Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з гендырэктарам Арганізацыі па забароне хімічнай зброі Ахметам Узюмджу

    Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка пацвярджае прыхільнасць Беларусі да міжнароднай Канвенцыі па забароне хімічнай зброі. Аб гэтым Прэзідэнт заявіў 19 мая на сустрэчы з гендырэктарам Арганізацыі па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ) Ахметам Узюмджу.

    Прэзідэнт Беларусі асабліва падкрэсліў той факт, што Арганізацыя па забароне хімічнай зброі атрымала Нобелеўскую прэмію міру. "Я лічу, што гэта прэмія заслужаная, таму што Вы і ваша арганізацыя, напэўна, упершыню ў гісторыі зрабілі такі маштабны крок па знішчэнні хімічнай зброі. Мы заўсёды супрацоўнічалі і будзем супрацоўнічаць з вашай арганізацыяй (нашай арганізацыяй, паколькі мы з'яўляемся яе членамі). Мы прыхільнікі міжнароднай Канвенцыі па забароне хімічнай зброі. І ў гэтай частцы вы можаце разлічваць на нашу падтрымку і дапамогу", - сказаў беларускі лідар.

    Беларусь таксама зацікаўлена ў стварэнні на сваёй тэрыторыі рэгіянальнага цэнтра перадавога вопыту ў галіне абароны ад хімічнай зброі. "Мы з'яўляемся прыхільнікамі пашырэння інтарэсаў арганізацыі на тэрыторыі Беларусі і хацелі б, каб рэгіянальнае аддзяленне існавала ў Беларусі. Мы зробім усё неабходнае, калі такое рашэнне будзе прынята, каб тут было камфортна працаваць спецыялістам, якія будуць займацца пытаннямі, звязанымі са знішчэннем і забаронай хімічнай зброі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт адзначыў, што з боку АЗХЗ да Беларусі ніколі не было прэтэнзій і заўваг у частцы работы хімічных і нафтахімічных прадпрыемстваў краіны. "Хачу вас запэўніць, што такі ўзровень работы нашых прадпрыемстваў будзе і ў далейшым", - сказаў беларускі лідар.

    У сваю чаргу Ахмет Узюмджу падкрэсліў высокі ўзровень узаемадзеяння АЗХЗ і Беларусі. "Наша арганізацыя ўдзячна Беларусі за тую дапамогу, якую аказвае ваша краіна дзейнасці арганізацыі, у тым ліку за дапамогу ў знішчэнні хімічнай зброі на тэрыторыі Сірыі", - сказаў гендырэктар АЗХЗ.

    "Наша мэта - поўнае знішчэнне хімічнай зброі на нашай планеце. І мы ўжо не далёкія ад дасягнення нашай мэты. Амаль 82 працэнты ўсёй хімічнай зброі, якая існавала на зямлі, ужо знішчана. Усе краіны - члены Канвенцыі, унеслі немалы ўклад у рэалізацыю яе палажэнняў", - сказаў Ахмет Узюмджу.