Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з генеральным дырэктарам карпарацыі "Расатам" Сяргеем Кірыенкам

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і генеральны дырэктар дзяржаўнай карпарацыі па атамнай энергіі "Расатам" Сяргей Кірыенка на сустрэчы ў Мінску 20 студзеня абмеркавалі ход рэалізацыі праекта будаўніцтва Беларускай АЭС.

    Кіраўнік беларускай дзяржавы прапанаваў абмеркаваць сітуацыю, што складваецца на будаўніцтве АЭС. "Я зыходжу з таго, што мы пазычылі грошы ў Расіі. Гэта прыкладна $10 млрд - кошт станцыі. І мы знайшлі падрадчыка, які будзе будаваць гэты аб'ект. Але з-за пэўных розначытанняў, магчыма, нарматыўна-прававых актаў, нейкіх нестыковак, з'яўляюцца пэўныя пытанні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    "Мы як дбайныя гаспадары павінны моцна трымаць грошы ў руках і выбіраць найбольш аптымальнае, таннае не на шкоду якасці і бяспецы, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта, напэўна, галоўнае, што я павінен кантраляваць як Прэзідэнт".

    У сваю чаргу Сяргей Кірыенка падзякаваў беларускаму боку за высокі давер. "Мы разумеем меру сваёй адказнасці. Мы павінны пабудаваць самую бяспечную станцыю. Яна павінна быць разумна таннай - наколькі магчыма не на шкоду надзейнасці і якасці. Яна таксама павінна быць пабудавана ў вельмі сціслыя тэрміны і з максімальнай магчымасцю загрузкі беларускіх прадпрыемстваў, асабліва будаўнікоў", - сказаў гендырэктар "Расатама".

    "Усе гэтыя абавязацельствы пацвярджаю. Мы так і рухаемся. У цэлым, лічу, сітуацыя на пляцоўцы добрая", - дадаў Сяргей Кірыенка.

    Гендырэктар "Расатама" даў высокую ацэнку рабоце беларускіх спецыялістаў на пляцоўцы, дзе ажыццяўляецца ўзвядзенне АЭС. "Трэба аддаць належнае, што і ўзровень кваліфікацыі, дысцыпліны, добрасумленных адносін да работы ў беларускіх арганізацый, якія ўдзельнічаюць у гэтым праекце, вельмі высокі", - сказаў Сяргей Кірыенка.

    У адказ на гэта Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што ў далейшым беларускія спецыялісты могуць прыцягвацца расійскім бокам для ўзвядзення атамных электрастанцый за мяжой. "Калі мы навучымся будаваць атамную станцыю, мы па вашых тэхналогіях разам з вамі гатовы рухацца па ўсім свеце, дзе вы будзеце будаваць", - адзначыў беларускі лідар.

    "Сапраўды, Вы абсалютна маеце рацыю. Мы гатовы паклікаць з сабой найбольш кваліфікаваныя арганізацыі, якія сябе добра праявяць. Не толькі ў Расіі, але і ў трэціх краінах", - пацвердзіў гендырэктар "Расатама".

    Сяргей Кірыенка расказаў, што на гэты момант па ўсім свеце ўжо закантрактавана будаўніцтва 22 новых блокаў. Гэта ў тым ліку нядаўнія кантракты ў Венгрыі, Фінляндыі, Іарданіі. Цана будаўніцтва аднаго энергаблока пачынаецца ад $5 млрд. А адпаведна агульны аб'ём кантрактаў на гэты час ацэньваецца больш як $110 млрд.

    Паводле слоў Сяргея Кірыенкі, праект Беларускай АЭС "Расатам" плануе выкарыстоўваць і пры будаўніцтве іншых такіх  аб'ектаў за мяжой. "Гэта самае сучаснае пакаленне 3+, з так званымі постфукусімскімі патрабаваннямі бяспекі. Калі б такі блок у дзень прыроднай катастрофы быў на Фукусіме, такіх наступстваў не было б. Ён спыніў бы работу, але забяспечыў бяспеку. Не было б ніякай аварыі, выхадаў радыяцыі", - падкрэсліў гендырэктар "Расатама".

    Сяргей Кірыенка таксама адзначыў, што праекты з аналагічнымі патрабаваннямі да бяспекі ўжо распрацавалі і іншыя сусветныя кампаніі, але перавага расійскіх тэхналогій у тым, што яны апрабаваны ўжо на практыцы.