Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з акцыянерам ААТ "Уралкалій" Сулейманам Керымавым

    Пытанні сумесных дзеянняў на рынку калійных угнаенняў і перспектывы супрацоўніцтва абмяркоўваліся 20 мая на сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з членам Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі - акцыянерам ААТ "Уралкалій" Сулейманам Керымавым.

    Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў цяперашніх умовах бакі павінны ўзмацніць сваё адзінства ў сферы рэалізацыі калійных угнаенняў.

    "Любая спроба дзейнічаць паасобку, асабліва цяпер, мы ж стварылі адзіную кампанію па рэалізацыі калійных угнаенняў, будзе толькі шкодзіць і "Уралкалію" з аднаго боку, і "Беларуськалію" з другога, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - І мы не скрываем, што будзем узмацняць нашы дзеянні па адзінству на рынку калійных угнаенняў".

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта пазіцыя беларускай дзяржавы, якой прытрымліваюцца ўсе: пачынаючы ад кіраўніка кампаніі, якая выпускае калійныя ўгнаенні, і да Прэзідэнта.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гатовы выслухаць любыя прапановы расійскага боку ў рамках такой канцэпцыі.