Сустрэча з прэзідэнтам кампаніі "Рыяда Груп" Шэйхай Дэяй бінт Ібрахім аль-Халіфай

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, знаходзячыся з дзяржаўным візітам у Сінгапуры, 20 сакавіка сустрэўся з прэзідэнтам холдынгавай кампаніі "Рыяда Груп" Шэйхай Дэяй бінт Ібрахім аль-Халіфай і абмеркаваў планы па сумеснай рабоце.

    "Гэта ж трэба было ехаць на край свету, каб сустрэцца тут і абмеркаваць наша пытанне, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але наколькі я інфармаваны аб нашых сумесных планах, то дзеля іх рэалізацыі варта было ехаць так далёка".

    Шэйха Дэя бінт Ібрахім аль-Халіфа ў сваю чаргу адзначыла, што існуе шэраг канкрэтных планаў, якія неабходна завяршыць. "Мы коратка абмеркавалі з Уладзімірам Сямашкам (Першы віцэ-прэм'ер Беларусі) магчымасці нашага сумеснага супрацоўніцтва, у прыватнасці арганізацыю вытворчасці і пачатак сумеснай работы", - сказала яна.

    Беларусь зацікаўлена ў асваенні новых рынкаў збыту сваёй прадукцыі. У сувязі з гэтым устанаўленне кантактаў з кампаніяй "Рыяда Груп", якая з'яўляецца адной з буйнейшых у краінах Персідскага заліва і Блізкага Усходу, мае для беларускай дзяржавы значны інтарэс. У канцы 2012 года прадстаўнікі "Рыяда Груп" наведвалі Беларусь, вывучаючы магчымасці пастаўкі прадукцыі буйных беларускіх прадпрыемстваў па дагаворах міжнароднага лізінгу з выкарыстаннем ісламскага фінансавання з боку кампаній "Рыяда Груп". У прыватнасці, плануюцца пастаўкі прадукцыі Мінскага аўтамабільнага завода, Беларускага аўтамабільнага завода, "Амкадора", "Белкамунмаша", арганізацыя зборкі пасажырскай тэхнікі ў Амане, сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці прадуктаў харчавання. Акрамя таго, "Рыяда Груп" выказвае зацікаўленасць у прыцягненні ВА "Беларуснафта" да ўдзелу ў нафтагазавых праектах на Блізкім Усходзе.

    Шэйха Дэя бінт Ібрахім аль-Халіфа ўвогуле звязана з кіраваннем больш як 30 сумеснымі прадпрыемствамі на тэрыторыі Блізкага Усходу, Паўночнай Афрыкі, Еўропы. У тым ліку яна з'яўляецца членам савета дырэктараў прыватнай інвестыцыйнай кампаніі "Сан Кэпітал Інвестмент" (капіталізацыя кампаніі складае $8 млрд.), партнёрам Саудаўскага інвестыцыйнага банка (памер актываў - больш як $13 млрд.). У 2012 годзе ў рэйтынгу часопіса "Форбс" яна заняла 77-е месца сярод найбольш уплывовых жанчын арабскага свету. З'яўляецца членам каралеўскай сям'і Бахрэйна.

    Заўтра Кіраўнік беларускай дзяржавы правядзе перагаворы з Прэзідэнтам гэтай краіны Тоні Тан Кенг Ямам, сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Сінгапура Лі Сянь Лунам.