Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Прэм'ер-міністрам В'етнама Нгуен Тан Зунгам

  • 1
Беларусь разлічвае ў бліжэйшыя гады ў гандлі з В'етнамам перасягнуць рубеж у памеры паўмільярда долараў. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэм'ер-міністрам Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам Нгуен Тан Зунгам.

"Мы маем тыя тавары, якія патрэбны В'етнаму, вы маеце шмат тавараў, якія патрэбны нам. Таму наша задача - у бліжэйшыя гады перасягнуць хоць бы паўмільярдны рубеж у нашым тавараабароце", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова да вельмі цеснага супрацоўніцтва з В'етнамам. "Нам вельмі важна супрацоўніцтва з вамі, каб разам з вамі выйсці на рынкі суседніх дзяржаў, трэціх краін. І гэта будзе выгадна нам, але не ва ўрон для В'етнама", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што ў выніку гэтага візіту ў Беларусь Прэм'ер-міністра В'етнама адносіны паміж дзвюма краінамі інтэнсіфікуюцца па ўсіх напрамках. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ўзровень тавараабароту амаль $200 млн. не адпавядае патэнцыялу дзвюх дзяржаў. "Цяперашні тавараабарот - гэта не наш тавараабарот з такой гіганцкай краінай, дзе 90 млн. насельніцтва, якой з'яўляецца В'етнам. Тым больш што В'етнам належыць да краін, з якімі ў нас няма праблем", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў двухбаковых адносінах няма закрытых тэм. "Мы ні ад каго не ўтойваем, мы можам супрацоўнічаць па ўсіх напрамках: ад паставак звычайных грамадзянскіх тавараў да ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі і В'етнама зусім няма разыходжанняў па міжнародным парадку дня, краіны заўсёды прытрымліваюцца аднолькавай пазіцыі. "Мы разглядаем вашу прапанову па выбранню В'етнама ў выбарныя органы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Паверце, што мы да гэтых пытанняў ставімся, як вашы сябры", - запэўніў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што В'етнам з'яўляецца для Беларусі ключавой дзяржавай у Паўднёва-Усходняй Азіі па шэрагу прычын. "Але галоўная прычына таго, што мы арыентуемся перш за ўсё на В'етнам, у тым, што мы даўнія сябры, мы ведаем адзін аднаго даўно, мы былі разам з вамі ў самыя цяжкія часы, якія мы перажывалі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Наш народ вельмі добра ведае В'етнам, вельмі станоўча ўспрымае нашы дружалюбныя адносіны з В'етнамам. Мы і ў далейшым будзем прытрымлівацца такой лініі", - сказаў Прэзідэнт.

У сваю чаргу Прэм'ер-міністр В'етнама адзначыў, што абедзьве краіны звязваюць моцныя і даўнія вузы дружбы. Ён падкрэсліў, што в'етнамскі народ ніколі не забудзе дапамогі, аказанай беларусамі ў цяжкія часы. "Хачу запэўніць, што в'етнамскае кіраўніцтва, в'етнамскі народ поўныя рашучасці і палітычнай волі зрабіць усё ад нас залежнае, каб сумесна з беларускімі сябрамі супрацоўнічаць па ўсіх напрамках і ўзняць двухбаковыя адносіны на больш якасны ўзровень", - сказаў Нгуен Тан Зунг.