Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з намеснікам Старшыні Урада Расіі Дзмітрыем Рагозіным

    Беларусь і Расія гатовы пашыраць супрацоўніцтва ў ваенна-прамысловай сферы. Аб гэтым ішла размова 1 красавіка на сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з намеснікам старшыні Урада Расійскай Федэрацыі, старшынёй Ваенна-прамысловай камісіі пры Урадзе РФ Дзмітрыем Рагозіным.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яму вельмі прыемна бачыць Дзмітрыя Рагозіна ў Мінску "як блізкага і роднага чалавека і па ідэалогіі, і наогул па душы". Аляксандр Лукашэнка сказаў, што трэба абмеркаваць шэраг дзяржаўных пытанняў. "Напэўна, ёсць нейкія праблемы ў гэтым плане. Можна сказаць, што тая сітуацыя, якая складваецца вакол нас, будзем шчырымі, не вельмі нам падабаецца, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - У гэтым плане мы дакладна і выразна заявілі аб тым, што нам трэба быць бліжэйшымі адзін з адным. І ў любой сітуацыі мы будзем з Расіяй". Прэзідэнт таксама лічыць, што трэба спыніць усялякія інсінуацыі на гэту тэму.

    Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра сітуацыю з Іракам, калі яго разбамбілі амерыканцы. "Пасля гэтай бамбёжкі ўсе разумелі, што гэта абсалютна няправільна, несправядліва, тым не менш яны адназначна сталі на бок амерыканцаў, таму што яны саюзнікі", - заўважыў Прэзідэнт.

    Кіраўнік дзяржавы задаў слушнае пытанне: "А чаму мы павінны займаць іншую пазіцыю, калі ў нас саюзнік Расія, і такі - адзіны саюзнік". "Вось і ўся логіка. Ёсць і іншыя фактары, таму мы дзейнічаем зыходзячы з сітуацыі, абстаноўкі, у інтарэсах нашай дзяржавы і ў інтарэсах нашага адзінага стратэгічнага саюзніка", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    "У сувязі з гэтым мы таксама гэтага не ўтойваем, мы вельмі інтэнсіўна развіваем супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сферы, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Мы мадэрнізуем свой ваенна-прамысловы комплекс, спрабуем вырабіць новую прадукцыю на нашых прадпрыемствах. Але паколькі гэта некалькі дзясяткаў высокатэхналагічных прадпрыемстваў, мы разумеем, што калі будзем цесна звязаны з расійскім ВПК, расійскімі прадпрыемствамі, то больш эфектыўна правядзём мадэрнізацыю. І самае галоўнае, што гэта прадукцыя будзе запатрабавана з-за сваёй спецыфікі, перш за ўсё, у нашай Расіі. Мы гэта цудоўна разумеем".

    У сваю чаргу Дзмітрый Рагозін сказаў аб тым, што Расія зацікаўлена развіваць супрацоўніцтва з Беларуссю ў ваенна-прамысловай сферы. Ён падкрэсліў, што мэта прыезду ў Мінск - паглядзець, што яшчэ можна зрабіць у гэтым напрамку з улікам новай сітуацыі.

    Паводле слоў віцэ-прэм'ера, вельмі важна прадоўжыць пачатую сумесную работу. Дзмітрый Рагозін, у прыватнасці, расказаў, што "некалькі месяцаў таму адбылося сумеснае пасяджэнне Ваенна-прамысловай камісіі, дзе разам з беларускімі прадстаўнікамі абмяркоўвалі, як выбудоўваць руціну, у добрым сэнсе гэтага слова, узаемнай стабільнай кааперацыі, каб усім было зразумела, на колькі гадоў разлічана гэта работа, і можна было планаваць развіццё вытворчасці".

    Віцэ-прэм'ер таксама сказаў, што тэма Украіны вельмі хвалюе яго, паколькі ён некаторы час жыў у Кіеве. Ён нагадаў, што згодна з даручэннем Прэзідэнта Расіі ў снежні ўзначальваў дэлегацыю расійскіх прамыслоўцаў у час візіту ва Украіну. "Мы аб'ехалі ўвесь усход Украіны, пабывалі ў Кіеве, правялі вельмі плённыя перагаворы з украінскімі прамыслоўцамі. І вельмі крыўдна сёння, што напрацаванае ў расійска-ўкраінскіх адносінах у галіне абаронна-прамысловага супрацоўніцтва рэжацца ўкраінскім бокам па прынцыпе "на злосць бабулі сабе вушы адмарожу", - сказаў Дзмітрый Рагозін.

    У сувязі з гэтым ён падкрэсліў: "У нас ёсць магутная падтрымка з боку беларускіх прамыслоўцаў, і мэта сённяшняга прыезду - каб мы маглі зрабіць яшчэ больш з улікам існуючай сітуацыі".