Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Прэм'ер-міністрам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым

    Чалавецтва павінна быць удзячна народам, якія перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 7 мая ў Маскве на сустрэчы з Прэм'ер-міністрам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым. Кіраўнік беларускай дзяржавы знаходзіцца ў Маскве з рабочым візітам.

    "Мы нашу Перамогу нікому не аддадзім, нам чалавецтва павінна быць удзячна за гэту Перамогу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    Беларускі лідар падкрэсліў, што беларусам няма чаго саромецца перад тымі пакаленнямі, якія прынеслі Перамогу.

    "У Беларусі ніколі не было ваганняў, мы заўсёды святкавалі Дзень Перамогі як самае вялікае свята", - заявіў Прэзідэнт. Ён таксама запрасіў Дзмітрыя Мядзведзева ў час яго бліжэйшага візіту ў Мінск наведаць новы музей Вялікай Айчыннай вайны, які сімвалізуе адносіны беларускага народа да памяці аб гераізме савецкіх народаў.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго візіт у Расію праходзіць напярэдадні Дня Перамогі не выпадкова. "Мы прыехалі, каб павіншаваць расіян з гэтым вялікім святам", - сказаў ён.

    Дзмітрый Мядзведзеў папрасіў перадаць віншаванні беларускім ветэранам ад Урада Расіі. "У нашых краінах Дзень Перамогі вельмі шануюць, яго адзначаюць усе пакаленні. Гэта традыцыя не можа быць падвергнута ніякай дэвальвацыі", - сказаў Прэм'ер-міністр Расіі.

    На сустрэчы Прэзідэнт Беларусі таксама заявіў, што паміж Расіяй і Беларуссю няма невырашальных пытанняў.

    "У нас няма невырашальных пытанняў, нам трэба толькі не спыняцца і рухацца наперад", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь, Расія і Казахстан знаходзяцца напярэдадні важнай падзеі - падпісання дагавора аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза, у сувязі з чым нагадаў, што менавіта Дзмітрый Мядзведзеў, знаходзячыся на пасадзе Прэзідэнта Расіі, ставіў свой подпіс пад дагаворам аб стварэнні Мытнага саюза. "І калі б тады не жаданне і воля Расіі, нашага саюза не было б", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

    Прэм'ер-міністр Расіі падкрэсліў, што беларускае і расійскае супрацоўніцтва пастаянна рухаецца наперад, бакі ўзаемадзейнічаюць у рамках Саюзнай дзяржавы і Мытнага саюза. "Нашы двухбаковыя адносіны вельмі важныя, тым больш на фоне эканамічнай сітуацыі ў свеце і Еўропе", - сказаў Дзмітрый Мядзведзеў.