АляксандрЛукашэнка сустрэўся з губернатарам Яраслаўскай вобласці Расіі Сяргеем Ястрабавым

  • 7

Беларусь і Яраслаўская вобласць дамовіліся паглыбляць кааперацыйныя сувязі. Аб гэтым ішла размова 30 студзеня на сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з губернатарам Яраслаўскай вобласці Расіі Сяргеем Ястрабавым.

"Адзін з перспектыўных напрамкаў - далейшае развіццё прамысловай кааперацыі. Гэта стварае нам цудоўныя магчымасці для выхаду на сур'ёзныя сумесныя праекты. Беларусь гатова і далей пашыраць маштабы такога супрацоўніцтва", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, неабходна прадумаць такія кааперацыйныя праекты, якія задзейнічалі б вытворчы, навукова-тэхналагічны і кадравы патэнцыял як Беларусі, так і Яраслаўскай вобласці.

У Яраслаўлі працуе шэраг навуковых і праектных арганізацый, якія займаюцца прыкладнымі даследаваннямі. У сувязі з гэтым Прэзідэнт лічыць неабходным разгледзець варыянты ўзаемадзеяння ў навукова-практычнай і адукацыйнай сферах у мэтах сумеснага ажыццяўлення высокатэхналагічных праектаў і ўкаранення інавацыйных распрацовак.

Беларусь таксама гатова пашыраць супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы, у тым ліку ў галіне жывёлагадоўлі і раслінаводства.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Яраслаўская вобласць павялічвае тэмпы будаўніцтва жылля, удзяляе ўвагу развіццю спадарожнай інфраструктуры і дарожна-гаспадарчага комплексу, а таму і ў гэтай сферы можна развіваць супрацоўніцтва.

Што датычыцца ўзаемнага гандлю, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пакуль сальда складваецца не на карысць беларускага боку. "І Беларусь, безумоўна, зацікаўлена выправіць гэты дысбаланс", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Яраслаўскай вобласцю ёсць цэлы спектр напрамкаў. "Мы можам і павінны разгледзець праекты, якія прапануюцца вамі, для рэалізацыі ў Беларусі. Я вельмі спадзяюся, што па выніках візіту мы выйдзем на канкрэтныя дамоўленасці і праекты. Я на гэта арыентаваў Урад і думаю, што ў такім ключы мы будзем дзейнічаць і ў далейшым", - дадаў Прэзідэнт.

"Я толькі што сказаў аб сумесных інтэграцыйных праектах. Гэта тое, у чым, шчыра кажучы, часта нас папракаюць на самым высокім узроўні ў Расіі, што мы быццам бы не хочам іх рэалізацыі. Я вам канкрэтна кажу, што мы за, толькі гэта трэба рабіць так, як робяць яраслаўцы", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён прывёў у якасці прыкладу цесныя кааперацыйныя сувязі паміж прадпрыемствамі Беларусі і Яраслаўскай вобласці, у прыватнасці пастаўкі рухавікоў яраслаўскага завода, якія выкарыстоўваюцца ў беларускім машынабудаванні.

"Прыйдуць там, скажуць, што камусьці хацелася б інтэграцыйнага праекта, танней або бясплатна ўзяць нафтаперапрацоўчыя заводы, - прадоўжыў беларускі лідар. - На што я заўсёды гаварыў: хацець нядрэнна, але гэта каштуе грошай. І пытанне - навошта?"

"І чаму мы ўвесь час зверху пачынаем абмяркоўваць гэтыя праекты. Усё павінна ісці знізу, ад прадпрыемстваў", - лічыць Прэзідэнт.

"Трэба разумець, што Беларусь не багатая, каб раскідвацца ўласнасцю, асабліва яе ключавымі аб'ектамі. У Беларусі абсалютна нацэлены на інтэграцыю, і гэта інтэграцыя павінна быць не на словах. Гэта канкрэтныя праекты канкрэтных прадпрыемстваў", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад, што калі б МАЗ паставіў пытанне аб глыбокай кааперацыі з яраслаўскім заводам, у тым ліку з абменам уласнасцю, то гэта было б зразумела. "А калі нейкі інтарэс праяўляе вялікі начальнік да нашага прадпрыемства і абумоўлівае гэта тым, што нам трэба аб'яднацца, каб змагацца... Супраць каго змагацца? У нас адзін рынак. Мы яго можам без абмену акцыямі прадпрыемстваў падзяліць, калі ўжо на тое пайшло", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, рэалізацыя любога такога праекта павінна мець на ўвазе, па-першае, мадэрнізацыю, а па-другое - выхад з сумеснай прадукцыяй на новыя рынкі. "А проста так разважаць пра інтэграцыю, напэўна, няправільна. Гэта падобна да спробы прыхапіць танна якое-небудзь прадпрыемства ў іншай краіне. Вядома, мы з такімі падыходамі не згодны. Нам хацелася б, каб гэта было сумленна, адкрыта, шчыра і былі бачнымі мэты такіх інтэграцыйных праектаў", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Расія з савецкіх часоў звязаны цеснымі кааперацыйнымі сувязямі, назваўшы глупствам заявы аб нежаданні беларускага боку ісці на рэалізацыю сумесных інтэграцыйных праектаў. "Мы ніколі не адмаўляліся і не адмаўляемся ад глыбокай інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй, з любым рэгіёнам Расіі. Мы хутчэй з рэгіёнамі дамовімся, з губернатарамі, чым ва Урадзе Расіі", - сказаў Прэзідэнт.

"Я часта гаварыў, што, калі б не супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расіі, у нас не было б ні беларуска-расійскага саюза, ні гэтых цесных адносін. Магчыма, бадаліся б так, як ва Украіне сёння падзеі адбываюцца. А рэгіёны ў свой час, калі нас не вельмі разумелі ў цэнтры, выратавалі беларуска-расійскія адносіны. Былі і такія часы", - дадаў беларускі лідар.

У сваю чаргу Сяргей Ястрабаў адзначыў, што супрацоўніцтва з Беларуссю ажыццяўляецца па шэрагу праграм і напрамкаў. Але сярод галоўных - гэта пытанні, звязаныя з развіццём дызельнага рухавікабудавання. "Паняцце інтэграцыі для нас - гэта ўжо даўняя рэальная практыка ўзаемадзеяння, - падкрэсліў Сяргей Ястрабаў. - Мы хочам прадаўжаць гэта супрацоўніцтва, выбудоўваючы яго ў новых фінансавых і эканамічных адносінах, прапаноўваючы новы канкурэнтны рад нашых вырабаў".

Акрамя таго, адзін з перспектыўных напрамкаў - гэта пастаўкі рухавікоў на газавым паліве. "Мы ў гэтым годзе гатовы прапанаваць на рынак сямейства газавых рухавікоў Яраслаўскага маторнага завода, якія павінны прыйсці для замяшчэння або ў дапамогу традыцыйным дызельным маторам. Такім чынам можна сэканоміць да 50% затрат на паліва", - адзначыў губернатар. "Галоўнае, што мы павінны прыйсці да высновы, што гэта наша агульнае дзецішча, якое нараджаецца на беларускай зямлі з яраслаўскім сэрцам", - сказаў Сяргей Ястрабаў, гаворачы аб супрацоўніцтве з Мінскім аўтамабільным заводам.

Губернатар таксама падкрэсліў: "Мы робім агульны прадукт, агульны брэнд, які павінен быць канкурэнтаздольны, і разам мы павінны яго папулярызаваць на ўнутраных і знешніх рынках - у Расіі, Украіне, Венесуэле, іншых краінах".

Акрамя таго, губернатар дадаў, што Яраслаўская вобласць гатова да пашырэння супрацоўніцтва ў такіх галінах, як нафтахімія, нафтаперапрацоўка, у аграпрамысловым комплексе.

Першы намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка праінфармаваў аб прымаемых мерах для выраўноўвання балансу ва ўзаемным гандлі - цяпер імпарт тавараў з Яраслаўскай вобласці істотна перавышае экспарт з Беларусі. У прыватнасці, гэтыя пытанні разглядаліся напярэдадні на першым пасяджэнні рабочай групы па супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Яраслаўскай вобласцю, па выніках якога падпісана праграма развіцця супрацоўніцтва на 2014-2016 гады.  

Бакі абмеркавалі перспектывы развіцця сувязей паміж прадпрыемствамі Яраслаўскай вобласці і МАЗам, МТЗ, БелАЗам, "Гомсельмашам". Сярод разгледжаных былі таксама тэмы цэнавай палітыкі ва ўзаемных пастаўках тавараў, імпартазамяшчэння, паляпшэння якасці пастаўляемай прадукцыі і канкурэнтаздольнасці. 

Уладзімір Сямашка звярнуў увагу на магчымасць арганізацыі ў Яраслаўскай вобласці такога перспектыўнага праекта, як вытворчасць аўтобусаў з выкарыстаннем яраслаўскіх рухавікоў. Размова ішла таксама аб арганізацыі вытворчасці беларускіх самазвалаў ў Яраслаўскай вобласці, павелічэнні паставак у гэты расійскі рэгіён беларускай сельгастэхнікі, ліфтаў.  

Беларускі бок прапанаваў на пастаяннай аснове арганізоўваць ў Яраслаўскай вобласці кірмашы беларускіх прадуктаў харчавання з мэтай папулярызацыі гэтых тавараў.

Першы віцэ-прэм'ер Беларусі лічыць, што ёсць вялікі патэнцыял і ў сферы будаўнічых паслуг. Беларускія спецыялісты маглі б узводзіць пад ключ прамысловыя і сацыяльныя аб'екты ў Яраслаўскай вобласці.

Закранаючы тэму імпартазамяшчэння, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што беларускія машынабудаўнічыя прадпрыемствы былі вымушаны закупляць дарагое гідраўлічнае абсталяванне і агрэгаты за мяжой. Цяпер "Амкадор" сумесна з замежнымі партнёрамі стварае вытворчасць сучаснай гідраўлікі, не менш як палавіна якой будзе пастаўляцца на экспарт. "Такая ж праблема з паліўнай апаратурай. Але разгортваць будаўніцтва заводаў па паліўнай апаратуры, напэўна, было б няправільна, улічваючы наяўнасць такіх вытворчасцей у Яраслаўлі. Што датычыцца газавых рухавікоў для тэхнікі - мы ўзмоцнім гэты напрамак. Мы таксама хацелі б, каб вы да гэтага падключыліся, паколькі гэта вялікая перспектыва", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт лічыць, што з улікам відавочнай выгады ад эканоміі паліва неабходна пераводзіць камунальную тэхніку на газавыя рухавікі.

Звяртаючыся да расійскіх гасцей, Аляксандр Лукашэнка заўважыў: "Вы выбралі дакладны момант, каб мы сумесна маглі нямала зрабіць. Нам камфортна працаваць з Яраслаўлем. Хацелася б, каб мы знайшлі такія агульныя падыходы, каб мы нікуды адзін ад аднаго не дзеліся. Размова ідзе пра глыбокую кааперацыю паміж беларускімі і яраслаўскімі прадпрыемствамі".

Падводзячы вынікі сустрэчы з губернатарам, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Наша з вамі задача - пракантраляваць, каб усё, аб чым дамовіліся, было выканана".

Прэзідэнт запэўніў, што Яраслаўская вобласць - адзін з прыярытэтных рэгіёнаў Расіі, з якім Беларусь гатова ўсімі сіламі актывізаваць супрацоўніцтва.