Сустрэча з Міністрам абароны Расіі Сяргеем Шайгу

  • 1
Беларусь застаецца прыхільнай да супрацоўніцтва з Расіяй у сферы абароны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 23 красавіка на сустрэчы з Міністрам абароны Расіі Сяргеем Шайгу.

"Беларусы заўсёды будуць прыхільныя да той палітыкі, якую мы дэкларуем публічна. У нас няма палітыкі двайнога дна. Мы заўсёды будзем адзіныя ў дзеяннях, асабліва сістэм абароны і бяспекі, будзем дзейнічаць у адным ключы", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, супрацоўніцтва паміж ваеннымі ведамствамі Беларусі і Расіі ажыццяўляецца без якіх-небудзь праблем, і гэтыя адносіны з'яўляюцца ўзорам у Саюзнай дзяржаве.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што раней была дасягнута дамоўленасць аб тым, каб з удзелам адпаведных спецыялістаў з абодвух бакоў прарэвізаваць пытанні ўзаемаадносін у ваеннай сферы. "Мы ні ад каго не скрываем, што мы самыя блізкія народы і спрабуем выбудаваць адзіную палітыку ў агульнай Саюзнай дзяржаве. Калі ў нас ёсць на гэтым напрамку ў рамках АДКБ і Саюзнай дзяржавы адзіная групоўка ўзброеных сіл, значыць, мы яе павінны рыхтаваць адпаведным чынам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы ніколі не гаварылі аб тым, што ў нас нейкая наступальная пазіцыя нашых узброеных сіл. Зямлі ў нас хапае. Мы на чужое не прэтэндуем, але і свайго не аддадзім", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Калі мы рыхтуем нашы ўзброеныя сілы, сілы бяспекі да абароны нашых сумесных інтарэсаў, зямлі, то мы павінны праводзіць адпаведныя мерапрыемствы, у тым ліку вучэнні. Я не разумею, чаму Захад так насцярожана рэагуе на іх. Гэта ж не першыя вучэнні. Мы проста прыціраемся адзін да аднаго, з'явіліся новыя людзі, мы правяраем сістэму, якая даўно наладжана", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Яна ні ў якім выпадку не накіравана ні супраць палякаў, ні прыбалтаў, ні супраць НАТА наогул", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Але, вядома, яны павінны разумець, што, калі яны паспрабуюць неяк нядобра паглядзець у наш бок, мы будзем таксама рэагаваць", - заўважыў Прэзідэнт Беларусі.

У сваю чаргу Сяргей Шайгу паведаміў, што бакі актыўна рыхтуюцца да маючага адбыцца стратэгічнага вучэння "Захад-2013". Паводле яго слоў, гэта мерапрыемства дасць магчымасць яшчэ раз праверыць гатоўнасць да рэагавання на сучасныя выклікі і выявіць тое, што яшчэ неабходна зрабіць дадаткова для забеспячэння бяспекі Беларусі і Расіі.

Міністр таксама расказаў аб некаторых перспектыўных напрамках развіцця беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў ваеннай сферы. "Мы пачынаем разгляд плана па стварэнню тут расійскай авіяцыйнай базы з самалётамі-знішчальнікамі. Спадзяёмся, што ў 2015 годзе тут ужо з'явіцца авіяцыйны полк", - заявіў ён.

Паводле слоў Сяргея Шайгу, у 2013 годзе плануецца стварыць у Беларусі авіяцыйную камендатуру і паставіць першае дзяжурнае звяно баявых знішчальнікаў.

Акрамя таго, у 2014 годзе Расія паставіць у Беларусь яшчэ 4 дывізіёны С-300 для абароны паветранай прасторы.

Сяргей Шайгу нагадаў, што Беларусь і Расія рэалізуюць сумесную праграму стварэння рэгіянальнай сістэмы проціпаветранай абароны, якая, паводле яго слоў, павінна быць надзейнай і грунтоўнай, ахоўваць паветраную прастору і граніцы Саюзнай дзяржавы. Акрамя таго, рэалізуецца вялікая праграма ў сферы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва.

"Мы плануем і ў далейшым разглядаць пытанні, неабходныя для ўзмацнення абараназдольнасці нашых беларускіх калег і братоў", - дадаў ён.