Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з губернатарам Тульскай вобласці Расіі Уладзімірам Груздзевым

    Беларусь і Тульская вобласць будуць пашыраць супрацоўніцтва па ўсіх напрамках. Узаемную зацікаўленасць у гэтым выказалі 28 мая на перагаворах у Мінску Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і губернатар Тульскай вобласці Расійскай Федэрацыі Уладзімір Груздзеў.

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь мае значную базу адносін з Тульскай вобласцю. Аб гэтым сведчыць і той факт, што ў мінулым годзе ўзаемны тавараабарот склаў амаль $270 млн., а гэта значны аб'ём, калі ўлічыць, што размова ідзе толькі пра рэгіён, вобласць Расійскай Федэрацыі. Прыкладна на такім узроўні па тавараабароце прадоўжыцца работа і ў гэтым годзе, адзначыў Прэзідэнт.

    Беларускі лідар выказаў упэўненасць, што прыезд кіраўніка Тульскай вобласці будзе садзейнічаць актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва, што прывядзе да канкрэтных лічбаў павелічэння тавараабароту.

    Кіраўнік дзяржавы сказаў, што ён здзіўлены вялікай увагай тульскай дэлегацыі да беларускага вопыту, у прыватнасці па пытаннях рэфармавання і мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі. Інтарэс тульчан тлумачыцца тым, што ў іх таксама вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю сельскай гаспадаркі. У Тульскай вобласці атрымліваюць амаль 2% усяго аб'ёму сельгаспрадукцыі Расіі.

    Аляксандр Лукашэнка правёў паралель паміж Беларуссю і Тульскай вобласцю - яны абедзве робяць стаўку на рэфармаванне сельскай гаспадаркі. "Вы паставілі задачу мадэрнізаваць сельскую гаспадарку, узняць яе на высокі ўзровень і стварыць добрыя ўмовы для жыхароў сельскай мясцовасці. Гэта тое, чым займаемся і мы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Дэлегацыя Тульскай вобласці ў час візіту ў Беларусь азнаёмілася з тым, як развіваецца аграпрамысловы комплекс. Расійскія госці пабывалі на рэфармаваных беларускіх сельгаспрадпрыемствах, якіх у краіне ўжо нямала.

    "Мы гатовы дзяліцца з вамі вопытам рэфармавання сельскай гаспадаркі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што Беларусь, перад тым як пачаць мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі, па крупінках збірала сусветны вопыт і прыстасоўвала яго да сваіх умоў. Цяпер Беларусь гатова падзяліцца сваімі напрацоўкамі з Тульскай вобласцю.

    Прэзідэнт заявіў аб гатоўнасці да пашырэння супрацоўніцтва з Тульскай вобласцю па ўсіх напрамках.

    У сваю чаргу Уладзімір Груздзеў выказаў пазітыўныя ўражанні ад знаёмства з Беларуссю, Мінскам, а таксама работы беларускіх сельгаспрадпрыемстваў. Кіраўнік расійскага рэгіёну адзначыў, што ў час візіту члены дэлегацыі шмат чаго паглядзелі ў Беларусі. "Нам ёсць чаму ў вас павучыцца. Для нас важна рэалізаваць у сябе тое, што мы ўбачылі ў Беларусі", - сказаў Уладзімір Груздзеў.

    Губернатар выказаў зацікаўленасць у развіцці ўзаемадзеяння па многіх напрамках з Беларуссю. Пры гэтым ён адзначыў: "Важна, каб супрацоўніцтва не спынялася на тавараабароце. У нас ёсць вытворчыя пляцоўкі, якія можна выкарыстоўваць для стварэння сумесных вытворчасцей і дадатковых рабочых месц".

    Паколькі Тульская вобласць актыўна развівае сельскую гаспадарку, то вялікія сродкі плануецца накіраваць на закупку сельгастэхнікі. Паводле слоў губернатара, канкурэнтаздольная беларуская тэхніка мае вялікі інтарэс для тульчан. Уладзімір Груздзеў сказаў, што, напрыклад, існуюць вялікія праблемы з сэрвісам імпартнай тэхнікі: месяцамі даводзіцца чакаць запчастак. Таму жыхары Тульскай вобласці разлічваюць на якасную беларускую тэхніку.

    Расійскіх гасцей уразіў беларускі вопыт стварэння аграгарадкоў і прыцягнення маладых спецыялістаў, маладых сем'яў у вёску.

    Прэзідэнт Беларусі і губернатар Тульскай вобласці дамовіліся аб канкрэтных напрамках пашырэння ўзаемавыгадных сувязей.