Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Гендырэктарам МАГАТЭ Юкія Амана
Беларусь пацвярджае намер развіваць ядзерную энергетыку ў цесным узаемадзеянні з Міжнародным агенцтвам па атамнай энергіі. Аб гэтым заявіў 3 красавіка Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Генеральным дырэктарам МАГАТЭ Юкія Амана.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што свет перажывае асаблівы перыяд у развіцці мірнага атама пасля вядомых падзей у Японіі і праблем з ядзернай электрастанцыяй "Фукусіма", узнікшых пасля гэтай катастрофы рэакцый і намераў Германіі і іншых краін згарнуць ядзерныя праекты. "У гэты асаблівы перыяд мы цвёрда і адназначна заяўляем аб тым, што мы не проста маем намер пабудаваць атамную электрастанцыю, але і пачалі яе будаўніцтва", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Лічу, што МАГАТЭ - арганізацыя, зацікаўленая ў тым, каб такія, вядома ж, бяспечныя праекты ў свеце рэалізоўваліся”, - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што будаўніцтва АЭС праходзіць у краіне, якая найбольш пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. "І тое, што сёння насельніцтва падтрымлівае гэты праект, вельмі сімптаматычна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт заявіў: "Я цвёрда перакананы, што ядзернай энергетыцы быць і што гэта найбольш бяспечная сфера і найбольш бяспечны шлях атрымання таннай энергіі, у якой свет будзе мець усё большую патрэбу", - сказаў ён.
Звяртаючыся да Гендырэктара МАГАТЭ, Прэзідэнт выказаў надзею, што, пазнаёміўшыся з Беларуссю і ўбачыўшы ўсё на ўласныя вочы, ён зробіць для сябе пэўныя вывады, як працаваць з Беларуссю і ў якім напрамку.
"Калі будзе ваша садзейнічанне, падтрымка і адпаведныя ўмовы, мы гатовы і другую атамную станцыю пабудаваць у Беларусі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У сваю чаргу Юкія Амана падкрэсліў, што Беларусь - вельмі важны партнёр для МАГАТЭ, паколькі ў краіны ёсць свой сумны вопыт у сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС. Ён адзначыў, што аварыя на "Фукусіме" значна падарвала давер людзей да атамнай энергетыкі. Некаторыя краіны, такія як, напрыклад, Германія, вырашылі ўстрымацца ад выкарыстання ў далейшым атамнай энергіі, але некаторыя дзяржавы прынялі рашэнне яе развіваць. "Кожная краіна мае патрэбу ў развіцці энергетыкі, паляпшэнні жыцця свайго насельніцтва, і ў сувязі з гэтым з'яўляецца важным рашэнне аб выкарыстанні атамнай энергіі", - лічыць Гендырэктар МАГАТЭ.