Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Міністрам замежных спраў Бангладэш Дзіпу Моні
Беларусь прапануе Бангладэш выбудоўваць стратэгічныя двухбаковыя адносіны. Аб гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 24 мая, сустракаючыся з Міністрам замежных спраў Бангладэш Дзіпу Моні.
"Мы чакалі гэтага візіту. Вельмі спадзяёмся на тое, што ён закладзе фундамент нашых стратэгічных адносін у будучым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, Бангладэш з вялікай колькасцю насельніцтва мае для Беларусі значны інтарэс. "Упэўнены, што Бангладэш з задавальненнем праз Беларусь знойдзе прамы шлях у Еўропу", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
У дзвюх краін абсалютна падобныя падыходы ў міжнародных арганізацыях: "Мы вельмі цэнім тое, што вы заўсёды падтрымліваеце Беларусь. Вы павінны ведаць, што Беларусь адкажа Бангладэш тым жа", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца ўзаемнага гандлю, Прэзідэнт адзначыў, што па выніках 2011 года склаўся значны тавараабарот у памеры каля $140 млн. "У гэтым годзе мы не так актыўна гандлюем, але я спадзяюся, што наперадзе яшчэ год. У нас ёсць шмат таго, у чым мае патрэбу Бангладэш. Мы таксама зацікаўлены ў пастаўках вашай прадукцыі ў Беларусь. І калі мы ўзгоднім таварныя пазіцыі, я вам гарантую, што мы аддадзім перавагу вашым таварам", - заявіў Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што не толькі ў палітыцы, але і ў эканоміцы ў краін ёсць агульныя інтарэсы, па якіх будзе развівацца супрацоўніцтва.
Плануецца, што ў бягучым годзе Прэм'ер-міністр Беларусі наведае з візітам Бангладэш. "Думаю, што мы грунтоўна ўмацуем нашы адносіны і на гэтым фундаменце будуць выбудоўвацца іх канкрэтныя напрамкі", - сказаў Прэзідэнт. У плане падрыхтоўкі гэтага візіту Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы, каб міністры замежных спраў Беларусі і Бангладэш вызначылі да нюансаў напрамкі супрацоўніцтва, канкрэтныя механізмы, групы тавараў для ўзаемнага гандлю.
Прэзідэнт Беларусі перадаў запрашэнне Прэзідэнту і Прэм'ер-міністру Бангладэш наведаць Беларусь. "Думаю, што гэта было б важна ў плане ўстанаўлення нашага партнёрства", - лічыць беларускі лідар.
У сваю чаргу Дзіпу Моні падкрэсліла, што ў краін ёсць шмат агульнага, а эканомікі Беларусі і Бангладэш узаемадапаўняльныя. "Мы вельмі хацелі б інтэнсіфікаваць двухбаковыя адносіны і разлічваем на актывізацыю супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі", - сказала яна.