Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Сакратаром Савета Бяспекі Расійскай Федэрацыі Мікалаем Патрушавым
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка выступае за актывізацыю ваенна-палітычнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў АДКБ. Аб гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў 1 сакавіка на сустрэчы з Сакратаром Савета Бяспекі Расіі Мікалаем Патрушавым.
"Мы стварылі Адзіную эканамічную прастору. Сёння як ніколі ў нашым ваенна-палітычным саюзе АДКБ высветліліся і станоўчыя, і адмоўныя моманты, якія тым не менш даюць магчымасць нам гаварыць аб тым, што ўсе члены АДКБ згодны з тым, што арганізацыя развіваецца ў патрэбным напрамку. Апошнім часам яна набыла яшчэ большы дынамізм, - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Мікалая Патрушава. - І мы пачынаем у рамках гэтай арганізацыі рабіць канкрэтныя, вельмі патрэбныя для дзяржаў захады. З пункту гледжання дзяржаў - членаў АЭП - вельмі важна актывізацыя".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, таксама абсалютна відавочныя значэнне і роля СНД, яе структур. "Мы таксама тут практычна ўсе пытанні разумеем і бачым гэту ролю, яе значэнне, бачым тое поле, на якім дзейнічае гэта арганізацыя. Гэта датычыцца і іншых арганізацый, але асабліва нашага саюза Беларусі і Расіі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Тут вырашаны ўсе праблемы", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі, нагадаўшы, што адным з апошніх дзеянняў было зацвярджэнне ўсіх нарматыўна-прававых актаў па стварэнні адзінай рэгіянальнай сістэмы ППА дзвюх краін.
"Мы прынялі ўсе рашэнні. Нам неабходна рабіць чарговыя захады, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Я не хачу сказаць, што ўсё будзе проста, але некаму і з нечага трэба пачынаць (зразумела, Беларусі і Расіі трэба пачынаць). А вось з чаго, каб быў радыкальны рух наперад, - у гэтым плане трэба вызначыцца. Ёсць сэнс абмеркаваць тыя пытанні, па якіх мы можам значна рушыць наперад".
"Думаю, што і Казахстан не будзе ўбаку ад гэтых праблем. А значыць, і іншыя дзяржавы, як мінімум АДКБ. Я ўжо не кажу пра АЭП - тут у нас цеснае эканамічнае супрацоўніцтва, і, зразумела, ваенна-палітычныя пытанні не могуць адставаць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што неабходна вызначыць, якім шляхам рухацца, каб не адстаць і не "замарозіцца" на цяперашнім узроўні, як гэта было ў Саюзе Беларусі і Расіі: "Людзі разводзілі рукамі і пыталіся: а што далей будзе? Гэта значыць мы спазніліся ў свой час з ініцыятывамі".
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, выбарчая кампанія ў Расіі хутка завершыцца. Ён таксама выказаў упэўненасць, што яна пройдзе паспяхова. "І мы, напэўна, ужо зможам у сакавіку-красавіку-маі, паколькі пераемнасць улады ў Расіі вельмі высокая, не губляючы часу абмяркоўваць гэтыя пытанні", - сказаў Прэзідэнт.
У сваю чаргу Мікалай Патрушаў адзначыў, што паміж саветамі бяспекі дзвюх краін былі праведзены вельмі цікавыя і змястоўныя кансультацыі, у тым ліку па такіх тэмах, як міжнародная і рэгіянальная бяспека, а таксама бяспека ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. "Думаю, што мы адзін аднаго пачулі і гэтыя ацэнкі будуць карысныя для далейшай сумеснай работы", - сказаў ён.
Гаворачы аб знешнепалітычным фоне вакол Беларусі, Сакратар Савета Бяспекі Расіі выказаў меркаванне, што палітыка санкцый не дае пазітыўных вынікаў. "Кіраўнікі Еўрасаюза лічаць магчымым вучыць іншыя дзяржавы і народы, як ім трэба жыць", - сказаў Мікалай Патрушаў.
Ëн адзначыў, што ў Еўропе існуюць розныя рэжымы: манархія, прэзідэнцкая, парламенцкая форма праўлення. "Але ніхто не гаворыць, што яны недэмакратычныя. Чаму ж ставіцца пад сумненне дэмакратычнасць краіны, дзе ёсць канстытуцыя, чаму лічаць магчымым увядзенне ў тым або іншым выпадку санкцый, абмежаванняў? Гэта што, прыводзіць да станоўчых вынікаў, дапамагае народам мець паміж сабой больш цесныя сувязі? Нічога падобнага, - упэўнены Сакратар Савета Бяспекі. - Гэтыя рашэнні пазітыўных вынікаў не даюць. Пазітыў можа быць толькі тады, калі ідуць перагаворы, дасягаюцца кампрамісы, а гэта ажыццяўляецца дыпламатычнымі метадамі. Думаю, што і ў гэтым выпадку ўсё павінна прыйсці ў норму менавіта такім шляхам".