Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з удзельнікамі тэлевізійнага праекта "Сардэчна запрашаем у Беларусь"
Беларусь - адкрытая міралюбівая краіна. Аб гэтым 24 жніўня, сустракаючыся з удзельнікамі тэлепраекта "Сардэчна запрашаем у Беларусь", заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
Як адзначыў Прэзідэнт, словамі "Сардэчна запрашаем у Беларусь" у краіне вітаюць усіх гасцей, якіх беларусы ўмеюць і любяць прымаць. "Беларусь - адкрытая краіна. Мы вельмі міралюбівы, вельмі шчыры народ і хочам сябраваць з усімі, свабодна гандляваць, ездзіць адзін да аднаго ў госці, сустракацца. У нас няма варожасці ні да кога. Мы заўсёды жадаем усім дабра, шчасця і працвітання", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Звяртаючыся да замежных гасцей, Прэзідэнт падкрэсліў, што іх свежыя ўражанні ад тыднёвага наведвання Беларусі асабліва каштоўныя: "Мы жывём у Беларусі, любім яе. Але з часам прывыкаеш і да навакольнага хараства, перастаеш гэтаму здзіўляцца. У Беларусі шмат выдатных мясцін, дзе адпачываеш душой".
Замежныя госці мелі магчымасць наведаць самыя маляўнічыя мясціны Беларусі, убачыць лепшыя прадпрыемствы. "Беларусы заўсёды былі народам-працаўніком. БелАЗ, кандытарская фабрыка "Спартак", "Белшына" - усё гэта гордасць Беларусі. Бог не даў нам шмат прыродных рэсурсаў, і беларусы спакон веку прывыклі зарабляць на жыццё сваімі рукамі і сваім інтэлектам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, гэта сустрэча - магчымасць пачуць меркаванне прадстаўнікоў іншых дзяржаў пра Беларусь. "Калі вы заўважылі нейкія недахопы - скажыце нам. Паверце, ваша меркаванне для нас усіх і для мяне як Прэзідэнта вельмі важнае. Вы глядзіце на нас новым поглядам, вашы ўражанні выразныя і свежыя, - адзначыў беларускі лідар. - Але галоўнае - усе вы шчырыя, адкрытыя людзі, якія, як я магу спадзявацца, жадаюць дабра нашай зямлі і нашаму народу. Выслухаўшы ваша меркаванне, мы падумаем, як зрабіць Беларусь яшчэ лепшай".
Аляксандр Лукашэнка запрасіў усіх удзельнікаў сустрэчы да адкрытай размовы пра Беларусь.
У рамках тэлепраекта Беларусь наведалі шэсць замежных сем'яў з Кітая, Германіі, Паўднёвай Карэі, Іспаніі, Францыі і ЗША. Усе сем'і прыехалі ў рэспубліку ўпершыню.
Перад удзельнікамі праекта ставілася задача максімальна вывучыць выдатныя мясціны адной з абласцей Беларусі. На працягу пяці дзён яны падарожнічалі па краіне, сустракаліся з яе жыхарамі, знаёміліся з вядучымі прадпрыемствамі, каштавалі нацыянальную кухню, вывучалі беларускую гісторыю і культуру.
Як адзначаюць арганізатары, галоўная задача праекта - вачамі замежных гасцей паглядзець на сваю краіну, пераканацца ў тым, што ў Беларусі ёсць шмат таго, чым можна ганарыцца і што варта цаніць.