Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з маладымі вучонымі і прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што заўсёды быў прыхільнікам цяперашняй дзяржаўнай сімволікі, а плошча Дзяржаўнага сцяга ў Мінску павінна стаць апошняй кропкай у спрэчках аб незалежнасці Беларусі. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 7 мая ў час сустрэчы з маладымі вучонымі і прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі.

    Гаворачы аб гербе і сцягу Беларусі, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што рашэнне па іх было прынята на рэферэндуме і грамадзяне выбралі для сябе менавіта гэтыя сімвалы.

    "Вы помніце, калі я стаў Прэзідэнтам, у мяне на аўтамабілі быў замацаваны бел-чырвона-белы штандар, хоць я заўсёды быў прыхільнікам цяперашняй сімволікі. Народ вызначыў, таму для мяне гэтыя сімвалы - душа народа", - адзначыў беларускі лідар.

    Спыталі Прэзідэнта і аб яго стаўленні да свята Дня Перамогі. "Што датычыцца Дня Перамогі, для мяне ён як для палітыка, Прэзідэнта - святое. Я павінен умацаваць у свядомасці людзей гэту Вялікую Перамогу, каб нашы дзеці і ўнукі не забылі аб гэтым", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым ён нагадаў аб будаўніцтве новага будынка музея Вялікай Айчыннай вайны, які стане своеасаблівым помнікам подзвігу народа.

    "Калі ў пачатку 90-х былі гэтыя цяжкія часы, і ў нас на чале ўлады былі фактычна нацыяналісты, людзі ўжо баяліся насіць свае ордэны, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Мне давялося ламаць гэту сітуацыю".

    "Для мяне важна, каб жыццё развівалася натуральна, мы не забывалі аб тых, хто падараваў нам усё тое, чым мы сёння карыстаемся. Не было б той Перамогі, мы аб дэмакратыі сёння не гаварылі б. Мы, згорбіўшыся, былі б тут рабамі, і тое не кожны", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

    Што датычыцца сучаснай Беларусі, Прэзідэнт канстатаваў, што краіна становіцца ўсё больш прывабнай для іншаземцаў, асабліва для расіян. "Нядаўна прайшла інфармацыя, што нас запаланілі расіяне на майскія святы і няма ніводнага свабоднага месца ў гасцініцах. Я ў душы радуюся гэтаму. Я даўно марыў аб тым, каб наша Беларусь стала жаданым кутком, куды людзі імкнуліся б прыехаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што расіяне, якія прыязджаюць у Беларусь, гавораць, што едуць за цішынёй. "І гэта не самыя бедныя людзі, у іх ёсць грошы. Недзе ў СМІ прайшла інфармацыя, што яны скупляюць у нас усё льняное, беларускую касметыку. Хто дзеля таго, каб паспрабаваць, а іншыя разумеюць, што беларуская прадукцыя - гэта якасць", - заўважыў Прэзідэнт.

    "Тое, што да нас едуць, каб паслухаць цішыню і адпачыць, - наша перамога", - лічыць беларускі лідар.

    Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтым працэсе ёсць і некаторыя выдаткі. У прыватнасці, з-за таго што расіяне купляюць шмат кватэр, цэны на рынку жылля трымаюцца на даволі высокім узроўні. "Але, з іншага боку, не бедныя людзі прыязджаюць. Гэта значыць на Беларусь ёсць вялікі добры попыт", - дадаў ён.

    Прэзідэнт падкрэсліў, што сучасны свет усё больш глабалізуецца, і ў тым ліку таму ён лічыць самым галоўным забяспечыць у краіне бяспеку. "Цяпер я для сябе паставіў галоўную задачу - бяспеку. Мы ўзмоцнім падыход да карупцыянераў, бюракратызму. Гэта мая задача. А для беларусаў сёння створаны ўсе ўмовы, каб зарабіць на сваё жыццё і сваёй сям'і", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.