Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Раулем Кастра Русам

    Беларусь і Куба павінны пераходзіць ад простага гандлю да больш складаных форм эканамічнага супрацоўніцтва. Такую думку Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў 25 чэрвеня на сустрэчы ў Гаване са Старшынёй Дзяржаўнага савета і Савета міністраў Кубы Раулем Кастра Русам.

    У прыватнасці, узаемадзеянне дзвюх краін можа выйсці на новы ўзровень у сферы прамысловасці, сельскай гаспадаркі, інфарматыкі, біятэхналогій. З улікам таго, што на Кубе эксплуатуецца больш як 14,5 тыс. беларускіх трактароў, амаль 5,5 тыс. грузавікоў МАЗ, каля 90 кар'ерных самазвалаў БелАЗ, Беларусь гатова садзейнічаць у стварэнні на Кубе цэнтра па рамонту і мадэрнізацыі, а ў перспектыве - і па зборцы трактароў, а таксама іншай аўтатрактарнай і будаўнічай тэхнікі для задавальнення патрэбнасцей Кубы і суседніх краін.

    У якасці першага кроку можа быць рэалізаваны праект па стварэнню цэнтраў па аднаўленню і мадэрнізацыі беларускіх трактароў на базе вызначаных кубінскім бокам прадпрыемстваў Міністэрства сельскай гаспадаркі. Спецыялісты Мінскага трактарнага завода гатовы пачаць прапрацоўку гэтага пытання з кубінскім бокам.

    Беларусь гатова забяспечыць патрэбнасці народнай гаспадаркі Кубы ў сучасных магутных трактарах, сельскагаспадарчай і іншай тэхніцы, разгледзець магчымасць адкрыцця на Кубе прадстаўніцтва Міністэрства прамысловасці Беларусі.

    Беларускія спецыялісты таксама гатовы падключыцца да рэалізацыі на Кубе праектаў у сферы інфраструктуры, мадэрнізацыі нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў і энергетычнай сістэмы, у сферы праектавання і будаўніцтва, а таксама паставак аўтамабільнай, будаўнічай і іншай тэхнікі.

    Беларусь можа аказаць садзейнічанне Кубе ў стварэнні сучасных тэлекамунікацыйных і камп'ютарных сістэм, праграмнага забеспячэння, а таксама ў падрыхтоўцы адпаведных спецыялістаў. З улікам наяўнасці на Кубе кваліфікаваных спецыялістаў у галіне геалогіі, якія валодаюць рускай мовай, перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва магла б стаць рэалізацыя сумесных беларуска-кубінскіх праектаў у сферы геалагічных даследаванняў у Эквадоры, Нікарагуа, Балівіі і іншых лацінаамерыканскіх краінах.

    Таксама Беларусь гатова садзейнічаць Кубе ў пашырэнні яе палітычных, эканамічных і іншых інтарэсаў на еўраазіяцкай прасторы.

    Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на тое, што пазіцыі Беларусі і Кубы супадаюць па важнейшых пытаннях міжнароднага парадку дня. У першую чаргу гэта датычыцца стварэння шматпалярнага свету і ўстанаўлення справядлівага міжнароднага эканамічнага парадку.

    Беларусь рашуча выступае за неадкладнае спыненне ганебнай блакады Кубы з боку ЗША. Галасаванне па гэтай рэзалюцыі ў ААН з году ў год наглядна дэманструе, што захаванне бессэнсоўнага рудымента часоў "халоднай вайны" падрывае аўтарытэт саміх Злучаных Штатаў.

    "Мы выступаем за ўмацаванне добрасуседскіх адносін паміж дзяржавамі. За вырашэнне спрэчных пытанняў шляхам перагавораў і стварэнне ўмоў для бесперашкоднага супрацоўніцтва з усімі краінамі", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

    Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама адзначыў, што Беларусь высока цэніць вялікі аўтарытэт Кубы ў Лацінаамерыканскім рэгіёне, сярод дзяржаў у Руху недалучэння, якія сталі на шлях развіцця.

    Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на той факт, што гэты візіт на Кубу праходзіць у год 20-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі. Прэзідэнт канстатаваў, што за гэтыя гады беларуска-кубінскае ўзаемадзеянне выйшла на ўзровень стратэгічнага партнёрства.

    У Гаване Прэзідэнт Беларусі таксама ўсклаў вянок да манумента Нацыянальнага героя Кубы Хасэ Марці.

    Акрамя таго, шэраг сустрэч у Гаване правялі члены беларускай дэлегацыі, якія суправаджалі Прэзідэнта ў яго афіцыйным візіце на Кубу. Па выніках перагавораў падпісаны пакет дакументаў па супрацоўніцтву ў галіне сельскай гаспадаркі, прамысловасці, аховы здароўя, навукі і тэхналогій, якія адкрыюць новыя магчымасці для ўзаемадзеяння дзвюх краін.

    У прыватнасці, падпісана міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне каранціну і аховы раслін.

    Падпісанне мемарандумаў аб супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя, сельскай гаспадаркі дасць магчымасць ажыццяўляць пастаўкі новага сельгасабсталявання, частак і дэталей да яго на Кубу, а ў сферы прамысловасці адкрывае магчымасць ажыццяўлення інвестыцый і мадэрнізацыі вытворчасцей на Кубе. Акрамя таго, падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій.

    Пасля завяршэння сустрэчы лідараў дзвюх краін Рауль Кастра выказаў жаданне асабіста праводзіць Кіраўніка беларускай дзяржавы ў аэрапорт. Гэта рашэнне кіраўніка Кубы стала нечаканым, для дыпламатычнай практыкі такое з'яўляецца вялікай рэдкасцю.

    З Гаваны Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам у Баліварыянскую Рэспубліку Венесуэла.