Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прэм'ер-міністрам Азербайджана Артурам Расі-задэ

    Азербайджан для Беларусі з'яўляецца адной з прыярытэтных дзяржаў для развіцця супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 20 чэрвеня на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Азербайджана Артурам Расі-задэ.

    Прэзідэнт падкрэсліў, што для Беларусі Азербайджан з'яўляецца адной з блізкіх краін, а паміж лідарамі дзвюх дзяржаў традыцыйна існуюць добрыя адносіны. "У нас вельмі паспяхова развіваецца супрацоўніцтва ва ўсіх сферах. Нягледзячы на пэўныя складанасці і праблемы (а яны заўсёды існуюць), нам удалося пазбегнуць закрытых тэм у нашым супрацоўніцтве. Мы абсалютна адкрытыя для вас: няма той наменклатуры тавараў, якія мы не можам пастаўляць вам або якія вы не можаце прадаваць у нас, няма забароненых тэм для стварэння сумесных прадпрыемстваў, што мы і робім у Азербайджане", - адзначыў беларускі лідар.

    "Хачу вас папрасіць, каб вы помнілі, што ў вас ёсць вельмі блізкая краіна Беларусь і сюды можна прыходзіць з інвестыцыямі. Мы заўсёды будзем вас падтрымліваць. Азербайджан з'яўляецца для нас адной з прыярытэтных дзяржаў, і мы вельмі добра помнім тыя часы, калі нам было вельмі складана і цяжка, і вы літаральна на працягу некалькіх дзён падставілі нам плячо. Вы павінны разумець, што мы для вас з'яўляемся самым блізкім сябрам і зацікаўлены ў вырашэнні ўсіх вашых праблем, нават самых вострых. І калі мы што-небудзь зможам зрабіць у гэтым плане, вы можаце на нас разлічваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.