Сустрэча з Прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам

  • 16

Беларусь зацікаўлена ў актыўным развіцці ўзаемадзеяння з Украінай ва ўсіх сферах. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 18 чэрвеня ў Кіеве на перагаворах з Прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам.

Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі шырокі спектр пытанняў двухбаковага ўзаемадзеяння, перш за ўсё ў гандлёва-эканамічнай сферы. Перагаворы прайшлі ў вузкім і пашыраным складах.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатова зняць усе праблемныя пытанні ў адносінах з Украінай. "Сапраўды, у нас існуе шэраг пытанняў, і мы не можам сёння не задаволіць патрабаванні нашых людзей, з украінскага і беларускага бакоў. Мы абавязаны прыняць рашэнні па ўсіх гэтых пытаннях", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Напэўна, самае лепшае было б рашэнне, а гэта ў нашых з вамі характарах і нашых народаў, абазначыўшы гэтыя пытанні, па-цёпламу іх усе вырашыць. Беларускі бок да гэтага гатовы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Віктара Януковіча. - Калі ўкраінскія спецыялісты прымуць аналагічныя рашэнні, мы здымем усе пытанні на сённяшні дзень у нашых адносінах".

Што датычыцца двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на высокі ўзровень узаемнага гандлю, які склаўся па выніках 2012 года ў суме $8 млрд. Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што краіны прайшлі вялікі шлях ад простага гандлю да стварэння на базе кааперацыі сумесных прадпрыемстваў і беларускі бок поўны рашучасці ствараць большую колькасць такіх прадпрыемстваў з лакалізацыяй ва Украіне.

Акрамя таго, Беларусь гатова прыняць удзел у праграмах аднаўлення сельскай гаспадаркі ва Украіне - не толькі пастаўляць сельскагаспадарчую тэхніку, але і ствараць сумесныя прадпрыемствы, каб мадэрнізацыя сельскай гаспадаркі ішла на аснове сучасных тэхналогій.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў таксама ўвагу на шырокія магчымасці Беларусі і Украіны ў супрацоўніцтве ў сферы дарожных, чыгуначных і марскіх перавозак, больш выгаднага выкарыстання транзітных магчымасцей дзвюх краін.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі вядзецца будаўніцтва першай АЭС, а ва Украіны ёсць каласальны вопыт эксплуатацыі атамнай станцыі, але галоўнае - ёсць спецыялісты. "Мы хацелі б, каб Украіна дапамагла нам са спецыялістамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Такія перагаворы ўжо вядуцца на ўзроўні экспертаў. "Мы на вас вельмі будзем разлічваць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Бакі дамовіліся значна актывізаваць узаемадзеянне ў энергетычнай сферы, у тым ліку па падрыхтоўцы кадраў для ядзернай энергетыкі.

Гаворачы аб двухбаковым гандлі, Віктар Януковіч адзначыў, што Беларусь і Украіна маюць значны патэнцыял, які выкарыстоўваецца не ў поўнай ступені. Прэзідэнт Украіны лічыць, што спецыялісты дзвюх краін павінны канкрэтызаваць напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва ў розных сферах. Украінскі бок настроены на больш поўнае выкарыстанне магчымасцей у самых розных напрамках супрацоўніцтва.

Кіраўнік украінскай дзяржавы звярнуў увагу і на пашырэнне магчымасцей транспартна-лагістычных сувязей.

У час перагавораў прэзідэнты таксама абмеркавалі пытанні транспарціроўкі нафты, супрацоўніцтва ў сферы АПК, выкарыстання магчымасцей сельгасмашынабудавання, а таксама ваенна-тэхнічнага, міжрэгіянальнага, прыгранічнага супрацоўніцтва.

Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што краіны маюць значныя перспектывы пашырэння ўзаемадзеяння ў электраэнергетычнай сферы, у прыватнасці шляхам забеспячэння паставак украінскай электраэнергіі ў краіны Балтыі з выкарыстаннем транзітных магчымасцей Беларусі.

Акрамя таго, краіны зацікаўлены ў павелічэнні ўзаемных паставак прадукцыі аграпрамысловага комплексу. Урадам Беларусі і Украіны даручана дэталёва прапрацаваць усе новыя перспектыўныя сумесныя праекты і ініцыятывы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь і Украіна зацікаўлены ў бесперашкодным доступе сваіх тавараў на рынкі адна адной і гатовы ўстараняць абмежавальныя меры ва ўзаемным гандлі. Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што рэзервам для нарошчвання тавараабароту з'яўляюцца пастаўкі складанатэхнічнай прадукцыі па лізінгу. На яго думку, урады дзвюх краін павінны паскорыць падрыхтоўку да падпісання міжурадавага пагаднення аб стварэнні спрыяльных умоў для актывізацыі лізінгавай дзейнасці.

Нацыянальныя банкі дзвюх краін у бліжэйшы час маюць намер прыняць сумесныя меры па пашырэнню выкарыстання ва ўзаемным гандлі сучасных фінансавых інструментаў - экспартнага крэдытавання, міжнароднага лізінгу.

Лідары дзвюх краін дамовіліся актывізаваць гандлёва-эканамічныя сувязі Беларусі і Украіны, і ў першую чаргу ў сферы вытворчай кааперацыі як найбольш развітой формы супрацоўніцтва. Найбольшую перспектыву бакі бачаць у развіцці сумесных вытворчасцей і прадпрыемстваў у галіне сельгасмашынабудавання, асваення вытворчасці гарадскога пасажырскага транспарту.

Прэзідэнты звярнулі ўвагу на неабходнасць развіцця рэгіянальнага і прыгранічнага супрацоўніцтва.

Важнай тэмай перагавораў таксама было ўзаемадзеянне ў культурнай і гуманітарнай сферах. Плануецца, што ў 2014 годзе ва Украіне пройдуць Дні беларускай культуры, а ў 2015 годзе - Дні культуры Украіны ў Беларусі.

Акрамя непасрэдна двухбаковых адносін у цэнтры ўвагі быў і інтэграцыйны парадак дня.

"Што датычыцца Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы, якая сфарміравана трыма дзяржавамі, вы ведаеце маё стаўленне да гэтага, і яно аналагічна з пазіцыяй Расіі і Казахстана: мы вельмі хацелі б, каб Украіна не проста супрацоўнічала, а была побач з намі ў Адзінай эканамічнай прасторы", - адзначыў беларускі лідар.

На думку Прэзідэнта Беларусі, "гэта будзе вельмі магутнае аб'яднанне". "Я думаю, што з такім аб'яднаннем будзе лічыцца ўвесь свет. І гэта наша агульная пазіцыя", - падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што Украіна павінна прайсці пэўны шлях, каб вывучыць ужо напрацаванае "тройкай" і глыбей разумець тыя працэсы, якія адбываюцца. "Лічу, Украіна ў бліжэйшым будучым вызначыцца адносна Еўразійскага саюза больш канкрэтна", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі прапанаваў не абвастраць сітуацыю ў гэтым пытанні. "У тым, што Украіна вядзе перагаворы з ЕС, няма нічога надзвычайнага. Расійская Федэрацыя вядзе перагаворы з Еўрасаюзам аб новым пагадненні, Казахстан вядзе такія перагаворы аб новым пагадненні з Еўрапейскім саюзам, і вядзе Украіна перагаворы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Адзінае, мы толькі хацелі б, каб Украіна не падпісала з іншымі арганізацыямі такі дагавор, які закрыў бы ёй рух у напрамку Адзінай эканамічнай прасторы і будучага Еўразійскага эканамічнага саюза".

"Мы разумеем, што ёсць такая буйная краіна, як Украіна, якая даўно вызначылася, гэта суверэнная незалежная дзяржава, якая мае права і будзе выбудоўваць свае адносіны ў інтарэсах толькі ўкраінскага народа, не перашкаджаючы, вядома, суседзям. Таму ў нас няма ніякай насцярожанасці. Але мы хацелі б, каб Украіна была нашай, бліжэйшай да нас", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"А што датычыцца мяне асабіста, Украіна не чужая мне краіна, і я ўсё буду рабіць як Кіраўнік дзяржавы, каб падтрымліваць вельмі цесныя, дружалюбныя, максімальна выгадныя для Украіны адносіны", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў зацікаўленасць Беларусі ва ўмацаванні ўзаемадзеяння з Украінай з улікам актыўнага развіцця еўразійскай інтэграцыі. "Мы гатовы да правядзення як двухбаковых, так і шматбаковых кансультацый у гэтай сферы для выпрацоўкі ўзгодненых падыходаў. Кіеў можа разлічваць на збалансаваны, зацікаўлены падыход з боку Мінска пры прыняцці рашэнняў па важных для ўкраінскага боку тэмах", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Віктар Януковіч у сваю чаргу адзначыў, што стварэнне Мытнага саюза прайшло ў адрыве Украіны ад гэтага працэсу, і за гэты час "тройкай" зроблена шмат крокаў. Паводле слоў Кіраўніка ўкраінскай дзяржавы, каб Украіна магла далучыцца да палажэнняў Мытнага саюза, неабходна было стварыць інструменты, і адным з іх стала падпісанне ў Мінску 31 мая мемарандума аб паглыбленні ўзаемадзеяння паміж Украінай і Еўразійскай эканамічнай камісіяй. "Гэта рашэнне прадыктавана выключна эканамічнымі інтарэсамі Украіны і традыцыйнымі адносінамі паміж краінамі Мытнага саюза і Украінай", - падкрэсліў Віктар Януковіч.

"Упэўнены, намаганні па развіццю ўзаемадзеяння з Мытным саюзам, а ў далейшым і Еўразійскім эканамічным саюзам будуць садзейнічаць дасягненню неабходнага прагрэсу ў эканамічным супрацоўніцтве краін і росту дабрабыту народаў", - сказаў Прэзідэнт Украіны. Ён таксама адзначыў уклад беларускіх партнёраў у развіццё дыялогу паміж Украінай і Мытным саюзам.

"Падпісанне мемарандума адпавядае інтарэсам Украіны і ніякім чынам не супярэчыць пагадненню аб асацыяцыі з ЕС", - падкрэсліў Кіраўнік украінскай дзяржавы.

Акрамя таго, Віктар Януковіч заявіў аб зацікаўленасці Украіны ў хутчэйшым уступленні Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. "Мы вітаем імкненне Беларусі стаць паўнапраўным членам СГА і зацікаўлены, каб гэта адбылося як мага хутчэй", - сказаў ён.

Па выніках перагавораў падпісаны шэраг двухбаковых дакументаў. Сярод іх пратакол аб абмене ратыфікацыйнымі граматамі дагавора паміж краінамі аб дзяржаўнай граніцы ад 12 мая 1997 года. У прысутнасці прэзідэнтаў яго падпісалі Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і Першы намеснік Міністра замежных спраў Украіны Руслан Дземчанка.

Як адзначыў Віктар Януковіч, з падпісаннем гэтага пратакола краіны далі старт дэмаркацыі сумеснай граніцы. Паводле яго слоў, хутчэйшае завяршэнне гэтага працэсу пасадзейнічае развіццю міжрэгіянальнага прыгранічнага ўзаемадзеяння.

Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі і Адміністрацыя Дзяржаўнай пагранічнай службы Украіны падпісалі пратакол аб парадку абмену інфармацыяй аб сітуацыі на дзяржаўных граніцах Беларусі і Украіны.

Міністэрства гандлю Беларусі і Дзяржаўная інспекцыя Украіны па пытаннях абароны правоў спажыўцоў падпісалі пагадненне аб асноўных напрамках супрацоўніцтва ў сферы абароны правоў спажыўцоў.

Акрамя таго, падпісаны пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы аховы і ўстойлівага выкарыстання трансгранічных прыродаахоўных тэрыторый і пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне лясной гаспадаркі.

Прэзідэнт Беларусі па выніках перагавораў адзначыў задаволенасць беларускага боку пазітыўнай дынамікай супрацоўніцтва. "Мы пацвярджаем высокую зацікаўленасць у актыўным нарошчванні нашага ўзаемадзеяння ва ўсіх сферах, - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - За гады незалежнасці мы змаглі не проста захаваць, але і значна ўмацаваць і пашырыць беларуска-ўкраінскія кантакты на ўсіх узроўнях. І сёння нашы краіны выйшлі на ўзровень сістэмнага доўгатэрміновага партнёрства".

У ходзе афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ва Украіну таксама адбылася яго сустрэча са Старшынёй Вярхоўнай Рады Украіны Уладзімірам Рыбаком. На ёй было заяўлена аб неабходнасці павышаць інтэнсіўнасць адносін на ўзроўні парламентаў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму добра знаёма работа парламентарыяў. Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што ў парламенце людзі павінны выказваць свае пункты гледжання для выпрацоўкі лепшых для краіны рашэнняў.

Уладзімір Рыбак выказаў перакананне, што развіццё беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва і напаўненне яго практычным зместам непарыўна звязана з эфектыўным узаемадзеяннем заканадаўчых галін улады дзвюх дзяржаў. Ён звярнуў увагу на важнасць візіту Прэзідэнта Беларусі ва Украіну. На яго думку, гэта паслужыць актывізацыі адносін паміж дзвюма краінамі ў розных сферах.

Старшыня Вярхоўнай Рады таксама звярнуў увагу на супрацоўніцтва ў рамках СНД. Паводле яго слоў, удзел Украіны ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў значна актывізаваўся, і ёй важны беларускі вопыт старшынства ў гэтым аб'яднанні.

У другой палавіне дня 18 чэрвеня ў гонар Прэзідэнта Беларусі быў дадзены афіцыйны абед ад імя Прэзідэнта Украіны.