Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з чэмпіёнамі і прызёрамі ХХХ летніх Алімпійскіх гульняў

    Фінансавая падтрымка спартсменаў і трэнераў у Беларусі будзе залежаць непасрэдна ад дасягнутых вынікаў і заваяваных медалёў. Таксама неабходна прааналізаваць склад кіруючых кадраў у спорце і ацаніць вынікі іх дзейнасці. Адпаведныя даручэнні Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка даў 23 жніўня, сустракаючыся з чэмпіёнамі і прызёрамі ХХХ летніх Алімпійскіх гульняў.

    "Заваяваныя ўзнагароды - гэта не проста дастойная ацэнка працы кожнага атлета, але і прадмет асаблівай гордасці нашай краіны. Вашы поспехі нас радавалі і натхнялі. Я шчыра ўдзячны вам за тое, што Беларусь у Лондане была прадстаўлена на самым высокім узроўні", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    "Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі, часам сумніўнага судзейства, прадузятага стаўлення з боку асобных міжнародных спартыўных чыноўнікаў вы, тым не менш, праявілі высокае прафесійнае майстэрства і, вядома ж, волю да перамогі", - лічыць Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў поспехі стралка Сяргея Мартынава, які атрымаў пераканаўчую перамогу над сапернікамі і ўстанавіў пры гэтым два новыя сусветныя рэкорды, а таксама Вікторыі Азаранка і Максіма Мірнага. "Гэта ацэнка ўзмацняецца тым, што яны змаглі перамагчы гаспадароў тэніснага корта Уімблдона. Гэта, вядома, дарагога каштуе!" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    "Цудоўнага поспеху дабілася Аляксандра Герасіменя! Да яе ў гісторыі суверэннай Беларусі ў плаванні ў нас яшчэ ніколі не было алімпійскіх узнагарод. Цяпер - адразу дзве сярэбраныя, - адзначыў Прэзідэнт. - Спадзяюся, што дасягненне Сашы паслужыць арыенцірам для астатніх, у тым ліку юных спартсменаў".

    Аляксандр Лукашэнка падзякаваў усім атлетам, якія не шкадавалі сіл, ставілі перад сабой амбіцыйныя задачы і дабіваліся цудоўных вынікаў, а таксама трэнерскаму складу і многім іншым, хто прывёў спартсменаў да трыумфу. "Адзначу, што мы перажывалі за кожнага нашага спартсмена. Паколькі Алімпіяда - гэта асаблівыя спаборніцтвы, якія патрабуюць вялікай канцэнтрацыі і псіхалагічнай загартоўкі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падзякаваў чэмпіёнам і прызёрам Алімпіяды ў Лондане за высокае майстэрства і патрыятызм, якія былі прадэманстраваны ўсяму свету. "Няхай вашы перамогі прынясуць пазітыўныя эмоцыі нашаму народу, а пачуццё гордасці за краіну, якая выхавала вас, натхняе юных спартсменаў, вядзе іх да высокіх мэт і здзяйсненняў!" - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Разам з тым Прэзідэнт прызнаў, што некаторыя задачы, пастаўленыя перад беларускай камандай, засталіся нявыкананыя. "На жаль, не ўсе змаглі справіцца з напружаннем, настроіцца на перамогу ў жорсткім проціборстве сапернікам. Ну і што граху таіць, некаторыя наогул былі не гатовы выступаць на алімпійскіх спаборніцтвах", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў параўнанні з папярэднімі Алімпіядамі ў медальным заліку Беларусь апусцілася. Паводле яго слоў, у асобных відах спорту вынікі проста засмучальныя. Прэзідэнт паабяцаў, што гэта стане прадметам для асобнай грунтоўнай размовы пасля дэталёвага аналізу вынікаў выступлення беларускіх алімпійцаў.

    "Наперадзе нас чакаюць Алімпіяда ў Сочы і Рыа-дэ-Жанейра. Трэба знайсці мужнасць прызнаць дапушчаныя памылкі, улічыць набыты вопыт і настойліва, самааддана працаваць на вынік", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка ўручыў прызёрам Алімпійскіх гульняў, трэнерам дзяржаўныя ўзнагароды, прысвоіў ганаровыя званні, аб'явіў Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

    Акрамя ўрачыстай часткі таксама адбылася прадметная размова наконт таго, як павысіць рэзультатыўнасць у спорце, што для гэтага павінна зрабіць дзяржава, а што самі спартсмены і трэнеры. Гэта абмеркаванне стала своеасаблівым пралогам маючай адбыцца маштабнай нарады на спартыўную тэматыку з удзелам Прэзідэнта: "Мы вельмі прынцыпова і сур'ёзна разгледзім пытанні развіцця нашага спорту і запатрабуем з тых, хто павінен быў даць вынік, але не даў. Мы не спяшаемся. Сёння мне далажылі, што завяршаецца дэталёвы аналіз вынікаў. Але тое, што меры будуць прыняты самыя строгія, на гэта вы можаце разлічваць".

    Двухразовы сярэбраны прызёр Алімпіяды па плаванні Аляксандра Герасіменя канстатавала, што ў многіх відах спорту, у тым ліку ў плаванні, сёння не хапае дасведчаных кіраўнікоў, якія могуць выбудаваць піраміду, пачынаючы ад юнацкага спорту да спорту вышэйшых дасягненняў. Таму слабее рэзерв, і часам на змену знакамітым спартсменам няма каму прыйсці. Спартсменка папрасіла Кіраўніка дзяржавы дапамагчы з пошукам кандыдатуры на пасаду старшыні федэрацыі плавання, які змог бы вывесці гэты від спорту на больш высокі ўзровень.

    Аляксандр Лукашэнка нечакана хутка вырашыў пытанне, прапанаваўшы на гэту ролю віцэ-прэм'ера Анатоля Тозіка: "У яго ёсць рэсурс, каб прыцягнуць любога. Гэта чалавек, які адказвае першы ва Урадзе, ды і ў краіне за развіццё відаў спорту". Прысутны на сустрэчы віцэ-прэм'ер у сваю чаргу згадзіўся ўзяць на сябе гэты абавязак.

    У цэлым Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна сур'ёзна падысці да складу кіруючых кадраў у спорце і ацаніць вынікі іх дзейнасці. "Я заўсёды папярэджваў: настане час, трэба будзе адказваць за вынікі". "Трэба многім рыхтавацца і да таго, я гэта публічна сёння аб'яўляю, што шалёных грошай у спорце больш не будзе. Толькі за канкрэтны вынік. Выдаў вынік - калі ласка, атрымлівай грошы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    У якасці прыкладу Кіраўнік дзяржавы прывёў вынікі ў мастацкай гімнастыцы, дзе прадстаўніцы Беларусі на розных спаборніцтвах рэгулярна заваёўваюць прызавыя месцы. "Яны заслужылі, каб у іх быў палац. І ён будзе. Ужо даручана, і мы рыхтуем дакументацыю для будаўніцтва. Спартыўная гімнастыка і гімнастыка мастацкая. Самыя лепшыя будуць для іх створаны ўмовы", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

    Адначасова Прэзідэнт лічыць недапушчальным "мірыцца з тым, як дэградуе спартыўная гімнастыка". Тым больш, у Беларусі ў гэтай сферы ёсць кваліфікаваныя трэнеры: "Усё мы можам. І пры тых адносінах дзяржавы да спорту, як у Беларусі, такія вынікі недапушчальныя".

    Пэўную долю крытыкі Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў у сувязі з адсутнасцю чаканых вынікаў у лёгкай атлетыцы, барацьбе, фехтаванні, веславанні і некаторых іншых відах спорту. "Я лічу, што вінаваты і спартсмены, і трэнеры перш за ўсё, а затым арганізатары, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Я заклікаю вас перастаць скардзіцца на кагосьці, а шукаць прычыну ў сабе. Тады вы штосьці зможаце".

    "Спорт даўно перастаў быць спортам. Ён даўно стаў вялікай палітыкай, і вы бачыце, што адбываецца. Таму раю спартсменам, якія думаюць далей выступаць, ужо сёння пачынаць рыхтавацца да маючых адбыцца чэмпіянатаў свету і Алімпійскіх гульняў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што яго роля як Прэзідэнта ў тым, каб стварыць для спартсменаў нармальныя ўмовы, каб яны маглі паўнацэнна трэніравацца ў Беларусі, а не за мяжой. Больш таго, нават многія прызёры і чэмпіёны з іншых краін сёння выбіраюць Беларусь у якасці базы для падрыхтоўкі. "Так, у нас, можа, сапраўды не ўсё зроблена ў спорце так, як у Амерыцы, Кітаі. Але для таго, каб выступаць не горш, чым у мінулыя гады, ёсць усё, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Я ж ад вас не патрабую вынікаў Вялікабрытаніі або Расіі. Я кажу аб дынаміцы, што мы не расцём і не рухаемся ў адным напрамку, а зваліліся. Вось у чым пытанне. Умовы ж горшымі ў цэлым не сталі, а на парадак лепшыя".

    "Сёння настаў час не тлумачыць і расказваць, як было цяжка, а адказваць за вынік. Вось у чым розніца сённяшняга дня і адрозненне ад дня ўчарашняга, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Мы паглядзім у дынаміцы. Тым больш, я ад вас не патрабую завоблачных вынікаў".

    "Трэба шукаць людзей, якія могуць арганізаваць той або іншы від спорту і не страціць яго. Калі мы хочам заваёўваць медалі, трэба захаваць тыя школы, якія ў нас развіваюцца, і дзе мы маем патэнцыял", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, неабходна перагледзець сістэму заахвочванняў у спорце, у тым ліку не забываючы аб трэнерах пачатковага звяна, якія павінны займацца пошукам і рыхтаваць да вялікага спорту таленавітых дзяцей.

    "Паглядзім і на трэнераў унізе, што яны павінны атрымліваць. Але перш за ўсё, што яны павінны выдаць, як яны павінны працаваць. У краіне з рыначнай эканомікай плацяць толькі за вынік, але мы гатовы і за работу заплаціць. А калі яшчэ і вынік будзе - тады гонар і павага", - сказаў Прэзідэнт.

    Што датычыцца знакамітых трэнераў, якія працуюць з нацыянальнымі камандамі, то іх першачарговай задачай павінна стаць не толькі падрыхтоўка спартсменаў, але і дастойнай змены. "Калі вы хочаце застацца ў народнай памяці назаўсёды, дайце замену. Пакажыце тых дзяцей, з якімі можна працаваць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на высокай адказнасці кіраўніка федэрацыі і галоўнага трэнера: "Вы павінны прадыктаваць умовы, як павінна быць у вобласці, раёне або вёсцы". Таксама патрэбны кантроль за эфектыўным выкарыстаннем наяўнай трэніровачнай базы.

    У гэтым жа ключы выказаліся галоўны трэнер нацыянальнай каманды па мастацкай гімнастыцы Ірына Ляпарская і галоўны трэнер нацыянальнай каманды па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч. Асноўныя праблемы ў гэтых відах спорту вельмі падобныя - пошук і падбор таленавітых спартсменаў на стадыі дзіцяча-юнацкага спорту, актыўнае далучэнне да гэтай работы рэгіёнаў, а таксама неабходнасць дадатковага матэрыяльнага стымулявання трэнераў пачатковага і сярэдняга звяна.

    Уладзімір Шантаровіч узняў праблему размежавання службовых абавязкаў галоўнага і дзяржаўнага трэнераў, вызвалення іх ад выканання некаторых неўласцівых функцый. Паводле слоў трэнера, нярэдка ўзнікаюць цяжкасці і пры ўзаемадзеянні з мясцовымі выканаўчымі органамі.

    Прэзідэнт лічыць, што прыярытэт у вызначэнні шляхоў развіцця відаў спорту павінен быць аддадзены менавіта галоўным трэнерам, і неабходна павышаць іх ролю ў гэтай рабоце.

    У падтрымку таго, каб падпарадкаваць дзяржаўнага трэнера галоўнаму, выказаўся і Анатоль Тозік: "Стратэгію павінен вызначаць галоўны трэнер, а дзяржаўны ў плане арганізацыі ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі і іншымі структурамі павінен выконваць яго волю".

    "Фінансавая падтрымка нашых спартсменаў павінна застацца ў такім жа аб'ёме, але інакш размяркоўвацца: бягучыя плацяжы - меншыя і значна большыя за перамогі на чэмпіянатах", - лічыць віцэ-прэм'ер.

    На думку Анатоля Тозіка, неабходна актыўна далучаць навуку для павышэння спартыўных дасягненняў. "Проста па натхненню больш, напэўна, не зможам зрабіць. Магчыма, стварыць буйны рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр па спорце", - выказаў ён меркаванне.

    Таксама існуе неабходнасць у стварэнні добрай юрыдычнай службы ў спорце, каб аператыўна і правільна ў прававых адносінах рэагаваць на розныя сітуацыі.

    Новыя падыходы ў арганізацыі трэніровачнага працэсу, несумненна, дадуць магчымасць выйсці беларускім спартсменам на новы ўзровень.

    У гэтым сэнсе сімвалічна прагучалі словы, сказаныя Прэзідэнтам у адрас залатога прызёра па лёгкай атлетыцы на Алімпійскіх гульнях у Лондане Надзеі Астапчук: "Надзя, жыццё не заканчваецца! І ты яшчэ не аднойчы маеш магчымасць выцерці сяму-таму нос. Вялікім заўсёды дастаецца".

    У цэлым Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад адказных чыноўнікаў, трэнераў, спартсменаў перагледзець свае падыходы да спорту, асабліва ў частцы фінансавання: "Я не кажу, што ў нас няма грошай. Мы знойдзем, але за вынік".