Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком Рэспублікі Карэлія Аляксандрам Худзілайненам
- 5
Саюзніцкія адносіны Беларусі і Расіі паспяхова развіваюцца дзякуючы цесным сувязям беларускай дзяржавы з расійскімі рэгіёнамі. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 лістапада на сустрэчы з кіраўніком Рэспублікі Карэлія Расійскай Федэрацыі Аляксандрам Худзілайненам.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі заўсёды з асаблівай цеплынёй прымаюць дэлегацыі з расійскіх рэгіёнаў. "Менавіта дзякуючы падтрымцы рэгіёнаў Расіі так паспяхова складваюцца і нашы міждзяржаўныя саюзніцкія адносіны. Я наогул сёння не бачу адносін паміж Беларуссю і Расіяй без нармальных, вельмі цесных узаемасувязей Беларусі з расійскімі рэгіёнамі", - заявіў беларускі лідар.
"Без прамога ўзаемадзеяння з рэгіёнамі ў нас не склаўся б і паспяхова не развіваўся б ні гандаль, ні нашы палітычныя адносіны, ды і гуманітарныя адносіны, супрацоўніцтва ў культурнай сферы, - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - Без узаемадзеяння з рэгіёнамі мы не змаглі б у гэты цяжкі час і для Расіі, і для Беларусі ва ўмовах сусветнага крызісу больш-менш дастойна выглядаць. Як бы там ні было, беспрацоўе ў Расіі, у Беларусі складае не чвэрць ад насельніцтва, як гэта ёсць у так званых развітых еўрапейскіх дзяржавах. Гэта таксама заслуга расійскіх рэгіёнаў і нашай рэспублікі, якія выйшлі на прамыя ўзаемаадносіны".
Гаворачы аб беларускай дыяспары ў расійскіх рэгіёнах і Карэліі, у прыватнасці, Прэзідэнт адзначыў, што ўсе кіраўнікі рэгіёнаў заяўляюць аб тым, што беларусы не ствараюць ніякіх праблем або напружання. "Мяне заўсёды радуе, што беларусы ствараюць добрую атмасферу там, дзе жывуць. Яны добрыя, спагадлівыя, прыстойныя", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў сферы ўзаемнага гандлю, нягледзячы на некаторае запавольванне тэмпаў у 2012 годзе, па выніках студзеня - жніўня бягучага года зафіксавана дадатная дынаміка прыкладна 20%. Разам з тым бакам пакуль што не ўдалося поўнасцю пераадолець негатыўныя тэндэнцыі і дасягнуць дакрызісных аб'ёмаў узаемнага гандлю - $50 млн. "Гэта невялікая лічба, і яе трэба перасягнуць. Таму аднаўленне ўзроўню гандлёвых адносін павінна стаць нашай першараднай задачай", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт абазначыў перспектыўныя сферы і напрамкі, дзе магчыма развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Так, Карэлія актыўна развівае аграрны сектар эканомікі і лесапрамысловую галіну, вырашае задачу водазабеспячэння насельніцтва. А Беларусь мае кваліфікаваных спецыялістаў з вялікім вопытам работы ў гэтых сферах, мае сучасныя тэхналогіі вытворчасці і перапрацоўкі, а таксама выпускае неабходную тэхніку і абсталяванне, запатрабаваныя ў адпаведных галінах. "Мы гатовы развіваць узаемадзеянне па гэтых напрамках і прапанаваць выкарыстоўваць любыя нашы напрацоўкі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У Карэліі вялікая ўвага ўдзяляецца жыллёваму будаўніцтву, рэканструкцыі і развіццю аўтадарожнай інфраструктуры, мадэрнізацыі парку пасажырскай тэхнікі. Аналагічныя напрамкі рэалізуюцца і ў Беларусі, а таму ёсць добрая аснова для кааперацыі і сумеснай работы.
"Беларускія будаўнікі маюць вопыт праектавання і ўзвядзення жылля, інфраструктурных, сацыяльных і іншых аб'ектаў. Калі такі вопыт патрэбны вашай рэспубліцы, мы заўсёды гатовы вам яго прапанаваць. Акрамя таго, для карэльскіх будаўнікоў могуць мець інтарэс беларускія будматэрыялы і абсталяванне. Мы таксама гатовы забяспечыць вашы патрэбнасці ў аўтобусах, тралейбусах і камунальнай тэхніцы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі бок прапанаваў Карэліі арганізацыю паставак сучасных электра- і дызельных паяздоў, ліфтавага абсталявання.
Як адзначыў Прэзідэнт, Беларусь у сваю чаргу мае патрэбу ў стабільным забеспячэнні патрэбнасцей насельніцтва ў даступнай і якаснай рыбе і морапрадуктах. Карэлія ж мае развіты рыбагаспадарчы комплекс. "І тут мы бачым нядрэнную перспектыву ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што пакуль, нягледзячы на прыкладзеныя намаганні, спажыванне ў Беларусі рыбных прадуктаў на душу насельніцтва крыху ніжэйшае за рэкамендаваную норму. "Як бы мы ні спрабавалі вырашыць гэту праблему, у нас крыху не атрымліваецца, і мы маглі б непасрэдна ўсе аб'ёмы закупляць у вас і пастаўляць у Беларусь. Толькі без пасрэднікаў. Няважна, будзе гэта дзяржаўная або прыватная кампанія, але мы былі б гатовы непасрэдна купляць даволі вялікія аб'ёмы рыбы, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - У нас ёсць перапрацоўчыя комплексы. Мы маглі б прыцягнуць і вашы кампаніі для перапрацоўкі тут, у тым ліку падзяліцца ўласнасцю на тэрыторыі Беларусі".
Прэзідэнт адзначыў, што пастаўкі рыбы з Карэліі зручныя з пункту гледжання лагістыкі і дадуць магчымасць ажыццяўляць гэты працэс па найбольш кароткім шляху.
Аяксандр Худзілайнен згадзіўся, што супрацоўніцтва ў гэтай сферы вельмі перспектыўнае. "Сёння 70% фарэлі выгадаванай у Расійскай Федэрацыі, - гэта фарэль з Карэліі, 52 гаспадаркі гадуюць ледзь ці не 22 тыс.т фарэлі, а праз тры гады мы выйдзем на 30 тыс.т. Ёсць канкрэтныя інвестыцыйныя праекты, і мы стварылі поўны тэхналагічны ланцужок", - сказаў ён.
Аляксандр Худзілайнен адзначыў, што летам бягучага года беларускі пасол на працягу трох дзён наведваў Карэлію, і за гэты час былі праведзены плённыя перагаворы па развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, у тым ліку ў галіне сельскай гаспадаркі, лесаперапрацоўкі. "У нас стаіць задача інтэнсіфікацыі работы ў лесе, таму што тыя тэхналогіі і ўзровень ўзнаўлення, якія сёння існуюць, нікога не задавальняюць", - сказаў кіраўнік Карэліі.
Паводле яго слоў, у Карэліі можа быць запатрабаваны беларускі вопыт у галіне сельскай гаспадаркі: "Сёння сельская гаспадарка ў Карэліі перажывае не лепшыя часы, а вы за апошнія 10-15 гадоў дасягнулі грандыёзных поспехаў". Аляксандр Худзілайнен заявіў аб гатоўнасці прадаставіць плошчы пад магазіны для рэалізацыі беларускай прадукцыі ў рэгіёне.
Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу заўважыў, што гэта цікавая прапанова, якой неабходна скарыстацца. Ён дадаў, што Беларусь гатова падзяліцца сваім вопытам вядзення сельскай гаспадаркі, пастаўляць сельгастэхніку. На думку Кіраўніка беларускай дзяржавы, для кліматычных умоў Карэліі эканамічна эфектыўным было б развіццё жывёлагадоўлі, у прыватнасці развядзенне буйной рагатай жывёлы. І Беларусь можа аказаць пасільную дапамогу.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што беларускаму боку можа быць вельмі карысны вопыт расійскіх партнёраў па вядзенню лясной гаспадаркі. Прэзідэнт нагадаў, што ў Беларусі актыўна мадэрнізуюцца дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы, таму актуальна пытанне інтэнсіфікацыі работ у лясным фондзе. Ён падкрэсліў важнасць выкарыстання айчыннай сыравіны ў вытворчасці.
У сваю чаргу беларускі бок прапанаваў Карэліі пастаўкі поўнага камплекта тэхнікі для лясной гаспадаркі з забеспячэннем яе сэрвіснага абслугоўвання.
Гаворачы аб патэнцыяле ўзаемадзеяння ў галіне будаўніцтва і будаўнічых матэрыялаў, Аляксандр Худзілайнен адзначыў, што ў Карэліі знаходзяцца каласальныя запасы карысных выкапняў, у тым ліку рэдказямельных металаў, цяпер тут актыўна займаюцца распрацоўкай радовішчаў граніту, мармуру, базальту, і гэтыя матэрыялы можна было б пастаўляць у Беларусь.
Акрамя таго, шырокія магчымасці адкрываюцца ў супрацоўніцтве ў сферы марскіх перавозак. Аляксандр Худзілайнен расказаў, што ў бліжэйшыя гады Карэлія плануе развіваць свае парты. Дастаўка грузаў паўночным марскім шляхам у Азіяцкі рэгіён на 40% таннейшая, чым вакол Афрыкі. Ён прапанаваў Беларусі разгледзець магчымасць выкарыстання карэльскіх партоў для экспарту прадукцыі на азіяцкі рынак.
Першы намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка адзначыў, што Карэлія вельмі багата на запасы торфу, прыкладна 40% у лясоў забалочана. Ён звярнуў увагу на актуальнасць для гэтага рэгіёну развіцця тарфяной прамысловасці. Беларусь гатова правесці абследаванне залежаў торфу ў Карэліі, зрабіць актуальную ацэнку, распрацаваць у выпадку неабходнасці праект, пабудаваць торфабрыкетны завод, міні-ЦЭЦ або кацельню, якія працуюць на торфе або адходах драўніны, паставіць увесь шлейф машын і абсталявання.
Кіраўнік Карэліі зацікавіўся прапановай беларускага боку. Ён адзначыў, што ў Карэліі невялікі працэнт газіфікаваных населеных пунктаў.
Бакі звярнулі ўвагу на важнасць развіцця супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, турызме.
Цёплыя словы кіраўнік Карэліі выказаў і ў адрас беларускай дыяспары ў гэтым расійскім рэгіёне: "Сёння са 120 нацыянальнасцей, якія пражываюць у Карэліі, беларуская дыяспара трэцяя па колькасці. Гэта не толькі нядрэнныя людзі, але, як правіла, і якія адбыліся ў бізнесе або ў грамадскім жыцці".
Аляксандр Худзілайнен запрасіў Прэзідэнта Беларусі наведаць Карэлію, звярнуў увагу на шэраг маючых адбыцца юбілейных дат у рэгіёне.
Падагульняючы сустрэчу, Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што Беларусь і Карэлія прыкладуць усе намаганні для нарошчвання ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.