Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з губернатарам Новасібірскай вобласці Расіі Васілём Юрчанкам

    Беларусі і Новасібірскай вобласці трэба развіваць супрацоўніцтва ў высокатэхналагічных і навукаёмістых сферах. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 мая на сустрэчы з губернатарам Новасібірскай вобласці Расіі Васілём Юрчанкам.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што супрацоўніцтва з расійскімі рэгіёнамі заўсёды было важным для Беларусі і асабліва дапамагала ў тыя часы, калі ўзнікалі цяжкасці на ўзроўні кіраўніцтва Беларусі і Расіі.

    Новасібірская вобласць, паводле слоў Кіраўніа дзяржавы, з'яўляецца адным з важнейшых гандлёвых партнёраў Беларусі сярод рэгіёнаў Сібіры, Урала і Далёкага Усходу. Дзякуючы сумесным намаганням у мінулым годзе ўзаемны тавараабарот вырас у 1,7 раза ў параўнанні з 2010 годам і склаў больш як $200 млн. Дадатная дынаміка тавараабароту захоўваецца і ў бягучым годзе. Значную долю беларускага экспарту ў Новасібірскую вобласць складаюць пастаўкі прадукцыі машынабудавання. "Нашы прадпрыемствы гатовы і ў далейшым забяспечваць патрэбнасці вашага рэгіёну ў любой тэхніцы, якую мы вырабляем", - запэўніў расійскіх гасцей Прэзідэнт Беларусі.

    Ён падкрэсліў, што ў сучасных эканамічных умовах неабходна выводзіць супрацоўніцтва на якасна новы ўзровень. "На простых тавараабменных аперацыях далёка не выедзеш, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Я кажу аб двухбаковых праектах, заснаваных на аб'яднанні рэсурснага, вытворчага, навукова-тэхнічнага і кадравага патэнцыялу. Яны павінны быць нацэлены на выпуск высокатэхналагічнага і навукаёмістага прадукту, які канкурыраваў бы і на рынках трэціх краін".

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з фарміраваннем Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы створаны спрыяльныя ўмовы для інтэграцыі эканомік. "Інтарэс з пункту гледжання вытворчай кааперацыі могуць мець сумесныя праекты ў галіне пасажырскага транспарту, сельскагаспадарчай тэхнікі, аграпрамысловай перапрацоўкі", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт звярнуў увагу на навуковыя дасягненні Новасібірскай вобласці. "Знакаміты Акадэмгарадок з'яўляецца адным з буйнейшых сусветных навуковых цэнтраў і аб'ядноўвае рэсурсы чатырох расійскіх акадэмій навук", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы, што і Беларусі ёсць чым ганарыцца ў навукова-тэхнічнай сферы.

    "Нам вельмі выгадна супрацоўнічаць з вучонымі вашага рэгіёну. Лічу, нам трэба неяк вылучыць гэты напрамак як асаблівы, таму што і ваша эканоміка цяпер грунтуецца на навуковых дасягненнях, і наша. Мы вызначылі, што не можа быць росту ні ў нас, ні ў вас, калі мы не заснаваны на навуцы высокіх дасягненняў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт прапанаваў вызначыць сумесны пералік канкрэтных навукова-практычных распрацовак, якія маюць узаемны інтарэс. "Іх рэалізацыю трэба зрабіць адным з прыярытэтаў супрацоўніцтва Беларусі і Новасібірскай вобласці", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка таксама станоўча ацаніў ідэю стварэння Савета дзелавога супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Новасібірскай вобласцю. "Беларусь ужо мае вопыт узаемавыгаднага функцыянавання такіх сумесных структур, шэраг якіх створаны намі з важнейшымі контрагентамі з ліку не толькі расійскіх рэгіёнаў, але і па ўсім свеце", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    "Мы бачым у вас надзейных і перспектыўных партнёраў і гатовы аператыўна разгледзець любыя вашы прапановы па далейшай актывізацыі гандлёва-эканамічных сувязей, гандлю, рэалізацыі канкрэтных праектаў", - заявіў Прэзідэнт.

    Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў упэўненасць, што візіт дэлегацыі, у склад якой уваходзіць шмат прадстаўнікоў бізнесу Сібіры, будзе садзейнічаць далейшаму развіццю супрацоўніцтва Беларусі не толькі з Новасібірскай вобласцю, але і ў цэлым з Расійскай Федэрацыяй.

    У сваю чаргу Васіль Юрчанка падкрэсліў, што Новасібірская вобласць даўно разглядае эканамічнае супрацоўніцтва з Беларуссю як стратэгічнае. Разам з тым, бакі ў недастатковай ступені выкарыстоўваюць свой патэнцыял, асабліва ў частцы павелічэння знешнегандлёвага абароту.

    Паводле слоў губернатара, Новасібірская вобласць з'яўляецца адным з буйнейшых спажыўцоў прадукцыі некаторых беларускіх прадпрыемстваў, у першую чаргу Мінскага трактарнага завода: "За мінулы год Новасібірская вобласць набыла 800 машын розных класаў, а Сібірская федэральная акруга - 2,5 тыс. машын", - адзначыў Васіль Юрчанка.

    На яго думку, трэба больш актыўна выкарыстоўваць патэнцыял машынабудаўнічага комплексу Новасібірскай вобласці. У прыватнасці, ён прапанаваў задзейнічаць яго для сумеснай вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі на ўзаемавыгадных умовах.

    У час візіту ў Беларусь дэлегацыя Новасібірскай вобласці мае намер прыняць удзел у правядзенні форуму дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і гэтага расійскага рэгіёну. Чакаецца, што мерапрыемства павінна надаць імпульс развіццю двухбаковых адносін. Акрамя таго, сумесна з Урадам Беларусі падрыхтавана праграма мерапрыемстваў па развіцці супрацоўніцтва, якая ахоплівае ўсе напрамкі ўзаемадзеяння.

    Губернатар Новасібірскай вобласці таксама нагадаў аб цесным узаемадзеянні са шматлікай беларускай дыяспарай, падкрэсліўшы, што яе прадстаўнікі заўсёды знаходзяць падтрымку і ўзаемаразуменне з мясцовай уладай.

    У ходзе сустрэчы бакі абмеркавалі шырокае кола перспектыўных для развіцця супрацоўніцтва напрамкаў, у тым ліку ў навукова-тэхнічнай сферы, сельскай гаспадарцы і сельгасмашынабудаванні, будаўніцтве, прамысловасці.

    Васіль Юрчанка расказаў, што недалёка ад Новасібірска створаны буйны прамыслова-лагістычны парк. Адна з яго пераваг - блізкасць да расійска-казахстанскай граніцы, што ў рамках АЭП адкрывае новыя магчымасці. "Гэта пляцоўка, якая можа выкарыстоўвацца і прадпрымальнікамі з Беларусі для ўваходжання на вялікі рынак", - лічыць губернатар.

    Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на неабходнасці вызначэння канкрэтных праектаў, накіраваных на актывізацыю супрацоўніцтва з Новасібірскай вобласцю. Адной з пляцовак для гэтага можа стаць прадпрыемства "Сібсельмаш". "Ёсць патэнцыял гэтай пляцоўкі, і там можна арганізаваць вытворчасць сельгасмашын. І не толькі на гэтай пляцоўцы, - адзначыў Васіль Юрчанка. - Мы з задавальненнем адпрацавалі б праект зборкі, а потым, можа, і вытворчасці якіх-небудзь камплектуючых з разлікам на ўсходнюю частку Расіі, Казахстан, Кітай".

    "Ваша праўда - гэта цэлы рэгіён", - згадзіўся Кіраўнік дзяржавы.

    "Нам, Беларусі і Расіі, не трэба канкурыраваць там, дзе не трэба. Нам трэба дапаўняць адзін аднаго і аб'ядноўваць канкурэнтныя перавагі. Тады мы большага дасягнём. Агульных падыходаў шмат", - лічыць губернатар.

    Яшчэ адзін перспектыўны напрамак - супрацоўніцтва ў будаўнічай сферы. Беларусь можа падзяліцца сваімі напрацоўкамі ў праектаванні, мадэрнізацыі і рамонце будынкаў. Ёсць зацікаўленасць у вывучэнні вопыту Новасібірскай вобласці і з беларускага боку. Так, нядаўна быў уведзены ў строй сучасны выставачны комплекс "Сібэкспацэнтр". "Нам гэта цікава, мы таксама ствараем выставачны цэнтр, і нам цікавы ваш вопыт будаўніцтва", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    У час сустрэчы таксама былі падрабязна абмеркаваны магчымасці па аб'яднанні навуковых патэнцыялаў Беларусі і Новасібірскай вобласці.

    Паводле слоў дырэктара інстытута лазернай фізікі Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук Сяргея Багаева, цяпер вялікая ўвага ўдзяляецца работам па стварэнні новых прарыўных тэхналогій. "У гэтай частцы вельмі мэтазгодны ўдзел вучоных НАН Беларусі", - адзначыў ён, прапанаваўшы стварыць спецыяльную рабочую групу, якая зоймецца прапрацоўкай магчымасцей для ўзаемадзеяння па такіх прарыўных напрамках.

    Кіраўнік дзяржавы даручыў старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Анатолю Русецкаму грунтоўна вывучыць гэта пытанне ва ўзаемадзеянні з расійскімі калегамі.