Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам

  • 1

Пытанні маючага адбыцца пасяджэння Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы абмеркаваны 5 снежня на сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Старшыні ВДС Аляксандра Лукашэнкі і Дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоты.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ёсць шэраг пытанняў, якія можа вырашыць толькі ВДС.

Кіраўнік беларускай дзяржавы папрасіў Рыгора Рапоту праінфармаваць аб тым, як ідзе падрыхтоўка парадку дня маючага адбыцца пасяджэння ВДС. "Што там не стыкуецца, магчыма, штосьці не ўзгоднена? Можа, цяпер патрэбна ўмяшанне прэзідэнтаў, каб менш было спрэчак на Вышэйшым Дзяржсавеце?" - запытаў Аляксандр Лукашэнка. Ён пацікавіўся таксама сітуацыяй з падрыхтоўкай да саюзнага Саўміна. "Гэта асноўны наш рабочы орган, усе пытанні абмяркоўваюцца там і ўносяцца на Вышэйшы Дзяржсавет", - адзначыў Прэзідэнт.

"Хацеў бы пачуць вашы ацэнкі беларуска-расійскіх адносін у кантэксце тых праблем, якія сёння ўзнікаюць, у тым ліку і канфлікту Еўрасаюза з Украінай, як гэта "праламляецца" на нашы адносіны, якія ўрокі, вывады мы павінны зрабіць", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы, звяртаючыся да Рыгора Рапоты.

Як адзначыў Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы, цяпер ідуць апошнія ўзгадненні тэрмінаў правядзення ВДС. Плануецца, што пасяджэнне Вышэйшага Дзяржсавета пройдзе ў канцы снежня. Што датычыцца парадку дня, то ён складаецца з некалькіх блокаў. Плануецца разгляд вынікаў бюджэтнай палітыкі на бягучы год і зацвярджэнне бюджэту на 2014 год, абмеркаванне эканамічнай палітыкі, у тым ліку вынікаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін за 2013 год, а таксама пытанняў перспектыўных напрамкаў развіцця Саюзнай дзяржавы, у прыватнасці ў сферы транспарту, энергетыкі. Акрамя таго, чакаецца, што будуць разгледжаны пытанні саюзнай уласнасці, узгодненай прамысловай палітыкі, а таксама сацыяльнай накіраванасці, у тым ліку звязаныя з праграмамі Саюзнай дзяржавы, якія ўжо выкананы або плануюцца для рэалізацыі ў наступным годзе.