Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Прэзідэнтам Эквадора Рафаэлем Карэа Дэльгада
Эквадор прапануе Беларусі супрацоўніцтва ў сферы нафтаздабычы, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, транспарту. Гэтыя перспектыўныя напрамкі развіцця двухбаковых адносін абмяркоўваліся 28 чэрвеня ў Кіта на перагаворах Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Эквадора Рафаэлем Карэа Дэльгада.
"У нас абсалютна няма закрытых тэм для перагавораў, і мы гатовы выканаць любую вашу просьбу, калі зможам гэта зрабіць. Навука, новыя тэхналогіі, асобныя напрамкі арганізацыі эканомікі - усё, што вас зацікавіць, мы з задавальненнем вам пакажам. І калі вам будзе выгадна, то мы дапаможам перанесці той вопыт Беларусі, які мы маем, на эквадорскую зямлю", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што ў яго паездцы па краінах Лацінскай Амерыкі візіт у Эквадор займае асаблівае месца, паколькі ў іншых краінах, якія ён наведваў цяпер, раней неаднойчы бываў. Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што ў яго ёсць і асабісты інтарэс, паколькі, займаючыся гісторыяй, шмат увагі ўдзяляў вывучэнню гэтага рэгіёну. "Я шмат прачытаў пра краіну напярэдадні гэтага візіту, але тое, што ўбачыў, шчыра кажучы, мяне вельмі ўразіла і перш за ўсё гэты ўнікальны горад - ваша сталіца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Упэўнены, што гэта не апошні візіт у Эквадор".
Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама запрасіў свайго калегу наведаць Беларусь. "Наша супрацоўніцтва будзе вельмі эфектыўнае і дынамічнае, калі вы пабываеце ў Беларусі і самі ўбачыце ўсё тое, што мы маем", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.
У сваю чаргу Рафаэль Карэа Дэльгада выказаў упэўненасць, што гэты візіт Кіраўніка беларускай дзяржавы ўмацуе дружалюбныя адносіны паміж Беларуссю і Эквадорам. "Нам вядома пра Беларусь, што яна з'яўляецца высокаразвітой краінай, мае высокія тэхналогіі, займае сваё трывалае месца ў свеце", - сказаў ён. - Я бачу, што Беларусь можа многае прапанаваць Эквадору. У нас вельмі вялікія гарызонты супрацоўніцтва. І мы бачым, што нашы адносіны будуюцца не толькі на камерцыйнай аснове, але і на аснове дружбы".
Кіраўнік эквадорскай дзяржавы звярнуў увагу на тое, што Беларусь была тэхналагічным цэнтрам былога Савецкага Саюза і цяпер у ёй застаўся тэхналагічны патэнцыял, які быў мадэрнізаваны.
Прэзідэнт Эквадора лічыць, што ў краін існуюць вялікія магчымасці для ўзаемных інвестыцый, тэхналагічнага супрацоўніцтва. Рафаэль Карэа Дэльгада адзначыў, што Беларусь мае сучасныя тэхналогіі ў галіне нафтаздабычы і, на яго думку, магла б дапамагчы Эквадору ў аптымізацыі радовішчаў, якія ўжо ёсць, і пошуку новых на паўднёвым захадзе краіны.
Акрамя таго, Беларусь магла б аказаць дапамогу ў сферах транспарту, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва. "Мы шмат робім цяпер у нашай краіне па развіццю транспартнай інфраструктуры, аснашчэнню транспартнай галіны. Беларусь мае вялікія магчымасці для гэтай работы", - сказаў Прэзідэнт Эквадора. - Сферы транспарту і сельскай гаспадаркі маглі б стаць сапраўднымі пунктамі адліку для развіцця нашых кантактаў".
Добрыя перспектывы ёсць і для супрацоўніцтва ў будаўнічай галіне. "Мы ведаем, што Беларусь з'яўлялася эксперыментальнай базай для развіцця тэхналогій у будаўніцтве з часоў Савецкага Саюза. У Эквадоры цяпер дэфіцыт у памеры 1 млн. кватэр. І Беларусь магла б дапамагчы ў вырашэнні гэтай задачы", - сказаў Прэзідэнт Эквадора.
Краіны маглі б наладзіць актыўнае супрацоўніцтва ў сферы навукі і тэхналогій, адукацыі. "Мы маем узаемадапаўняльныя эканомікі. Нашы краіны розныя, і мы можам многае прапанаваць адзін аднаму", - упэўнены Рафаэль Карэа Дэльгада.
Гаворачы аб эканамічнай састаўной частцы адносін, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што бакі могуць значна павялічыць узаемны тавараабарот, які пакуль не адпавядае патэнцыялу дзвюх дзяржаў.
У гэтым плане на перагаворах была адзначана важнасць арганізацыі гандлю без пасрэднікаў. "Мы бачым, што, паводле даных статыстыкі, аб'ёмы ўзаемнага гандлю вельмі малыя, але тыя тавары, якія пастаўляюцца ў Беларусь з Эквадора, ідуць праз пасрэднікаў, у прыватнасці, праз Расію. І мы бачым, што Беларусь магла б пастаўляць нам многія тавары без пасрэднікаў", - адзначыў Прэзідэнт Эквадора.
"У нас ёсць добрыя перспектывы для актывізацыі двухбаковых адносін. І мы ўпэўнены, што гэты візіт пакладзе пачатак новаму этапу іх развіцця", - падкрэсліў Прэзідэнт Эквадора.
"Мы прыехалі не толькі пазнаёміцца з вашай цудоўнай краінай, паглядзець на вашу ўнікальную сталіцу, мы хацелі б пазнаёміцца з вашай эканомікай, дзяржавай, грамадствам", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён падкрэсліў, што па ўсіх тых асноўных напрамках супрацоўніцтва, якія вылучыў Прэзідэнт Эквадора, Беларусь поўная рашучасці супрацоўнічаць.
"Галоўнае ў ажыццяўленні гэтых напрамкаў тое, што мы не толькі па вашаму жаданню створым тут вытворчасці, неабходныя вам, але перш за ўсё навучым вашых спецыялістаў ствараць такія прадпрыемствы і працаваць на іх", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі расказаў, што краіны дамовіліся для пачатку вызначыць некалькі напрамкаў супрацоўніцтва, выбраць тры-чатыры канкрэтныя праекты для рэалізацыі ў бліжэйшы час, з тым каб эквадорскі бок мог убачыць, што Беларусь можа і прапануе да супрацоўніцтва.
"Прэзідэнт Эквадора правільна гаворыць, што немагчыма развіваць эканоміку, не маючы нармальнай інфраструктуры і транспартных сродкаў. Мы гэта ўсё можам рабіць у Беларусі і гатовы ствараць тут адпаведныя вытворчыя аб'екты і навучыць вашых спецыялістаў на іх працаваць", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў эквадорскаму боку паглядзець на аб'екты, пабудаваныя сіламі беларускіх спецыялістаў у Венесуэле, у тым ліку па жыллёваму будаўніцтву. "Калі вас задаволіць, мы гатовы супрацоўнічаць", - дадаў ён.
"Мы прынялі прапанову аб інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва ў адукацыі, навуцы, навукова-тэхнічнай сферы. Таму калі ласка ў Мінск, мы вам усё пакажам, каб вы маглі пераканацца ў нашых магчымасцях", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў эквадорскаму боку за душэўную ўвагу і цеплыню ў час візіту. "Гэта вельмі важна ў будаўніцтве фундаменту нашых будучых адносін. І я ўпэўнены, што яны будуць вельмі рэзультатыўныя і эфектыўныя", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Дасягнута дамоўленасць аб стварэнні двухбаковай камісіі па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву. Адпаведны мемарандум падпісаны па выніках перагавораў на вышэйшым узроўні.
Таксама падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і Інстытутам папулярызацыі экспарту і інвестыцый Эквадора. Акрамя таго, былі падпісаны міжурадавыя пагадненні аб бязвізавых паездках па дыпламатычных, афіцыйных і службовых пашпартах, а таксама аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, навукі, тэхналогій і інавацый.
Бакі таксама падпісалі пратакол аб намерах па арганізацыі супрацоўніцтва ў сферы гарадскога і рэгіянальнага планавання і жыллёвага будаўніцтва.
У ходзе перагавораў было адзначана і падабенства пазіцый Беларусі і Эквадора па большасці актуальных пытанняў міжнароднага парадку дня.
Прэзідэнты сышліся ў поглядах аб неабходнасці рэфармавання і дэмакратызацыі ААН. Такую пазіцыю кіраўнікі дзяржаў пацвердзілі ў сумесным камюніке, прынятым па выніках перагавораў у Кіта.
Прэзідэнты дамовіліся праводзіць палітыку ўзаемнай падтрымкі ініцыятыў і кандыдатур абедзвюх краін у рамках міжнародных арганізацый. Кіраўнікі дзяржаў пацвердзілі свае абавязацельствы адносна пашырэння ідэй усеагульнага раззбраення і знішчэння зброі масавага паражэння.
Акрамя таго, лідары дзвюх краін падзяляюць погляды наконт неабходнасці захавання норм міжнароднага права, абароны правоў чалавека і падкрэслілі сваю прыхільнасць да ўмацавання міжнароднага міру і бяспекі.
Кіраўнікі дзяржаў таксама пацвердзілі сваю зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва ў мэтах умацавання энергетычнай бяспекі, аховы навакольнага асяроддзя, выкарыстання чыстай энергіі, усебаковага развіцця прамысловага і сельскагаспадарчага патэнцыялу дзвюх краін.
Прэзідэнты лічаць неабходным процідзейнічаць найбольш вострым выклікам сучаснасці, уключаючы глабальнае пацяпленне і змяненне клімату, у тым ліку праз усямерную падтрымку мер, накіраваных на ўстойлівае развіццё ў эканоміцы, сацыяльнай сферы і экалогіі.
Кіраўнікі дзяржаў пацвердзілі намер падтрымліваць пастаянны дыялог на вышэйшым узроўні для забеспячэння цеснага і канструктыўнага ўзаемадзеяння народаў Беларусі і Эквадора, што таксама замацавана ў сумесным камюніке.