Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Міністрам міжнародных сувязей і супрацоўніцтва ПАР Маітэ Нкаана-Машабанэ

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка пацвярджае зацікаўленасць беларускага боку ў развіцці супрацоўніцтва з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 3 верасня на сустрэчы з Міністрам міжнародных сувязей і супрацоўніцтва ПАР Маітэ Нкаана-Машабанэ.

Як адзначыў Прэзідэнт, адносіны паміж дзвюма краінамі ў галіне палітыкі і дыпламатыі складваюцца даволі паспяхова. "Нашы вышэйшыя службовыя асобы, міністры не адзін раз наведвалі Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. У нас пастаянны кантакт. Вельмі паспяхова ў частцы перагаворнага працэсу развіваюцца кантакты прадпрымальнікаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы нядрэнна вывучылі вашу краіну, ведаем эканоміку ПАР. Адсюль наша зацікаўленасць у супрацоўніцтве з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, адзначыў, што ПАР мае найбагацейшыя запасы карысных выкапняў, актыўна развівае сельскую гаспадарку. У цэлым беларуская і паўднёва-афрыканская эканомікі ўзаемадапаўняльныя.

"Мы запрасілі Прэзідэнта ПАР наведаць Беларусь. Ён згадзіўся ў бліжэйшы час прыехаць сюды. Мы надаём гэтаму вельмі вялікае значэнне. Упэўнены, калі гэты візіт адбудзецца, ён дасць дадатковы штуршок развіццю нашых адносін", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што візіт у Беларусь Міністра міжнародных сувязей і супрацоўніцтва ПАР з'яўляецца знакавым: "Мы вельмі разлічваем, што вы бліжэй пазнаёміцеся з нашай краінай. Мы ў гэтым зацікаўлены, паколькі ад такіх ключавых фігур залежаць перспектывы нашага супрацоўніцтва".

У сваю чаргу Маітэ Нкаана-Машабанэ падзякавала за супрацоўніцтва, якое гістарычна развіваецца паміж дзвюма дзяржавамі, эканамічныя кантакты і цёплы прыём, аказаны ёй на беларускай зямлі. "Я прывезла з сабой самыя цёплыя прывітанні ад Прэзідэнта ПАР Джэйкаба Зумы. Ён з радасцю прыняў ваша запрашэнне наведаць Беларусь. Мы зробім гэты візіт у 2014 годзе, пасля таго як у ПАР пройдуць выбары", - сказала Міністр.

Маітэ Нкаана-Машабанэ згадзілася, што эканомікі Беларусі і ПАР узаемадапаўняюць адна адну. "Мы знаходзімся тут, каб закласці асновы гэтага супрацоўніцтва і ў далейшым рэалізаваць увесь яго патэнцыял", - адзначыла яна.

Паводле слоў Міністра, на праведзеных у Беларусі сустрэчах былі дакладна вызначаны тыя напрамкі супрацоўніцтва, дзе ёсць патэнцыял для развіцця ўзаемадзеяння. "Гэта такія сферы, як распрацоўка карысных выкапняў. Тут Беларусь мае неабходны вопыт і абсталяванне, якое мы можам выкарыстоўваць. Сельскагаспадарчы сектар таксама адкрывае шырокія гарызонты супрацоўніцтва і можа выкарыстоўвацца Беларуссю не толькі для выхаду на паўднёва-афрыканскі рынак, але і на рынкі іншых краін рэгіёна", - заявіла Маітэ Нкаана-Машабанэ.