Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з генеральным дырэктарам "Софрына" Яўгенам Пархаевым
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 16 студзеня сустрэўся з генеральным дырэктарам ТАА "Мастацка-вытворчае прадпрыемства Рускай праваслаўнай царквы "Софрына" (Расійская Федэрацыя) Яўгенам Пархаевым.
Аляксандр Лукашэнка ўручыў Яўгену Пархаеву спецыяльны ліст аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і каштоўны падарунак. Такой высокай ацэнкі Яўген Пархаеў быў удастоены за шматгадовую творчую дзейнасць па захаванні лепшых традыцый царкоўных мастацтваў, яго вялікі ўклад у аднаўленне храмаў і манастыроў, развіццё дзелавых і культурных сувязей з Беларуссю.
У сваю чаргу госць падкрэсліў, што гэта знак удзячнасці не толькі яму, а ўсяму прадпрыемству "Софрына", якое сёння з'яўляецца самым буйным у праваслаўным свеце.
"Софрына" вырабляе абразы, царкоўныя рэчы, свечкі, рызы для свяшчэннікаў, мэблю, сувеніры, выдае богаслужэбную літаратуру - усяго больш як 2,5 тыс. назваў прадукцыі. Мае ліцейна-зборачныя цэхі, сучасную друкарню для вытворчасці абразоў у паліграфічным выкананні.
Створаныя на прадпрыемстве царкоўныя рэчы ўпрыгожваюць храмы па ўсёй Расіі і далёка за яе межамі. Гэта таксама галоўны пастаўшчык прадукцыі рэлігійнага прызначэння ў Беларусь і Украіну.
Яўген Пархаеў узначальвае "Софрына" з 1987 года і шырока вядомы ў царкоўных колах.