Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з губернатарам Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі Мікалаем Дзеніным

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка разлічвае на дасягненне тавараабароту паміж Беларуссю і Бранскай вобласцю ў 2014 годзе $1 млрд. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 25 лістапада на сустрэчы з губернатарам гэтага расійскага рэгіёна Мікалаем Дзеніным.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з 2005 года, часу апошняй сустрэчы з губернатарам Бранскай вобласці, тавараабарот паміж Беларуссю і гэтым расійскім рэгіёнам вырас у 5 разоў, дасягнуўшы ў мінулым годзе практычна $900 млн. Дадатная дынаміка ўзаемнага гандлю захоўваецца і ў бягучым годзе.

    Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што Бранская вобласць - адзін з асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі сярод рэгіёнаў Расіі. Прэзідэнт дадаў, што з суседзямі ў Расіі Беларусь ніколі не мела праблем. "Гэта вялікі здабытак нашых адносін. Вы з вялікай увагай ставіцеся да нашых просьбаў і прапаноў. Мы вас, здаецца, ніколі не падводзілі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі б ні супрацоўніцтва з кіраўнікамі рэгіёнаў Расіі, у нас не было б нармальнага супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй. Вы выратавалі гэта супрацоўніцтва, калі ў нас былі вострыя, няпростыя адносіны ў пачатку шляху, у момант станаўлення нашай і расійскай дзяржавы. Цяпер мы гэтыя адносіны прымножылі".

    Што датычыцца канкрэтных напрамкаў супрацоўніцтва, то Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь гатова забяспечыць патрэбнасці Браншчыны ў тэхніцы, будматэрыялах. "Нам нельга адставаць і ад існуючых сёння інтэграцыйных працэсаў паміж нашымі краінамі. Таму намаганні неабходна цяпер актыўна канцэнтраваць не на простым павелічэнні ўзаемных паставак тавараў, што таксама немалаважна, а на сумеснай рэалізацыі ўзаемавыгадных праектаў", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Прэзідэнт адзначыў, што прыклады такога супрацоўніцтва ўжо ёсць. Так, у Бранскай вобласці створаны кааперацыйныя вытворчасці тэхнікі беларускіх брэндаў "Гомсельмаш" і "Амкадор". Паводле слоў Прэзідэнта, гэтыя сумесныя праекты маюць магутны комплексны эфект, даюць магчымасць павялічваць аб'ёмы ўзаемнага гандлю, ствараюць рабочыя месцы.

    Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным пашыраць супрацоўніцтва ў сферы вытворчай кааперацыі, зрабіць больш разнастайным мадэльны рад выпускаемай тэхнікі, прапрацаваць новыя варыянты сумеснай дзейнасці. На яго думку, неабходна ствараць сумесныя прадпрыемствы для работы як на тэрыторыю Расіі, так і для выхаду на рынкі трэціх краін.

    Акрамя таго, значны патэнцыял супрацоўніцтва Беларусі і Бранскай вобласці ёсць у сельскагаспадарчай сферы, у прыватнасці ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве, вытворчасці і перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі.

    Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на паспяховае ўзаемадзеянне ў сферы будаўніцтва. Беларусы ўдзельнічаюць у стварэнні ў Бранскай вобласці жылых і інфраструктурных аб'ектаў і гатовы і далей працаваць у рамках такіх праграм.

    "Словам, мы суседзі і адкрыты да ўзаемадзеяння", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён дадаў, што беларускі бок гатовы максімальна аператыўна разгледзець любыя прапановы бранскіх партнёраў па далейшаму развіццю супрацоўніцтва.

    Губернатар Бранскай вобласці Мікалай Дзенін таксама звярнуў увагу на добрую дынаміку ўзаемнага гандлю.

    Ён адзначыў паспяховую работу створаных у Бранскай вобласці сумесных з Беларуссю прадпрыемстваў. Паводле яго слоў, выпускаемая тут тэхніка канкурэнтаздольная і па цане, і па якасці. Цяпер ідзе размова аб стварэнні ў Бранскай вобласці сумесных з Беларуссю вытворчасцей па перапрацоўцы мяса-малочнай прадукцыі.

    Як адзначыў віцэ-прэм'ер Беларусі Міхаіл Русы, адпаведныя інтэграцыйныя праекты можна рэалізаваць у пачатку 2015 года. Пры гэтым размова ідзе аб сумесным выкарыстанні сыравінных зон і перапрацоўцы прадукцыі.

    Яшчэ адзін перспектыўны напрамак супрацоўніцтва - у аб'яднанні намаганняў па развіццю бульбаводства. З беларускага боку ў гэтым праекце можа быць задзейнічана адно з буйных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Гомельскай вобласці. "Мы цяпер адпрацоўваем падыходы, каб стварыць сумесны аб'яднаны холдынг і завод па перапрацоўцы бульбы. Гэта дасць магчымасць прадаваць сумесна прадукцыю і паралельна прапрацоўваць будаўніцтва лагістычнага цэнтра па перапрацоўцы і падрыхтоўцы да рэалізацыі агародніны", - сказаў Міхаіл Русы.

    Вялікі рэзерв сумеснай работы ёсць і ў сферы абнаўлення ў Бранскай вобласці парку камунальнага транспарту.

    На думку віцэ-губернатара - намесніка старшыні Урада Бранскай вобласці Аляксандра Касацкага, рэалізацыя праектаў у аграпрамысловым комплексе з'яўляецца вельмі перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва. "Хацелася б, вядома, паскорыць гэту інтэграцыю. Такія сумесныя інвестыцыі зусім рэальныя, з добрым тэрмінам акупнасці", - сказаў ён.

    Губернатар Мікалай Дзенін прапанаваў таксама аб'яднаць намаганні ў гандлі харчовай прадукцыяй і заснаваць сумесную кампанію, каб больш актыўна канкурыраваць у цэнавым сектары з буйнымі сеткамі. Размова ідзе аб тым, каб дабаўленую вартасць ад рэалізацыі атрымліваў, перш за ўсё, вытворца. Цяпер жа ёсць прыклады, калі цэны ў расійскіх магазінах на прадукты харчавання адрозніваюцца ў разы ад адпускной цаны вытворцы.

    Мікалай Дзенін таксама адзначыў, што Бранскую вобласць цікавіць вопыт Беларусі па развіццю малых гарадоў.

    На сустрэчы былі падрабязна абмеркаваны і іншыя сферы ўзаемадзеяння з Бранскай вобласцю, у тым ліку папулярызацыя і ўдзел у дзяржпраграмах сумесна выпускаемай прамысловай прадукцыі.

    "З усіх суседзяў у нас з Бранскай вобласцю, напэўна, самыя плённыя і эфектыўныя кантакты і супрацоўніцтва, якія прыносяць карысць", - адзначыў у канцы сустрэчы Аляксандр Лукашэнка.