Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з удзельнікамі IV Еўрапейскага праваслаўна-каталіцкага форуму

  • 1
Беларусь захоўвае прыхільнасць хрысціянскім каштоўнасцям, міжрэлігійнаму міру і нацыянальнаму спакою. Аб гэтым заявіў 3 чэрвеня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з удзельнікамі IV Еўрапейскага праваслаўна-каталіцкага форуму "Рэлігія і культурная разнастайнасць: выклікі хрысціянскім цэрквам у Еўропе".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта сустрэча абавязвае яго і ўвесь беларускі народ з яшчэ большай дбайнасцю і адказнасцю падыходзіць да захавання міжрэлігійнага міру і нацыянальнага спакою. Прэзідэнт запэўніў удзельнікаў форуму, што ў іх ніколі ў гэтым плане не будзе прэтэнзій да беларускага народа і беларускай дзяржавы. "Мы заўсёды будзем надзейнымі суседзямі, партнёрамі і сябрамі для ўсіх людзей, якую б рэлігію яны ні вызнавалі, які б шлях да храма яны ні выбіралі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Беларусь унікальная тым, што яе гісторыя не азмрочана рэлігійнымі войнамі і міжнацыянальнымі канфліктамі. Мы беражліва захоўваем і перадаём з пакалення ў пакаленне добрыя традыцыі нашых продкаў: узаемаразуменне, цярпімасць, міласэрнасць, павагу да працы, міралюбнасць і патрыятызм", - адзначыў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, праваслаўе і каталіцызм гістарычна вызначылі менталітэт і нацыянальны характар беларусаў. "І сёння хрысціянская вера застаецца неад'емным складальнікам светапогляду і духоўнага жыцця большасці нашых грамадзян", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што на сучасным этапе ні адзін народ, ні адна канфесія не могуць жыць, замкнуўшыся ў сабе. "Глабальныя задачы, якія стаяць сёння перад чалавецтвам, можна вырашыць толькі разам. Яшчэ ў 50-я гады мінулага стагоддзя вядомы французскі філосаф Тэярдэ Шардэн гаварыў, што народы ўжо дасягнулі такой ступені эканамічнай і псіхалагічнай узаемазалежнасці, што далей могуць расці, толькі ўзаемапранікаючы адзін у аднаго", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, глабалізацыя свету мае як станоўчыя, так і негатыўныя наступствы. "У многіх краінах Захаду адзначаецца маральная дэградацыя грамадства, адмова ад хрысціянскіх прынцыпаў маралі, разбурэнне сямейных устояў. Культ спажывальніцтва і пагоня за ўцехамі становяцца рэальнымі пагрозамі духоўнага выраджэння людзей і непаўнацэннай трансфармацыі дзяржаў, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Пабудова новага светапарадку на такіх прынцыпах бязлітасна адсякае гісторыка-культурныя адрозненні народаў, іх бясцэнны, стагоддзямі напрацаваны вопыт у пабудове сям'і і дзяржавы, у асновах рацыянальнага жыццёвага ўкладу і ўзаемадзеяння з прыродай і грамадствам".

Прэзідэнт канстатаваў, што ў Беларусі, як і ўсюды ў свеце, праяўленні сусветнага эканамічнага крызісу звязаны з гуманітарнымі праблемамі. "На жаль, маральныя дэфармацыі, што прагрэсіруюць небывалымі тэмпамі, не маглі не закрануць і нашых людзей. Перад беларускім грамадствам стаяць такія ж сур'ёзныя задачы, як і перад любой еўрапейскай краінай. Нам неабходна ўмацаванне маральнасці і высокай духоўнасці. Нас непакоіць распаўсюджванне п'янства і наркаманіі, праблема сацыяльнага сіроцтва і іншыя непрывабныя з'явы сучаснасці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, настаў час успомніць, што менавіта хрысціянскі светапогляд з'яўляецца галоўным культураўтваральным фактарам, які фарміраваў саму еўрапейскую цывілізацыю. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што вырашэнне многіх жыццёва важных пытанняў немагчыма без актыўнага ўдзелу праваслаўных і католікаў. "І тое, што праваслаўная і каталіцкая цэрквы Еўропы імкнуцца сумеснымі намаганнямі арганізаваць пошук новых форм міжхрысціянскай салідарнасці, - гэта вельмі важна і абнадзейліва", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што форум павінен пасадзейнічаць умацаванню ўзаемадзеяння паміж людзьмі розных канфесій і поглядаў, дапамагчы ім знаходзіць агульныя падыходы шляхам дыскусій і плённага дыялогу. "Да такога падыходу нас абавязвае само жыццё. Нельга забываць, што ў сучасным свеце ўсё больш становіцца ачагоў напружанасці і зон ваенных канфліктаў, якія нясуць вялікія пакуты людзям. Таму ўсе дзяржавы павінны разам працаваць для забеспячэння мірнай будучыні чалавецтва", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што такая работа магчыма толькі пры актыўных і ўзгодненых дзеяннях як структур улады, так і грамадскіх інстытутаў, перш за ўсё рэлігійных арганізацый.

"Царква можа шмат зрабіць для збліжэння людзей і з'яднання сусветнай супольнасці вакол сапраўдных каштоўнасцей, - упэўнены Прэзідэнт. - Словам і справай вы заклікаеце, як вучыў святы апостал Павел, "захоўваць адзінства духу ў саюзе міру". Аляксандр Лукашэнка лічыць важным аб'яднаць намаганні прадстаўнікоў розных канфесій для таго, каб "наша планета стала спакойным і ўтульным домам для ўсіх сваіх дзяцей".

Звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, Прэзідэнт выказаў надзею, што гэта мерапрыемства дасць магчымасць ім адкрыць для сябе Беларусь, азнаёміцца з яе прыродай, гісторыяй і культурай, а таксама з гасціннымі і мудрымі людзьмі. "Ваш прыезд у Мінск для работы і проста для чалавечых адносін - гэта значная падзея ў духоўным жыцці беларусаў. Гэта сведчыць аб прызнанні таго, што наш народ захоўвае прыхільнасць да хрысціянскіх каштоўнасцей", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Удзельнікі сустрэчы абмяняліся думкамі аб тым, як у сучасным свеце процістаяць выклікам, якія ўзнікаюць перад царквой, падкрэслілі важнасць захавання хрысціянскіх каштоўнасцей у жыцці народаў Еўропы, умацавання міру і згоды.

"Мы павінны зрабіць усё магчымае для таго, каб падтрымаць нашы маральныя ўстоі і не даць страціцца нашай хрысціянскай спадчыне, - падкрэсліў мітрапаліт Сасімскі Генадзіяс. - Нягледзячы на адрозненні, якія былі паміж намі ў мінулым, нягледзячы на ўсе жахі, якія мы перажылі ў нашай гісторыі, мы лічым, што неабходна падтрымліваць дыялог адзін з адным".

Архібіскуп Эстэргомскі і Будапешцкі Петэр Эрдзё адзначыў важнасць сумеснай работы ва ўмацаванні хрысціянскіх каштоўнасцей і прывёў прыклад Беларусі, дзе розныя канфесіі маюць магчымасць развівацца на спрыяльнай глебе. "Духоўнае развіццё Беларусі нічым не ўступае духоўнаму развіццю іншых краін Еўропы. Таму сёння нашай галоўнай задачай з'яўляецца падтрыманне міру і справядлівасці ў Еўропе з дапамогай тых інструментаў, якія дадзены нам у рукі", - сказаў ён.

Старшыня аддзела знешніх царкоўных сувязей Маскоўскага Патрыярхата мітрапаліт Валакаламскі Іларыён перадаў Прэзідэнту Беларусі прывітанне ад Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. "Мы вельмі рады быць вашымі гасцямі. Беларусь - гэта працвітаючая краіна, у якой мы ездзім па цудоўных дарогах, бачым, як актыўна вядзецца будаўніцтва ў Мінску і навакольнай мясцовасці. Мы бачым зямлю, якая апрацавана клапатлівымі рукамі людзей, радуемся поспехам беларускага народа, - адзначыў мітрапаліт. - Многія з нас пытаюць у сябе, у чым сакрэт поспеху Беларусі як краіны. Думаю, што не ў апошнюю чаргу ў духоўным адзінстве беларускага народа".

У сваю чаргу Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыа Гуджэроці перадаў Прэзідэнту і ўсяму беларускаму народу найлепшыя пажаданні ад Папы Рымскага Францыска. "Сёння на сустрэчы прысутнічаюць прадстаўнікі 22 еўрапейскіх краін, якія прыехалі ў Беларусь. Гэта азначае, што Еўропа і яе народы прыехалі ў Беларусь. Таму што ўдзельнікі гэтай сустрэчы не горш за палітыкаў прадстаўляюць народы сваіх краін і сваю паству. Адзінае адрозненне паміж намі і палітыкамі - гэта тое, што мы выбіраем дыялог. Мы не хочам, каб паміж намі існавалі бар'еры", - адзначыў Клаўдыа Гуджэроці.

На завяршэнне сустрэчы Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз зрабіў акцэнт на недапушчэнні страты хрысціянскіх каштоўнасцей у жыцці людзей. "Сёння, як ніколі, мы павінны быць адзіныя, таму што наносіцца вельмі сур'ёзны ўдар па самым галоўным, што нас заўсёды аб'ядноўвала і ўзгадавала. Наносіцца ўдар па фундаменце, на якім мы будавалі сваё жыццё, - па хрысціянскіх каштоўнасцях. Трэба адстаяць хрысціянскія каштоўнасці, чаго б нам ні каштавала. Калі мы страцім іх, мы страцім усё", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт запэўніў, што беларусы заўсёды былі і будуць адным з асноўных стрыжняў у фундаменце хрысціянства, паколькі менавіта гэтыя каштоўнасці ляжаць у аснове развіцця Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка згадзіўся са сцвярджэннем аб адзінстве беларускага народа, якое забяспечвае стабільнасць грамадства і дзяржавы. "Вы можаце быць упэўнены, што аб Беларусі вы ніколі не пачуеце, як аб месцы процістаяння існуючых на нашай планеце асноўных рэлігійных канфесій і рэлігій. Мы гатовы па меры нашых магчымасцей і нават зрабіць немагчымае, каб захаваць нашы хрысціянскія каштоўнасці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў важнасць таго факта, што спрэчка на форуме ў Мінску вядзецца не аб догмах веры, а аб прынцыпах уладкавання жыцця. "Сёння і католікі, і праваслаўныя, упэўнены, і прадстаўнікі іншых веравызнанняў, аб'ядналіся вакол галоўнага - як выратаваць чалавецтва. Гэта вялікая заслуга цэркваў, якія адклалі свае адвечныя спрэчкі аб догмах і звярнуліся да важнейшага складальніка жыцця людзей", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.