Сустрэча з Прэзідэнтам Шры-Ланкі Махінда Раджапакса
- 17
Беларусь і Шры-Ланка маюць намер вывесці двухбаковае супрацоўніцтва на якасна новы ўзровень. Гэту пазіцыю пацвердзілі 26 жніўня на сустрэчы ў Мінску Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікі Шры-Ланка Махінда Раджапакса.
Адкрываючы перагаворы ў вузкім складзе, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова да цеснага супрацоўніцтва са Шры-Ланкой, а праз яе з іншымі дзяржавамі рэгіёна.
"Мы перакананы, што ў вашага народа, у вашай дзяржавы вялікае будучае. У сувязі з гэтым мы хацелі б цеснага супрацоўніцтва з вашай дзяржавай, а праз яго і з іншымі дзяржавамі рэгіёна", - сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што краіны за кароткі час выпрацавалі шэраг прапаноў па пашырэнню двухбаковага супрацоўніцтва і цяпер настаў час краінам прымаць канкрэтныя рашэнні па напрамках далейшага ўзаемадзеяння.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на падабенства праводзімых Беларуссю і Шры-Ланкой унутранай і знешняй палітык. "Ва ўнутранай палітыцы вы паставілі задачу стабілізаваць сітуацыю, забяспечыць мір і спакой на вашай зямлі, развіваеце сацыяльна арыентаваную эканоміку, у аснову ў вас пастаўлены чалавек, - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. - У знешняй палітыцы вы абсалютна міралюбівая дзяржава, на практыцы вельмі многае робіце, каб свет быў спакайнейшым, вы праціўнікі распаўсюджвання ядзернай зброі і наогул праціўнікі ўсялякіх войнаў і канфліктаў, вы выступаеце за развіццё ААН, і ў гэтым таксама падабенства нашых пазіцый".
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў вялікія поспехі, якіх дабіўся Прэзідэнт Шры-Ланкі для працвітання і стабілізацыі сітуацыі ў дзяржаве. "Пасля доўгіх гадоў канфліктаў на тэрыторыі Шры-Ланкі вы далі свайму народу не проста надзею, а гарантыю міру і спакойнага жыцця. І гэтым самым вы звярнулі на сябе, на вашу краіну погляды вельмі многіх лідараў, грамадска-палітычных дзеячаў розных дзяржаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Махінда Раджапакса адзначыў, што Шры-Ланка выступае за ўмацаванне дружалюбных адносін з Беларуссю. Ён звярнуў увагу на важнасць таго, што ў беларускай дзяржаве ўстаноўлены мір, што з'яўляецца добрай асновай для развіцця дзяржавы.
На сустрэчы сам-насам кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі ўвесь спектр двухбаковых адносін і пацвердзілі ўзаемны намер вывесці беларуска-ланкійскае супрацоўніцтва на якасна новы ўзровень.
Больш прадметна аб напрамках пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва прэзідэнты вялі размову на сустрэчы ў пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый дзвюх краін.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў вагу на важнасць развіцця гандлёва-эканамічных адносін. На яго думку, існуючы паміж краінамі тавараабарот у памеры каля $50 млн. не адпавядае магчымасцям дзвюх дзяржаў. "Мы поўныя рашучасці значна яго развіваць і давесці да больш значнага ўзроўню", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Галоўнае для нас цяпер - падвесці эканамічную базу пад наша супрацоўніцтва, развіваць гандлёва-эканамічныя адносіны", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на важнасць правядзення ў Мінску беларуска-ланкійскага бізнес-форуму і выказаў упэўненасць, што ў выніку візіту Прэзідэнта Шры-Ланкі бакі змогуць выйсці на некалькі канкрэтных напрамкаў супрацоўніцтва, каб потым вакол іх фарміраваць гандлёва-эканамічныя адносіны. Махінда Раджапакса запрасіў беларускія дзелавыя колы наведаць у лістападзе Шры-Ланку.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гандлёвых узаемаадносінах беларускі бок гатовы выкарыстоўваць сучасныя інструменты, механізмы лізінгу, экспартнага крэдытавання і страхавання. Беларусь зацікаўлена ва ўключэнні беларускай машынабудаўнічай прадукцыі ў дзяржаўныя праграмы Шры-Ланкі.
Прэзідэнт Беларусі прапанаваў рэалізаваць шэраг буйных двухбаковых праектаў са Шры-Ланкой. "Мы зацікаўлены гандляваць з тэрыторыі Шры-Ланкі на гіганцкіх рынках Інданезіі, Паўднёва-Усходняй Азіі і асабліва Індыі, тым больш што ў вас з гэтымі дзяржавамі вельмі выгадны ў падатковых адносінах гандаль", - сказаў беларускі лідар.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Шры-Ланцы стварэнне сумесных прадпрыемстваў і нарошчванне паставак беларускай тэхнікі.
"Мы гатовы ісці на стварэнне сумесных прадпрыемстваў на вашай зямлі, і такія прапановы ўжо напрацаваны спецыялістамі дзвюх краін. Думаю, у бліжэйшы час мы на практыцы зможам рэалізаваць гэтыя праекты", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў зацікаўленасць у тым, каб ланкійскі бізнес інвесціраваў у Беларусь, тым больш што шырокія магчымасці для гэтага адкрывае ўдзел краіны ў Мытным саюзе.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што ў краін ёсць значны патэнцыял у развіцці адносін у сферах адукацыі, ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, навукі, культуры, спорту. Кіраўнік беларускай дзяржавы запэўніў, што Беларусь будзе і ў далейшым аказваць падтрымку ў падрыхтоўцы спецыялістаў Шры-Ланкі па любых напрамках.
Яшчэ адным перспектыўным напрамкам развіцця адносін з'яўляецца турызм. "Мы ведаем, што Шры-Ланка вельмі сур'ёзна займаецца развіццём турыстычнай індустрыі, - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Мы вялі размову аб адкрыцці прамога маршруту з Беларусі ў Шры-Ланку для перавозкі турыстаў".
"Беларусь высока цэніць дружалюбныя адносіны са Шры-Ланкой. Наш дыялог заснаваны на даверы і ўзаемнай павазе, што дае магчымасць знаходзіць узаемаразуменне па шырокаму колу пытанняў", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што беларуска-ланкійскія адносіны набылі апошнім часам дакладную станоўчую дынаміку.
"Сёння ў ходзе перагавораў мы пацвердзілі ўзаемны намер вывесці беларуска-ланкійскае супрацоўніцтва на самы высокі ўзровень. А для гэтага неабходна наладзіць прамыя кантакты паміж заканадаўчымі органамі дзвюх краін, актывізаваць міжпарламенцкі дыялог, прычым не толькі на двухбаковым узроўні, але і ў рамках міжнародных арганізацый", - лічыць беларускі лідар.
Прэзідэнт Беларусі запэўніў свайго ланкійскага калегу ў тым, што беларускі бок зробіць усё неабходнае для рэалізацыі дасягнутых у час перагавораў дамоўленасцей. "Закрытых тэм у нашым супрацоўніцтве абсалютна няма, мы будзем развіваць адносіны па ўсіх напрамках, якія будуць вас цікавіць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння мы адкрываем новую старонку нашых адносін. Беларускі бок поўны рашучасці вельмі хутка і эфектыўна прайсці гэты шлях".
Прэзідэнт Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікі Шры-Ланка падкрэсліў важнасць таго, што гэты візіт - першы ў гісторыі двухбаковых адносін Беларусі і Шры-Ланкі, які пацвярджае зацікаўленасць абедзвюх дзяржаў ва ўмацаванні ўзаемавыгадных кантактаў.
"Я прыехаў у Мінск як сябар вашай краіны і хачу запэўніць у рашучым намеры Шры-Ланкі развіваць усебаковыя адносіны з Беларуссю", - сказаў Махінда Раджапакса. Ён таксама запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць Шры-Ланку.
Па выніках перагавораў бакі падпісалі восем міжнародных дакументаў, якія пашыраюць супрацоўніцтва па шэрагу напрамкаў.
У прыватнасці, падпісаны міжурадавыя пагадненні аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, аб бязвізавых паездках для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў, аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў адносна падаткаў на даходы, аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, аб кантактах у сферы турызму.
Заключаны таксама дагавор паміж Беларуссю і Шры-Ланкой аб узаемнай прававой дапамозе па крымінальных справах, Мемарандум аб узаемаразуменні паміж міністэрствамі юстыцыі дзвюх краін па пытаннях узаемнага супрацоўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што падпісаныя бакамі дакументы пакладуць пачатак фарміраванню нарматыўна-прававой базы двухбаковых адносін.
Прэзідэнты Беларусі і Шры-Ланкі падпісалі таксама сумесную заяву, у якой пацвердзілі курс на ўсебаковае развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.
У дакуменце бакі выказалі задавальненне канструктыўным характарам палітычнага дыялогу на вышэйшым і высокім узроўнях, пацвердзілі намер прадаўжаць аказваць узаемную падтрымку адзін аднаму на міжнароднай арэне, сумесна выступаць супраць спроб выкарыстання ААН у якасці інструмента палітычнага націску.
Кіраўнікі дзвюх дзяржаў выказалі гатоўнасць далейшага нарошчвання ўзаемнага гандлю, пашырэння супрацоўніцтва ў сферах інжынерных тэхналогій і машынабудавання, сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці, будаўніцтва, нафтахіміі, у тым ліку за кошт стварэння сумесных прадпрыемстваў і вытворчасцей.
Лідары падкрэслілі важную ролю Шры-Ланкі як лагістычнага цэнтра марскіх перавозак, адзначылі патэнцыял гэтай дзяржавы ў галіне наладжвання гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння Беларусі з краінамі Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі.
Акрамя таго, Беларусь і Шры-Ланка пацвердзілі неабходнасць стварэння сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву, якая стане дзейсным механізмам у развіцці гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Шры-Ланкой.
Аляксандр Лукашэнка і Махінда Раджапакса дамовіліся прадаўжаць абмен візітамі і падкрэслілі неабходнасць нарошчвання рэгулярных кантактаў на розных узроўнях.