Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з членам Палітбюро ЦК Камуністычнай партыі Кітая Сюй Цайхоу

    Беларусь выступае за далейшае паглыбленне ваеннага супрацоўніцтва з Кітаем. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 ліпеня на сустрэчы з намеснікам Старшыні Цэнтральнага ваеннага савета Кітайскай Народнай Рэспублікі, членам Палітбюро Цэнтральнага камітэта Кампартыі Кітая генерал-палкоўнікам Сюй Цайхоу.

    Кіраўнік дзяржавы ў пачатку сустрэчы з кітайскім госцем перадаў самыя добрыя пажаданні Старшыні КНР Ху Цзіньтаа. "Перадайце яму, што мы помнім тую вялікую падтрымку і дапамогу, якую ён асабіста аказваў і аказвае нашаму народу", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт пазітыўна ацаніў узровень беларуска-кітайскага ваеннага ўзаемадзеяння. "Мне вельмі прыемна сёння прымаць дэлегацыю Кітайскай Народнай Рэспублікі, Вас, члена Палітбюро ЦК КПК. У мяне ёсць магчымасць ад усёй душы падзякаваць вам за вялікую дапамогу і падтрымку, якую вы аказваеце не толькі нашай арміі, але і краіне", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі, звяртаючыся да кітайскага госця.

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што склаліся вельмі добрыя адносіны паміж кіраўніцтвам беларускага Міністэрства абароны і кітайскага ваеннага ведамства: "Я хацеў бы, каб гэтыя адносіны развіваліся і паглыбляліся".

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў вялікі асабісты ўклад Сюй Цайхоу ў паглыбленне адносін паміж ваеннымі ведамствамі Беларусі і КНР. "Гэта не толькі словы падтрымкі, але і канкрэтная дапамога, якая была прадэманстравана на ваенным парадзе на Дзень Незалежнасці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, маючы на ўвазе кітайскія ваенныя аўтамабілі, перададзеныя Узброеным Сілам Беларусі.

    Прэзідэнт падкрэсліў, што за вялікі асабісты ўклад у развіццё беларуска-кітайскага ваеннага супрацоўніцтва было прынята рашэнне аб узнагароджанні Сюй Цайхоу ордэнам Дружбы народаў.

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што нячаста высокай дзяржаўнай узнагароды Беларусі бываюць удастоены прадстаўнікі іншых дзяржаў. "Вы знаходзіцеся ў гэтым невялікім шэрагу ўзнагароджаных", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, уручаючы ордэн Дружбы народаў Сюй Цайхоу.

    Кітайскі госць падкрэсліў, што ўручаная ўзнагарода - гэта ацэнка не толькі асабіста яго дзейнасці, але і абароннага ведамства Кітая ў супрацоўніцтве з Беларуссю. "Гэта сведчанне вашага вялікага даверу і разумення", - сказаў кітайскі госць.

    Намеснік старшыні Цэнтральнага ваеннага савета КНР перадаў ад імя Ху Цзіньтаа самыя добрыя пажаданні і цёплае прывітанне беларускаму народу і беларускаму лідару.

    Сюй Цайхоу падкрэсліў, што Кітай і ў далейшым будзе ўмацоўваць дружбу і супрацоўніцтва з Беларуссю.