Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з губернатарам Амурскай вобласці Расійскай Федэрацыі Алегам Кажамякам

  • 1

Беларусь гатова аказаць Амурскай вобласці дадатковую дапамогу для аднаўлення пасля паводкі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 3 лютага на сустрэчы з губернатарам Амурскай вобласці Расійскай Федэрацыі Алегам Кажамякам.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў абмеркаваць не толькі пытанні стратэгічнага супрацоўніцтва, але і бягучае ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Амурскай вобласцю, у тым ліку тактычнага характару. "Думаю, што праблем у сувязі з паводкамі мінулага года на Далёкім Усходзе дастаткова, а ў Амурскай вобласці тым больш, - адзначыў беларускі лідар. - Вы павінны ведаць, што ў цяжкія часы мной былі аддадзены распараджэнні Ураду рэагаваць на любыя просьбы і запыты з вашага боку. Але з улікам вялікай адлегласці паміж намі, напэўна, не ўсё ўдалося зрабіць. Калі сёння можна штосьці паправіць, давайце паправім. Калі мы можам дамовіцца на вясну-лета, то вы скажыце што, і мы будзем у гэтым напрамку рухацца".


"Але вы павінны ведаць, што вы для нас людзі не чужыя. Мы ганарымся тым, што геаграфічна далёкі край для нас з'яўляецца вельмі блізкім. Мы заўсёды адгукнёмся на любую вашу просьбу аб супрацоўніцтве", - запэўніў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

У сваю чаргу Алег Кажамяка падкрэсліў, што жыхары Амурскай вобласці адчуваюць цяпло і клопат беларускага боку, праяўленыя ў цяжкі час. "Грузы гуманітарнай дапамогі, што прыйшлі вельмі своечасова, былі дастаўлены пацярпелым грамадзянам, якія сапраўды мелі ў іх патрэбу. Гэта дабавіла блізкасці нашым адносінам, і нашы грамадзяне адчулі, што тут жыве брацкі народ, які ў цяжкі час працягвае руку дапамогі", - сказаў губернатар.

Алег Кажамяка, у прыватнасці, адзначыў, што дзякуючы аператыўным пастаўкам з Беларусі, нават без перадаплаты, корманарыхтоўчай тэхнікі для патрэб жывёлагадоўлі вобласці ўдалося нарыхтаваць неабходныя кармы. Тым не менш, паводка паўплывала на аб'ём узаемнага тавараабароту і планы па развіцці супрацоўніцтва ў 2013 годзе. Прычынай стаў спад аб'ёмаў паставак не толькі сельскагаспадарчай, але і кар'ернай тэхнікі, паколькі ў вобласці былі затоплены ўсе кар'еры. Ён канстатаваў вялікія страты рэгіёнам ураджаю ў 2013 годзе, а таксама спад паказчыка ў мясной і малочнай жывёлагадоўлі. У той жа час губернатар выказаў упэўненасць, што Амурская вобласць у 2014 годзе па сельгасвытворчасці будзе адноўлена прыкладна на 80%, а ў 2015 годзе - поўнасцю. "Жыццё ідзе. Хоць мы знаходзімся ў стадыі аднаўлення, але разумеем, што трэба далей развівацца", - сказаў ён.

Паводле яго слоў, у гэтым плане ёсць добрая прапанова па пастаўках у Амурскую вобласць прадукцыі беларускага машынабудавання, корманарыхтоўчай тэхнікі, трактароў. "Усё гэта запатрабавана ў нас, адкрыты цэнтры. Будзем плаўна вяртацца да аб'ёмаў, дасягнутых у 2012 годзе", - дадаў Алег Кажамяка. У сувязі з гэтым ён звярнуўся да беларускага боку з прапановай пашырыць магчымасці для набыцця тэхнікі ў лізінг.


У сваю чаргу беларускі бок таксама выказаў гатоўнасць пашыраць супрацоўніцтва з Амурскай вобласцю ў плане паставак як лінейкі сельскагаспадарчай тэхнікі ад плуга да зернесушылкі, так і кар'ернай, будаўнічай, дарожнай, лесанарыхтоўчай, камунальнай і іншых відаў. Акрамя таго, адначасова могуць быць створаны сэрвісны, дылерскі цэнтры па яе абслугоўванні.

Гаворачы аб супрацоўніцтве ў галіне сельскай гаспадаркі, Прэзідэнт прапанаваў рэалізаваць у Амурскай вобласці адзін-два пілотныя праекты па стварэнні малочнатаварных комплексаў, аснасціўшы іх беларускім абсталяваннем, а таксама перадаўшы тэхналогіі.

"Гэта прарыў у сельскай гаспадарцы. Мы ў 2013 годзе экспартавалі сельскагаспадарчай прадукцыі на суму амаль $6 млрд. А 15 гадоў таму я помню пустыя паліцы, самім не было чаго есці. Мы накармілі поўнасцю свой народ, і ў 2015 годзе ў нас стаіць задача экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі на $7 млрд", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, мадэрнізацыя малочнатаварных ферм прывяла да змяненняў у малака-, мясаперапрацоўцы. "Гэта добрая схема. Мая вам парада - пачніце з гэтага, са стварэння, магчыма, аграгарадка", - сказаў Прэзідэнт.

Алег Кажамяка заўважыў, што ў вобласці праблемы з наяўнасцю малака, у тым ліку сухога, і некаторых відаў малочнай прадукцыі. А таму прапанова беларускага боку выклікала вялікую цікавасць.

Як адзначыў Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц, прапрацоўваецца пытанне стварэння сумеснага прадпрыемства па перапрацоўцы малочнай прадукцыі з далейшай яе пастаўкай не толькі на рынак Амурскай вобласці, але і ў сумежныя краіны, у прыватнасці Кітай. Акрамя таго, ідзе размова аб стварэнні складскіх, лагістычных цэнтраў.

Яшчэ адзін перспектыўны напрамак супрацоўніцтва - будаўнічая сфера. Губернатар Амурскай вобласці прапанаваў беларускаму боку прыняць удзел у будаўніцтве касмадрома Усходні. Гэта даўгачасны праект, разлічаны да 2030 года. "Мы гатовы стварыць усе неабходныя ўмовы для работы беларускіх спецыялістаў", - запэўніў Алег Кажамяка.

У сваю чаргу першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка прапанаваў комплексна падысці да гэтага пытання і задзейнічаць беларускіх будаўнікоў і пры ўзвядзенні гарадка пры касмадроме, разлічаным прыкладна на 40 тыс. чалавек, і пры стварэнні спадарожнай інфраструктуры.

Гаворачы аб ліквідацыі наступстваў паводкі, Уладзімір Сямашка адзначыў, што беларускі бок гатовы не толькі заняцца праектаваннем дарог, накіраваць неабходную дарожную тэхніку, але і паставіць камплектныя дамы для забеспячэння жыллём пацярпелага ад паводкі насельніцтва. Паводле слоў першага віцэ-прэм'ера, размова ідзе аб шчытавых і брусавых дамах, прыстасаваных да мясцовых умоў надвор'я. Іх выраб і пастаўка ажыццяўляецца на працягу месяца. У выпадку зацікаўленасці беларускі бок гатовы пабудаваць цэлы пасёлак.


"Вы нам выдзеліце асобнае месца, каб мы стварылі прыгожы пасёлак па-беларуску", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Губернатара Амурскай вобласці зацікавіла гэта прапанова. Ён выказаў намер выдзеліць раён для комплекснай забудовы, а таксама прыцягнуць беларускіх спецыялістаў для будаўніцтва жылля на БАМе. Акрамя таго, Алега Кажамяку зацікавіў вопыт Беларусі па стварэнні сацыяльных і спартыўных аб'ектаў, разлічаных на невялікія гарадкі.

Падагульняючы размову, Прэзідэнт падкрэсліў, што супрацоўніцтва з Амурскай вобласцю выгаднае для Беларусі. "Асабліва ў крызісны перыяд. Вы бачыце, як ідуць справы ў сусветнай эканоміцы, ды і ў Расіі ў цэлым. У сувязі з тым, што Расійская Федэрацыя - гэта наш асноўны рынак, мы, вядома, у мінулым годзе па машынабудаванні крыху праселі, і цяпер нам даводзіцца аператыўна дыверсіфікавацца, выходзіць на новыя рынкі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Перашкод для нашага супрацоўніцтва няма", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.