Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Паслом Ірана ў Беларусі Сеедам Абдалой Хасейні
Беларусь гатова пашыраць інвестыцыйнае і эканамічнае сурацоўніцтва з Іранам. Гэта адзначыў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 10 снежня на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь Сеедам Абдалой Хасейні ў сувязі з завяршэннем яго дыпламатычнай місіі ў нашай краіне.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сустракаецца не з кожным паслом, які пасля завяршэння сваёй дыпламатычнай місіі пакідае Беларусь, а звычайна - з сябрамі: "Я гэтага не скрываю і хачу сказаць, што развітвацца з сябрамі заўсёды шкада".
Пры гэтым Прэзідэнт выказаў надзею, што кіраўніцтва Ірана знойдзе такога ж дастойнага пасла, каб Беларусь развівала адносіны з іранскай дзяржавай і народам. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, "што мы ў гэтым вельмі зацікаўлены - і не толькі развіваць нашы адносіны ў тым жа рэчышчы, але і штосьці дабаўляць, я на гэта вельмі спадзяюся".
Кіраўнік дзяржавы перадаў самыя добрыя пажаданні Прэзідэнту і духоўнаму лідару Ірана.
"Што датычыцца нашых адносін з Іранам у сферы палітыкі, у нас няма абсалютна ніякіх праблем. У нас падобныя пункты гледжання на светаўладкаванне і тое, як развіваецца свет, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы актыўныя прыхільнікі шматпалярнасці, неўмяшання ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў".
Пры гэтым Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў: "Што датычыцца эканомікі, то, нягледзячы на вялікія праблемы, якія сёння існуюць у свеце, і нягледзячы на той беспрэцэдэнтны націск, які ў эканамічных і фінансавых адносінах аказваецца на Іран, мы ўсё ж маем адносна нядрэнны двухбаковы тавараабарот. Хоць ён у гэтым годзе крыху зменшыўся".
Кіраўнік дзяржавы таксама акцэнтаваў увагу на тым, што некаторыя беларуска-іранскія праекты аказаліся нерэалізаваныя: "Так, можна гаварыць, што гэта адбылося з-за названых праблем у глабальнай эканоміцы, у сувязі з націскам на Іран - гэта асноўнае, чаму мы страцілі некаторыя праекты. Але ўсё ж, нягледзячы на гэта, мы недзе недапрацавалі. Перадайце кіраўніцтву Ірана, што мы вельмі разлічваем на актывізацыю гэтага супрацоўніцтва і гатовы прыняць інвестыцыі іранскага бізнесу, дзяржавы ў выгадным для Ірана ключы".
У сваю чаргу Сеед Абдала Хасейні падкрэсліў, што Беларусь і Іран за апошнія пяць гадоў значна пашырылі напрамкі ўзаемадзеяння. Дыпламат адзначыў, што за час яго работы ў Беларусі зроблены захады па развіццю двухбаковых адносін. "Калі я прыехаў у Мінск у верасні 2008 года, то іранскія інвестыцыі ў Беларусь складалі амаль $6 млн., у снежні 2012 года гэты паказчык дасягнуў больш як $960 млн. у выглядзе банкаўскага капіталу і інвестыцыйных праектаў", - падкрэсліў Сеед Абдала Хасейні.
Паводле яго слоў, тавараабарот паміж Беларуссю і Іранам за чатыры гады павялічыўся ў тры разы.
На працягу чатырох гадоў двухбаковае супрацоўніцтва пашырылася з 10 да 75 напрамкаў у эканоміцы, навуцы і культуры.