Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Сакратаром Савета нацыянальнай бяспекі Арменіі Артурам Багдасаранам

    Беларусь выступае за актывізацыю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Арменіяй і за далейшае развіццё адносін у рамках АДКБ. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з Сакратаром Савета нацыянальнай бяспекі Арменіі Артурам Багдасаранам.

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусі і Арменіі трэба будзе нямала зрабіць для таго, каб інтэнсіфікаваць гадлёва-эканамічныя сувязі. Прэзідэнт са шкадаваннем канстатаваў, што ў мінулым годзе беларуска-армянскі тавараабарот знізіўся. Ён таксама нагадаў, што ў гісторыі адносін паміж Беларуссю і Арменіяй быў перыяд, калі ніякага гандлю наогул не было. Разам з тым патэнцыял развіцця сувязей значны, і напярэдадні візіту Артура Багдасарана ў Мінск армянскі бок звярнуўся з прапановай актывізаваць адносіны. Армянскі бок гатовы купляць розныя беларускія тавары: ад сельгасмашын да прадукцыі народнага спажывання. Для гэтага ёсць усе магчымасці, у прыватнасці, у Арменіі працуе беларускі гандлёвы дом. "У нас ёсць дзе і чым гандляваць", - адзначыў Прэзідэнт.

    Кіраўнік дзяржавы сказаў, што дасць даручэнне Ураду па актывізацыі супрацоўніцтва з Арменіяй. "Тое, аб чым вы прасілі, мы гатовы знайсці магчымасць пастаўляць у Арменію, аж да стварэння сумесных прадпрыемстваў. Напрыклад, спачатку размова можа ісці аб зборцы асобных відаў машын, абсталявання, да стварэння ў далейшым іх вытворчасці ў Арменіі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    Другім важным напрамкам супрацоўніцтва з Арменіяй Прэзідэнт назваў узаемадзеянне ў рамках АДКБ. "Тут у нас ніякіх закрытых тэм няма. Мы як супрацоўнічалі з вамі, так і будзем супрацоўнічаць. Накіроўвайце, калі ласка, спецыялістаў у Беларусь, мы гатовы абмяркоўваць любыя тэмы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Ён таксама падзякаваў Арменіі за ўзгодненасць пазіцый з Беларуссю ў міжнародным супрацоўніцтве. Паводле яго слоў, апошнія міжнародныя мерапрыемствы сведчаць аб тым, што Беларусь і Арменія выступаюць практычна з адзіных пазіцый.

    Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь будзе і ў далейшым свята шанаваць дружбу з Арменіяй і выконваць усе дагаворы і пагадненні, якія ёсць з гэтай краінай.

    У сваю чаргу Артур Багдасаран падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца для Арменіі саюзнікам і Арменія мае намер у далейшым развіваць стратэгічнае партнёрства. Ён выказаў упэўненасць, што ў выніку візіту беларуска-армянскія гандлёва-эканамічныя сувязі, а таксама кантакты ў сферы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва будуць узмоцнены.