Сустрэча з Прэзідэнтам Венесуэлы Нікаласам Мадура
- 10
Беларусь і Венесуэла ў бліжэйшы час выпрацуюць новую "дарожную карту" развіцця двухбаковых адносін. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 3 ліпеня па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Венесуэлы Нікаласам Мадура.
Перагаворы лідараў дзвюх краін прадаўжаліся больш як тры гадзіны. Прэзідэнты абмеркавалі ўвесь спектр беларуска-венесуэльскіх адносін, уключаючы гандлёва-эканамічнае і палітычнае супрацоўніцтва, падрабязна спыніліся на рэалізацыі сумесных праектаў і перспектыўных напрамках узаемадзеяння ў розных сферах.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі разлічваюць на прадаўжэнне актыўнага беларуска-венесуэльскага супрацоўніцтва, асновы якога былі закладзены ў час прэзідэнцтва Уга Чавеса. "У нас даўно ўстанавіліся добрыя адносіны не толькі з нашым агульным сябрам, на жаль, яго сёння з намі няма, але і з Табой - самым блізкім і давераным чалавекам Уга Чавеса", - адзначыў беларускі лідар, вітаючы Нікаласа Мадура.
"Мы спадзяёмся і абсалютна ўпэўнены, што палітыка, якую вы праводзілі разам з Уга Чавесам, будзе захавана. Не толькі я, кіраўніцтва Беларусі, але і ўвесь беларускі народ асацыіруюць Цябе з той палітыкай, якая ажыццяўлялася пры Чавесе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі таксама адзначыў, што на цяперашнім этапе яму прасцей выбудоўваць адносіны з Венесуэлай, паколькі ў мінулыя часы быў закладзены трывалы фундамент двухбаковага супрацоўніцтва. "Таму я ўпэўнены і вельмі спадзяюся, што ў памяць аб гэтым вялікім чалавеку мы з табой усё зробім, каб ажыццявіць тое, аб чым мы калісьці думалі і аб чым ён марыў", - дадаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Мы расцэньваем гэты першы афіцыйны візіт Нікаласа Мадура як пацвярджэнне курсу на развіццё стратэгічнага партнёрства паміж нашымі краінамі. Дарэчы, усе нашы сённяшнія перагаворы былі пранізаны гэтым пачуццём. Мы поўныя рашучасці рэалізаваць усё, што намецілі раней", - заявіў Аляксандр Лукашэнка па выніках перагавораў.
Кіраўнік беларускай дзяржавы асабліва падкрэсліў, што ва ўсіх перагаворах і дамоўленасцях пры Уга Чавесе прымаў удзел і цяперашні Прэзідэнт Венесуэлы. "Таму праблемы беларуска-венесуэльскіх адносін, пытанні, якія трэба вырашаць, ён добра ведае. Ён прымаў непасрэдны ўдзел у стварэнні фундаменту нашых адносін", - заўважыў беларускі лідар.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Венесуэлы паставіў перад сваім народам глабальную задачу па дыверсіфікацыі і мадэрнізацыі эканомікі. "Мы можам аказаць істотную падтрымку і прыняць удзел у гэтым каласальным гістарычным працэсе", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь хацела б мець у асобе Венесуэлы апорную базу для работы з усім рэгіёнам Лацінскай Амерыкі ў цэлым і канкрэтнымі дзяржавамі. "Такая задума намі была вызначана яшчэ пры Чавесе. І я ўдзячны Прэзідэнту Венесуэлы за тое, што ён мне ў гэтым плане паабяцаў падтрымку. Мы хацелі б разам з Венесуэлай эканамічна, у гандлі супрацоўнічаць з буйнымі дзяржавамі Лацінскай Амерыкі", - адзначыў беларускі лідар.
"Венесуэла заўсёды самааддана, па-сяброўску, нягледзячы на свае праблемы, падстаўляла нам у цяжкі час плячо. Я паабяцаў Прэзідэнту Венесуэлы, што беларусы ў даўгу не застануцца. Усё, што мы сёння ўмеем рабіць і што цікавіць Венесуэлу, мы павінны перанесці на венесуэльскую тэрыторыю. І, самае галоўнае, навучыць усяму гэтаму венесуэльскіх спецыялістаў", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ў Беларусі высока цэняць дружалюбныя адносіны з Венесуэлай, якая з'яўляецца адной з найбольш уплывовых і аўтарытэтных дзяржаў у Лацінскай Амерыцы. "У нас з вамі шмат агульнага, у тым ліку аднолькавае стаўленне да міжнародных праблем. Няхай за кароткі прамежак часу, але мы за апошнія гады пабудавалі фундамент тых адносін, якія будуць развівацца ў перспектыве", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што ўзаемныя візіты маюць не проста пратакольны характар, а насычаны канкрэтнымі практычнымі справамі. "Так будзе і ў далейшым. Прынамсі, мы аб гэтым толькі што дамовіліся. Мы канстатавалі той факт, што зроблена нямала, але гэта зусім няшмат адносна таго, што мы павінны зрабіць".
"Мы прынялі асноўнае рашэнне аб тым, што нам трэба павялічыць дынамізм адносін, правесці рэвізію ўсіх праблем і пытанняў, якія існуюць і існавалі раней, і выпрацаваць у выніку гэтай рэвізіі новую "дарожную карту" развіцця адносін", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, бакі дамовіліся, што не пазней за 4 жніўня ў Мінску збярэцца сумесная беларуска-венесуэльская камісія і выпрацуе канкрэтныя прапановы па "дарожнай карце", якія будуць прадстаўлены на разгляд прэзідэнтаў Беларусі і Венесуэлы.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што рэалізацыя гэтай праграмы будзе знаходзіцца пад непасрэдным кантролем двух прэзідэнтаў: "Рэвізія нашых адносін, выпрацоўка "дарожнай карты" на перспектыву, жалезнае выкананне яе мерапрыемстваў і кантроль прэзідэнтаў - такая прапанова была ўнесена Прэзідэнтам Венесуэлы".
У сваю чаргу Нікалас Мадура асабліва адзначыў, што цяперашні візіт праходзіць у дзень галоўнага дзяржаўнага свята Беларусі - Дня Незалежнасці. "Мы пацвердзілі брацкія адносіны паміж Беларуссю і Венесуэлай. На аснове дружбы і сумеснай работы мы будзем рыхтаваць новую "дарожную карту" супрацоўніцтва", - сказаў Прэзідэнт Венесуэлы.
Венесуэльскі лідар падкрэсліў, што база, якую заклалі Аляксандр Лукашэнка і Уга Чавес, грунтавалася на дружбе і гэта база вельмі трывалая. Цяпер задача заключаецца ў тым, каб, выкарыстоўваючы існуючую аснову, прадоўжыць развіваць дасягнутыя раней з Беларуссю дамоўленасці.
"Прэзідэнт Чавес быў генератарам ідэй, вялікім прыхільнікам усямернага ўмацавання супрацоўніцтва з Беларуссю. Цяпер мы пачынаем новы этап, у прадаўжэнне якога павінны дасягнуць новых поспехаў на гэтым шляху. Вы можаце разлічваць на нас як на верных сяброў і паслядоўнікаў Уга Чавеса", - падкрэсліў Прэзідэнт Венесуэлы.