Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўнікамі дэлегацый, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД у Мінску

  • 1
Беларусь разглядае Садружнасць Незалежных Дзяржаў як значнае, запатрабаванае і актуальнае міждзяржаўнае аб'яднанне, якое дае магчымасць яго ўдзельнікам эфектыўна вырашаць надзённыя пытанні. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 30 мая на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД у Мінску.

Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што СНД на дадзеным этапе перажывае складаны перыяд.

"Усё часцей мы чуем у навінах аб новых ачагах напружанасці і эскалацыі насілля на постсавецкай прасторы. Усё часцей мы сутыкаемся з цынічнымі каментарыямі "добразычліўцаў" аб бескарыснасці СНД", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

"Напэўна, нам часам не хапае аператыўнасці і скаардынаванасці пры прыняцці важных рашэнняў. Калі гэта так, то неабходна ў гэтым напрамку і працаваць. Але агульна ганіць усё дасягнутае, безумоўна, няправільна", - лічыць беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, хто б што ні гаварыў аб Садружнасці, але карысць ад яе відавочная. Менавіта СНД першапачаткова дала грамадзянам Садружнасці магчымасць свабоднага перамяшчэння. У першую чаргу дзякуючы СНД увайшло ў практыку сістэмнае ўзаемадзеянне пагранічных, мытных, выратавальных, іншых органаў краін Садружнасці. "Разумеючы асаблівую важнасць павышэння дабрабыту народаў, мы прыклалі нямала сіл для пашырэння эканамічнага ўзаемадзеяння. Бізнесмены па заслугах ацанілі перавагі Дагавора аб зоне свабоднага гандлю ў рамках СНД. У актыўную стадыю перайшоў працэс падрыхтоўкі пагаднення аб фарміраванні зоны свабоднага гандлю паслугамі", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Урэшце, ці маглі б мы з вамі без СНД гаварыць сёння аб шматузроўневай інтэграцыі? Безумоўна, не змаглі б", - сказаў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу на тое, што менавіта Садружнасць заклала аснову для Еўразійскага эканамічнага супольніцтва, Адзінай эканамічнай прасторы, стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза. На яго думку, роль СНД у гэтай рабоце прасочваецца выразна і зразумела.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што СНД забяспечвае базавы палітычны і эканамічны ўзровень для супрацоўніцтва, а кожная дзяржава-ўдзельніца мае права выбіраць тыя напрамкі, па якіх яна зацікаўлена развіваць узаемадзеянне.

"Я заўсёды кажу: навошта разбураць тое, што ёсць?" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, СНД з'яўляецца добрай перагаворнай пляцоўкай, на якой можна абмяркоўваць любыя пытанні. Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што рабіць паспешлівыя крокі па выхадзе з Садружнасці не трэба.

Паводле яго слоў, і ва ўкраінскага боку "ёсць разуменне, што калі штосьці і трэба зрабіць у гэтым плане, то спяшацца дакладна не трэба". "Таму што, зрабіўшы пэўны крок, вярнуцца значна больш складана. І твар захаваць, і яшчэ нейкія праблемы ўзнікнуць... Таму я вас проста агітую: ніколі не спяшайцеся пакінуць гэту нармальную пляцоўку ўзаемадзеяння", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

"Размаўляем жа на адной мове, думаем прыкладна аднолькава. Нікуды не дзенеш гэтыя гады, дзесяцігоддзі, пражытыя разам. І дзякуй богу, што ў нас ёсць такі вопыт. У кожнай з дзяржаў, яе кіраўніцтва ёсць свае асаблівасці, свае інтарэсы, але для гэтага і існуюць адпаведныя арганізацыі, форумы, на якіх трэба ўтрасаць пытанні, прымаць рашэнні і дабівацца сваіх інтарэсаў", - адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт прапануе па-новаму паглядзець на ролю СНД у адносінах паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі.

"Час не стаіць на месцы. Адбываюцца глабальныя змяненні, якія суправаджаюцца і ростам нестабільнасці міжнародных адносін, у тым ліку на постсавецкай прасторы, - канстатаваў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Упэўнены, што мы ўсе зацікаўлены бачыць Еўразійскі рэгіён устойлівым і працвітаючым".

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў кіраўнікам урадавых дэлегацый выказаць сваё меркаванне па гэтай і іншых праблемах развіцця Садружнасці.

Ён нагадаў, што роўна год таму ў Мінску ў рамках беларускага старшынства абмяркоўваліся пытанні развіцця СНД. "Калі ў сакавіку бягучага года ў святле вядомых падзей узнікла такая неабходнасць, то мы не задумваючыся пагадзіліся паўторна ўзяць на сябе старшынства ў органах СНД", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што, нягледзячы на тое, што Беларусь увайшла ў старшынства, што называецца, явачным парадкам, беларускі бок падыходзіць да выканання абавязкаў самым сур'ёзным чынам і чакае такога ж стаўлення ад Выканкама СНД, дзяржаў-удзельніц.

Ён выказаў надзею, што пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў у Мінску стане пацвярджэннем таго. "Ад таго, які тон вы, прэм'ер-міністры, сёння зададзіце, у многім будзе залежаць работа Садружнасці на працягу як мінімум наступнага года. Менавіта сённяшнія рашэнні прадвызначаць, з якімі практычнымі вынікамі мы з вамі падыдзем да наступнага саміту СНД на ўзроўні прэзідэнтаў у Мінску ў кастрычніку 2014 года", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што 29 мая на сустрэчы ў Астане прэзідэнты прынялі рашэнне, што напярэдадні саміту кіраўнікоў дзяржаў СНД у кастрычніку ў беларускай сталіцы пройдзе саміт Еўразійскага эканамічнага саюза. Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ўзнікае шэраг пытанняў, якія патрабуюць абмеркавання.

Прэзідэнт адзначыў, што бягучы год у Беларусі аб'яўлены Годам гасціннасці, і ў сувязі з гэтым на беларускай зямлі запланавана правядзенне шэрага значных мерапрыемстваў. Некаторыя з іх ужо адбыліся. У маі ў Мінску прайшло спартыўнае спаборніцтва міжнароднага маштабу - чэмпіянат свету па хакеі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь натхняюць пазітыўныя ацэнкі. "Мы паабяцалі, што зробім гэты чэмпіянат лепшым у свеце, чэмпіянат, якіх не ведала наша планета. Усе без выключэння высокія прадстаўнікі і дзяржаў, і міжнароднай федэрацыі адзначылі, што гэта быў лепшы чэмпіянат", - сказаў беларускі лідар. На спартыўных мерапрыемствах пабывалі больш як 650 тыс. чалавек, а ў фан-зонах, зонах гасціннасці - каля 2 млн. Пры гэтым Прэзідэнт лічыць паказальным, што ў гэтыя дні ў Мінску ўзровень злачыннасці быў у два разы ніжэйшы, чым у звычайныя дні. "Гэта таксама шмат аб чым сведчыць, мы гэты феномен спрабуем прааналізаваць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Праз месяц Беларусь будзе адзначаць яшчэ адну важнейшую падзею - 70-годдзе вызвалення ад немяцка-фашысцкіх захопнікаў. "Гэта свяшчэннае свята, веліч і радасць ад якога мы таксама хацелі б падзяліць з вашымі народамі, бо перамагчы мы змаглі менавіта разам, менавіта адзінай сям'ёй", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да кіраўнікоў урадавых дэлегацый.