогій і навучанне спецыялістаў.
Затым кіраўнікі дзяржаў падрабязна абмеркавалі беларуска-венесуэльскае супрацоўніцтва ў вузкім фармаце, зрабіўшы асаблівы акцэнт на перспектыўных напрамках супрацоўніцтва. Пасля завяршэння размовы прэзідэнты Беларусі і Венесуэлы перайшлі ў залу, дзе іх чакалі члены дэлегацый і іншыя запрошаныя асобы.
Прэзідэнты падвялі кароткі вынік праведзенай сустрэчы. Уга Чавес выказаў задавальненне візітам беларускай дэлегацыі і ўпэўненасць у тым, што ўсе праекты, якія рэалізуюцца з беларускім бокам, будуць выкананы.
Тут жа адбыліся чатыры тэлемасты з рознымі рэгіёнамі Венесуэлы, дзе рэалізуюцца сумесныя з Беларуссю праекты. Першым адбылося прамое ўключэнне з завода па вытворчасці аўтамабіляў МАЗ у штаце Барынас.
Гэта прадпрыемства, якое адкрылася месяц таму, арыентавана на выпуск 5 тыс. аўтамабіляў за год. Цяпер на прадпрыемстве сабрана 500 аўтамабіляў, да канца года будзе выпушчана 1 тыс. На праектныя магутнасці завод плануе выйсці ў бліжэйшыя пяць гадоў. Як адзначыў Уга Чавес, прадпрыемства дасць магчымасць насыціць не толькі рынак Венесуэлы, але і прадаваць прадукцыю ў іншыя краіны рэгіёну. Акрамя таго, спатрэбіцца стварэнне новых прадпрыемстваў па абслугоўванню тэхнікі. У сваю чаргу гэта створыць тысячы рабочых месц.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што на магутнасцях гэтага завода можна зманціраваць лінію па вытворчасці аўтобусаў. "Я шмат чуў аб патрэбнасцях рэгіёну ў такой тэхніцы. У прадпрыемства вялікія перспектывы. Я гарантую, што гэту тэхніку купяць - і ў Нікарагуа, і ў Бразіліі, і ў іншых краінах. Таму побач трэба адкрываць і лінію па выпуску аўтобусаў. Яны таксама будуць запатрабаваныя. Падумай!", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы, звяртаючыся да венесуэльскага лідара.
Прэзідэнт Беларусі таксама звярнуў увагу на тое, што пабудаваць прадпрыемствы не так складана, як навучыць людзей тэхналогіям, рабоце на такіх вытворчасцях. "Калісьці я абяцаў табе гэта, і мы гэта зробім: твае людзі атрымаюць такую адукацыю, каб яны маглі працаваць на гэтых высокатэхналагічных вытворчасцях", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Наступны тэлемост звязаў Каракас і Маракай, дзе сіламі беларускіх спецыялістаў вядзецца будаўніцтва жылля. Уладальнікамі новых кватэр у гэты дзень сталі 162 венесуэльскія сям'і. Аляксандр Лукашэнка ўспомніў наведванне гэтага месца ў 2010 годзе, калі кіраўнікі дзвюх дзяржаў заклалі першы камень у будаўніцтва будучага мікрараёна. Праз два гады тут ужо завершаны жыллёвы комплекс. Як расказаў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка, цяпер будуецца яшчэ 4,5 тыс. кватэр. А да канца бягучага года будзе здадзена новым жыльцам больш за 30 дамоў. "Гэта была твая ідэя, - сказаў Уга Чавес, звяртаючыся да Аляксандра Лукашэнкі. - Тут ужо сапраўдны шмат дамоў. Такога ў Венесуэле ніколі не было. Будавалі толькі для багатых і сярэднезабяспечаных, астатнія жылі ў беднасці і галечы. Таму мы ўдзячны".
Венесуэльскі Прэзідэнт дадаў, што ў іншых частках краіны таксама неабходна ажыццяўляць такое будаўніцтва, і запрасіў беларускіх спецыялістаў дапамагчы ў гэтым.
"Я рад, што людзі атрымалі такі мікрараён. Але гэта толькі пачатак", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Вы заўважылі: у гэтых кватэрах стаіць мэбля, газавыя пліты, халадзільнікі - мы гэта з Беларусі вазіць не павінны. Вы павінны пабудаваць у сябе прадпрыемствы, каб усё гэта вырабляць у Венесуэле", - падкрэсліў беларускі лідар. "Я хачу, каб гадоў праз пяць мільёны венесуэльцаў табе дзякавалі за гэта жыллё, і мы можам гэта зрабіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Уга Чавеса.
Кіраўнікам дзяржаў таксама прадэманстравалі з дапамогай прамых уключэнняў завод керамічных блокаў у штаце Міранда і раён Каракаса, які газіфікуецца беларускімі спецыялістамі. Уга Чавес выказаў жаданне прадаўжаць сумесную з беларускім бокам работу, адкрываць новыя прадпрыемствы, аказваць дапамогу ў развіцці Венесуэлы.
Пасля заканчэння двухбаковых перагавораў Беларусь і Венесуэла падпісалі больш як два дзясяткі дакументаў, якія пашыраюць супрацоўніцтва краін. Бакі пацвердзілі намеры пашыраць супрацоўніцтва ў сферах будаўніцтва, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, газіфікацыі, энергетыкі і іншых. У прыватнасці, дасягнута дамоўленасць аб будаўніцтве сіламі беларускіх спецыялістаў з прыцягненнем фінансавання кітайскага боку цеплавой электрастанцыі магутнасцю 600 МВт у штаце Барынас. Плануецца, што станцыя будзе запушчана ўжо ў сярэдзіне 2015 года. На яе ўзвядзенне кітайскі бок выдзяляе амаль $1 млрд. Падпісаны таксама мемарандумы аб узаемаразуменні па праектаванню і будаўніцтву газаправода паміж гарадамі Баркісімета і Барынас, а таксама аб узаемаразуменні па ўстанаўленню другой лініі на цагельным заводзе.
Падводзячы вынікі дня, прэзідэнты падкрэслілі, што Беларусь і Венесуэла поўныя рашучасці штогод нарошчваць супрацоўніцтва. Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што сувязі дзвюх краін дынамічна развіваюцца, узаемадзеянне выйшла на ўзровень стратэгічнага партнёрства. "Палітычнае ўзаемаразуменне і давер на вышэйшым узроўні - надзейная аснова для ўмацавання гэтага супрацоўніцтва", - перакананы беларускі лідар.
Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на паспяховае ажыццяўленне сумесных праектаў у сферах нафтаздабычы, сейсмаразведкі і сейсматэхнікі, газіфікацыі, архітэктуры і будаўніцтва, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і многіх іншых. Ён адзначыў узровень тавараабароту, які вырас за пяць гадоў на два парадкі - з $6 млн. у 2006 годзе да амаль $1,5 млрд. у 2010 і 2011 гадах. "Мы поўныя рашучасці прадаўжаць гэту маштабную работу і, упэўнены, атрымаем яшчэ больш важкія вынікі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кожны беларус ведае аб Венесуэле і венесуэльцах. "Вы падставілі нам плячо ў самы цяжкі час", - сказаў ён. У пацвярджэнне гэтых слоў Аляксандр Лукашэнка падарыў Уга Чавесу партрэт Балівара, зроблены беларускім умельцам, які папрасіў пры магчымасці перадаць гэту карціну венесуэльскаму Прэзідэнту з пажаданнем стойкасці, мужнасці і руху наперад.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што напярэдадні візіту ў Венесуэлу цікавіўся меркаваннем венесуэльскага грамадства наконт двухбаковага супрацоўніцтва.
"Пераважная большасць венесуэльцаў падтрымліваюць тое, што мы робім з Чавесам. Але ёсць некаторыя таварышы, якія сумняваюцца ў нашым супрацоўніцтве. Напэўна, гэта натуральна, востры палітычны момант", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "Але хачу яшчэ раз паўтарыць: беларусы да вас прыйшлі як браты, па закліку вашага патрыёта-Прэзідэнта. Гэта мой сябар, сябар беларускага народа. І вы павінны ведаць: хто б што тут ні гаварыў, хто б тут што ні планаваў насуперак, наша дзяржава зробіць усё, аб чым папросіць ён - мой сябар Чавес", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Я ўпэўнены, што праз некалькі гадоў мы будзем гаварыць аб больш значных праектах, якія мы рэалізуем назло нашым непрыяцелям. І на гэтым шляху нас ніхто не спыніць. Вось мой кароткі адказ тым, хто яшчэ сумняваецца ў тым, што мы зробім", - дадаў беларускі лідар.
"Той, хто мяне добра ведае, ніколі не скажа, што я ўмею ліслівіць. Але скажу прама: не было б цябе - не было б гэтых праектаў і поспехаў. І, напэўна, Беларусі тут, у Венесуэле, таксама не было б. Я не перабольшваю", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы, звяртаючыся да Уга Чавеса.
"Я не маю на ўвазе вашы выбары. Я ведаю, што ты іх выйграеш, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я проста хачу аддаць табе даніну павагі і выказаць удзячнасць ад тысяч беларусаў, якія маюць магчымасць тут працаваць і, чаго граху таіць, зарабляць".
Прэзідэнт Беларусі дадаў, што ўжо трэці раз наведвае Венесуэлу і не перастае захапляцца поспехамі на шляху будаўніцтва незалежнай дзяржавы.
Размову кіраўнікі дзяржаў завяршылі позна вечарам, пасля чаго Уга Чавес спецыяльна для венесуэльскіх і міжнародных СМІ выказаўся аб супрацоўніцтве з Беларуссю як выключна важным для Венесуэлы і пацвердзіў яго стратэгічны характар.
Пасля завяршэння афіцыйнага візіту ў Венесуэлу Прэзідэнт Беларусі прадоўжыць работу ў Эквадоры. У цэнтры ўвагі будуць пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, фарміравання дагаворна-прававой базы, пашырэння кантактаў паміж краінамі.