Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прэзідэнтам, старшынёй праўлення Ашчаднага банка Расіі Германам Грэфам
- 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 13 верасня правёў сустрэчу з прэзідэнтам, старшынёй праўлення Ашчаднага банка Расіі Германам Грэфам.
"Вы сёння юбіляры, і мы таксама - наш агульны банк (БПБ-Ашчадны банк), ваш калектыў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы, вітаючы Германа Грэфа.
Прэзідэнт прапанаваў на сустрэчы абмеркаваць бягучыя пытанні і праблемы ў сумеснай рабоце. "Хоць банк функцыянуе, працуе, нягледзячы на пэўныя складанасці, якія ў нас узнікаюць у сувязі з праблемамі ў сусветнай эканоміцы, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Вы як эканаміст і чалавек, які займаўся ва Урадзе гэтымі праблемамі, ведаеце, што такое рэальны сектар эканомікі, што такое экспартаарыентаваная эканоміка і як цяжка працаваць, калі пакупніцкі попыт на тавары і прадукцыю спадае".
"Мы якраз гэтым цяпер заклапочаны, і дынаміка ў нас пайшла ўжо ў лепшы бок. Прынамсі, у нас няма ні спаду вытворчасці, ні спаду збыту, а наадварот - па 2-3% мы пакрыху дабаўляем па рэалізацыі прадукцыі, у тым ліку на альтэрнатыўных рынках, не толькі ў Расіі. Таму спадзяёмся, што да канца года мы сітуацыю выправім", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама папрасіў Германа Грэфа выказаць сваё меркаванне аб тым, як будзе ў далейшым развівацца эканамічная сітуацыя ў Еўропе і свеце ў цэлым, ці ёсць прыметы выхаду з рэцэсіі. "Вы гэта дакладна адсочваеце, і колькі вы мне аб гэтым ні гаварылі, ніколі не памыляліся. Калі гэта так, то ў наступным годзе мы ўжо выйдзем з гэтых праблем і складанасцей. Лічу, Ашчадны банк у гэтым вельмі зацікаўлены, таму што ўкладанні ў беларускую эканоміку ў яго вялікія і, вядома ж, вы самая зацікаўленая асоба, як і я, каб тут усё нармальна складвалася", - сказаў Прэзідэнт.
Герман Грэф расказаў, што ў БПБ-Ашчадным банку цяпер працуюць больш як 8 тыс. чалавек. "Мы цяпер шмат інвесціруем у перафармаціраванне аддзяленняў, у новыя тэхналогіі, навучанне і перападрыхтоўку людзей. Хачу сказаць, што мы атрымліваем тут вельмі ўдзячных супрацоўнікаў і вучняў. Людзі вельмі хутка ўсё асвойваюць. Мы навучаем у лепшых бізнес-школах свету кожны год 560 нашых супрацоўнікаў, і кожны год сярод іх прысутнічаюць лепшыя людзі з нашага банка ў Беларусі", - адзначыў ён.
Герман Грэф паведаміў, што 13 верасня ён пачаў сваю работу ў Мінску з наведвання Ліцэя БДУ, якому была перададзена сістэма кіравання навучальным працэсам "Віртуальная школа", распрацаваная адной з расійскіх кампаній.