Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з губернатарам Курскай вобласці Аляксандрам Міхайлавым

    Беларусь і расійскія рэгіёны ў сваім супрацоўніцтве павінны па максімуму выкарыстоўваць усе перавагі Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 верасня на сустрэчы з дэлегацыяй Курскай вобласці на чале з губернатарам Аляксандрам Міхайлавым.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь ужо шмат гадоў паспяхова ўзаемадзейнічае з большасцю рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, асабліва пасля наладжвання больш цеснай інтэграцыі ў Мытным саюзе, Адзінай эканамічнай прасторы.

    Звяртаючыся да губернатара Курскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэты расійскі рэгіён, які мае значны эканамічны патэнцыял, з'яўляецца надзейным партнёрам Беларусі. Да таго ж Аляксандр Міхайлаў не па чутках ведае аб магчымасцях Беларусі - ён ужо тройчы наведваў краіну: у 2002, 2006 і 2010 гадах. "Ваша шчырае стаўленне да сумеснай работы з Беларуссю сведчыць аб зацікаўленасці ў далейшым пашырэнні ўзаемадзеяння і пошуку новых сфер супрацоўніцтва", - лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы.

    Прэзідэнт адзначыў, што за мінулыя дзесяць гадоў аб'ёмы ўзаемнага гандлю павялічыліся ў тры разы. У той жа час ён канстатаваў, што Беларусь і Курская вобласць пакуль так і не змаглі выйсці на дакрызісны ўзровень тавараабароту. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што забеспячэнне росту аб'ёмаў узаемнага гандлю павінна стаць асноўнай задачай ужо на бліжэйшую перспектыву. На яго думку, бакам пад сілу дабіцца значнага павелічэння тавараабароту.

    Аляксандр Лукашэнка лічыць, што неабходны аналіз якаснай структуры ўзаемнага гандлю ў мэтах павелічэння долі высокатэхналагічнай і навукаёмістай прадукцыі. Ён звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі вырабляецца шырокі спектр тэхнікі, у тым ліку сельскагаспадарчай і кар'ернай, якая запатрабавана ў Курскай вобласці. Да сумеснай работы з курскімі калегамі гатовы і беларускія вучоныя-аграрнікі, якія маюць значныя вынікі ў селекцыі і племянной жывёлагадоўлі. Акрамя таго, Беларусь гатова прапанаваць свае паслугі ў будаўнічай сферы. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, беларускія будаўнікі маюць вялікі вопыт праектавання і ўзвядзення жылля, прычым у розных пунктах свету.

    "Спіс сфер узаемных інтарэсаў можна было б прадаўжаць, - сказаў Прэзідэнт. - Пры гэтым асаблівы станоўчы эфект прынясе рэалізацыя інавацыйных праектаў, што будзе стымуляваць інтэнсіўнае развіццё нашых эканомік".

    Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць у значнасці перспектыў супрацоўніцтва Беларусі і Курскай вобласці. Ён перакананы, што візіт дэлегацыі Курскай вобласці будзе садзейнічаць далейшаму развіццю адносін Беларусі не толькі з гэтым рэгіёнам, але і ў цэлым з Расіяй.

    Кіраўнік дзяржавы прапанаваў дэлегацыі разгледзець канкрэтныя напрамкі двухбаковага ўзаемадзеяння, якія актывізавалі б адносіны.

    У сваю чаргу Аляксандр Міхайлаў падкрэсліў імкненне Курскай вобласці развіваць сувязі з Беларуссю. Ён лічыць, што бакі могуць як мінімум падвоіць тавараабарот. Па выніках 2011 года аб'ём узаемнага гандлю склаў $122 млн., а за першае паўгоддзе бягучага года дасягнуў $73 млн., павялічыўшыся на 23% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

    Аляксандр Міхайлаў звярнуў увагу на тое, што ў Курскай вобласці ў 2010 годзе арганізавана сумесная з Беларуссю зборачная вытворчасць тралейбусаў. Губернатар лічыць, што ў прадпрыемства ёсць вялікія перспектывы для паставак прадукцыі на ўвесь рэгіён Цэнтральнай Расіі. У сувязі з гэтым цяпер вядуцца перагаворы з расійскімі рэгіёнамі. Таксама вядзецца работа па стварэнню зборачнай вытворчасці трамваяў.

    Губернатар адзначыў, што Курская вобласць таксама гатова пастаўляць на беларускі рынак самы шырокі асартымент прадукцыі.

    У ходзе сустрэчы адбылася канкрэтная размова па асноўных напрамках развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, у тым ліку ў сферы прамысловай кааперацыі і стварэння сумесных вытворчасцей. У перспектыве сумесна вырабленую прадукцыю плануецца накіроўваць не толькі ў іншыя рэгіёны Расіі, але і на рынкі трэціх краін. "Нам трэба падключыцца, перагаварыць з губернатарамі таго рэгіёну, на які мы хочам працаваць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    Бакі сышліся на думцы, што ва ўзаемным гандлі неабходна максімальна адыходзіць ад пасрэднікаў і працаваць напрамую. У цэлым беларускія тавары ўжо добра зарэкамендавалі сябе на рынку Курскай вобласці і карыстаюцца высокім попытам. Губернатар прапанаваў адкрыць у рэгіёне гандлёвы дом, дзе быў бы прадстаўлены найбольш шырокі асартымент беларускай прадукцыі. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў гэту прапанову.

    Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь гатова ў выпадку неабходнасці падключыцца і да рэалізацыі на тэрыторыі Курскай вобласці праектаў у сферы аграпрамысловага комплексу. "У нас тармажэння адносна гэтага няма. Канкурэнцыі ніякай тут быць не можа. У Расіі палавіну прадуктаў харчавання, нават больш, закупляюць. Рынак вялікі, і мы яго павінны разам з расіянамі асвойваць. Гэта наш агульны рынак, Расіі ў Беларусі і Беларусі ў Расіі, і дзяліць нам тут абсалютна няма чаго", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    Беларусь і Курская вобласць паспяхова супрацоўнічаюць у сферы аграпрамысловага комплексу. За шэсць месяцаў 2012 года экспарт прадпрыемстваў Мінсельгасхарча Беларусі ў Курскую вобласць склаў больш як $4 млн. і павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2011 года на 23%. Аснову экспарту складаюць пастаўкі мясапрадуктаў, сыроў і тварагу, сметанковага масла.