Афіцыйны візіт Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева
- 4
- 2:25
Беларусь разглядае Казахстан у якасці апорнай пляцоўкі для ўмацавання эканамічнай прысутнасці ў рэгіёне Цэнтральнай Азіі і гатова стаць для Казахстана "заходнімі варотамі" на шляху ў Еўропу. Аб гэтым 14 мая заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў ходзе перагавораў з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым, які знаходзіўся ў Беларусі з афіцыйным візітам.
Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі шырокае кола пытанняў двухбаковых адносін, вынікі і перспектывы ўзаемадзеяння ў розных сферах. Перагаворы прайшлі ў вузкім і пашыраным складзе. Напярэдадні афіцыйнай часткі візіту Нурсултана Назарбаева ў Беларусь прэзідэнты сустрэліся ў нефармальнай абстаноўцы ў Белавежскай пушчы. Аляксандр Лукашэнка прымаў свайго казахстанскага калегу ў рэзідэнцыі "Віскулі".
"Мы мелі магчымасць шмат часу правесці ўдваіх, абмеркаваць шмат пытанняў, якія трэба было абмеркаваць у асабістым плане і на міждзяржаўным узроўні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік беларускай дзяржавы назваў сімвалічным тое, што візіт Прэзідэнта Казахстана ў Беларусь адбыўся ў год 20-годдзя ўстанаўлення паміж краінамі дыпламатычных адносін. Ён з задавальненнем канстатаваў, што дзяржавы падышлі да гэтай даты са значным багажом высокіх дасягненняў і напрацовак практычна ва ўсіх сферах беларуска-казахстанскага ўзаемадзеяння.
Прэзідэнт Беларусі падзякаваў свайму калегу за тое, што ён цвёрда прытрымліваецца свайго слова. "Мы дамовіліся, што кожны год знойдзем час для сустрэчы, каб пракантраляваць выкананне нашых дамоўленасцей", - растлумачыў ён.
На думку Кіраўніка беларускай дзяржавы, гэта прывяло да таго, што Беларусь і Казахстан наблізіліся да ўзроўню $1 млрд. у двухбаковым гандлі таварамі і паслугамі. "Гэта кропля ў моры. Мы павінны ў два разы павялічыць наш тавараабарот, тым больш што вялікіх перашкод для гэтага няма. А перспектывы наперадзе яшчэ лепшыя", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.
Казахстан займае 3-е месца ў СНД пасля Расіі і Украіны ў гандлі з Беларуссю. "Калі б Казахстан быў побач, як Украіна, я ўпэўнены, што быў бы значна большы тавараабарот", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што эканомікі дзвюх краін узаемадапаўняльныя.
"Што датычыцца АЭП, у нас абсалютна ідэнтычныя погляды. Мы ў гэтым напрамку працуем, у нас вялікія перспектывы", - упэўнены Прэзідэнт Беларусі.
"Сёння важна эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці Адзінай эканамічнай прасторы, а ў перспектыве і Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэта дасць магчымасць вывесці нашы адносіны на больш высокую, якасна новую ступень", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі лічыць, што свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг, капіталу, працоўных рэсурсаў дасць магчымасць максімальна задзейнічаць патэнцыял як Беларусі, так і Казахстана. "Гэта павінна забяспечыць устойлівы эканамічны рост у нашых дзяржавах", - лічыць беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь зацікаўлена ў тым, каб у бліжэйшы час выйсці на буйныя сумесныя праекты не толькі ў прамысловай кааперацыі, але і ў энергетычнай сферы, транспарце, лагістыцы, галіне новых тэхналогій, тэлекамунікацый, аграпрамысловым комплексе.
Беларусь разлічвае таксама, што новыя ўмовы дадуць магчымасць значна актывізаваць інвестыцыйнае супрацоўніцтва. "Спадзяёмся, што казахстанскі капітал будзе ўдзельнічаць у працэсах прыватызацыі ў нашай краіне", - сказаў Прэзідэнт Беларусі. У сваю чаргу для беларускіх прадпрыемстваў інтарэс мае больш актыўнае ўключэнне ў рэалізацыю казахстанскіх дзяржаўных праграм, у тым ліку па мадэрнізацыі эканомікі гэтай краіны.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на агульнасць поглядаў і падыходаў дзвюх краін. "Беларусь і Казахстан не маюць рознагалоссяў у рамках палітычнага дыялогу. У нас падобныя погляды на актуальныя праблемы міжнароднага парадку дня, адзіныя падыходы да прынцыпаў развіцця еўразійскай інтэграцыі. Абедзве дзяржавы нацэлены ў першую чаргу на выкананне сацыяльна арыентаваных задач і павышэнне дабрабыту нашых народаў", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Ён з задавальненнем адзначыў сістэмны характар двухбаковых адносін. Па ўсіх ключавых напрамках - у эканоміцы, навукова-тэхнічнай сферы, культурна-гуманітарных сувязях у краін вызначана стратэгія сумеснай работы на сярэднетэрміновую перспектыву. На міжурадавым узроўні зацверджана "Дарожная карта" развіцця двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва на 2012-2013 гады. Гэты дакумент уключае каля 60 сумесных мерапрыемстваў і праектаў ва ўсіх сферах узаемадзеяння.
Беларусь разлічвае і ўжо атрымала падтрымку Прэзідэнта Казахстана на тое, каб мець у гэтай краіне пляцоўку, з якой можна было б працаваць на ўсёй тэрыторыі Цэнтральнай Азіі і нават у Кітаі. "Вашы інтарэсы мы заўсёды з задавальненнем прадставім у Еўропе. Гэта будзе ваша ўнікальная пляцоўка для работы ў Еўрапейскім саюзе і на захадзе Мытнага саюза", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да казахстанскага боку.
Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на паспяхова рэалізуемыя сумесныя праекты па выпуску на тэрыторыі Казахстана трактароў, камбайнаў, кар'ернай, аўтамабільнай, спецыяльнай тэхнікі, сельскагаспадарчых машын. Цяпер у актыўнай стадыі рэалізацыі знаходзяцца 13 сумесных праектаў, 7 з якіх уключаны ў дзяржаўныя праграмы Казахстана.
Падводзячы вынікі праведзеных перагавораў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што бакі намецілі вялікія планы па ўзаемадзеянню ў галіне сельскай гаспадаркі, транспарту, лагістыкі. Сярод іншых абмяркоўваўся праект стварэння транспартнага калідора ад Кітая да ўзбярэжжа Атлантычнага акіяна. "Мы будзем заўтра весці размову з Прэзідэнтам Расіі, каб утрох мадэрнізаваць, а дзе неабходна і пабудаваць дарогі. Мы зможам амаль напалавіну скараціць шлях тавараў з Еўропы ў Казахстан і наадварот", - сказаў беларускі лідар.
Беларускі бок запрасіў казахстанскі капітал удзельнічаць у інвесціраванні ў беларускія прадпрыемствы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова аказаць прыярытэтную падтрымку інтарэсам інвестараў з Казахстана. Беларусь таксама гатова прымаць казахстанскі бізнес, які захоча ўдзельнічаць у працэсах прыватызацыі.
Акрамя таго, дынамічна развіваецца гуманітарнае супрацоўніцтва, краіны актыўна ўзаемадзейнічаюць у сферы адукацыі, навукі і культуры. "Думаю, што наша сённяшняя сустрэча стане зыходным пунктам у раскрыцці новых напрамкаў супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Казахстана таксама адзначыў добрую дынаміку сумесных сустрэч з кіраўніком беларускай дзяржавы. "Мы штогод сустракаемся, маем вялікую праграму ўзаемадзеяння. Беларусь для Казахстана з'яўляецца стратэгічным партнёрам, блізкім сябрам і саюзнікам", - адзначыў Нурсултан Назарбаеў.
Паводле яго слоў, супрацоўніцтва Беларусі і Казахстана тым больш важнае таму, што абедзве краіны з'яўляюцца членамі Адзінай эканамічнай прасторы. "Гэта нас яшчэ больш збліжае", - падкрэсліў Прэзідэнт Казахстана. - На постсавецкай прасторы бліжэй саюзнікаў, чым Беларусь, Расія і Казахстан, няма. І гэтым усё сказана".
Нурсултан Назарбаеў разлічвае, што яго цяперашні візіт дасць магчымасць узняць супрацоўніцтва Беларусі і Казахстана, асабліва ў гандлёва-эканамічнай сферы, на новы ўзровень. Ён падкрэсліў, што Беларусь - адзін са значных і важных палітычных і эканамічных партнёраў Казахстана.
Паводле слоў казахстанскага лідара, краіны знаходзяць узаемаразуменне па ўсім спектры пытанняў як ва ўнутранай палітыцы, так і на міжнароднай арэне, цесна ўзаемадзейнічаюць у рамках рэгіянальных інтэграцыйных аб'яднанняў, адно з якіх Адзіная эканамічная прастора.
"Зрабіць гэта аб'яднанне раўнапраўным, незалежным і працаваць на карысць усіх трох краін - гэта наша галоўная задача. Мытны саюз, АЭП за два гады паказалі сваю эфектыўнасць у павелічэнні тавараабароту, - сказаў Нурсултан Назарбаеў. - Мы на шляху да стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза пасля таго, як умацуем АЭП. Мы ў дэкларацыях напісалі, што да 2013 года Расія падыдзе да магчымасці вырашэння пытання чыгуначных тарыфаў, а да 2015 года завершыць па манапалістах - трубаправоднаму, газаправоднаму транспарту, і мы тады падыдзем да стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза".
Як адзначыў казахстанскі лідар, у практычнай рэалізацыі знаходзяцца пытанні, якія абмяркоўваліся ў ходзе папярэдніх сустрэч лідараў дзвюх краін, у прыватнасці, "Дарожная карта" развіцця двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва на 2012-2013 гады.
Паводле слоў Нурсултана Назарбаева, Казахстан цяпер рэалізуе праграму фарсіраванага індустрыяльнага інавацыйнага развіцця. У рэалізацыі гэтай праграмы прымаюць удзел і беларускія партнёры. У Казахстане працуюць сэрвісныя цэнтры беларускіх прадпрыемстваў, функцыянуюць дзясяткі сумесных прадпрыемстваў, некалькі гандлёвых дамоў, значная колькасць прадстаўніцтваў і дылераў розных беларускіх кампаній.
"Мае інтарэс супрацоўніцтва па сумеснай вытворчасці аўташын. Ёсць база і магчымасці для стварэння завода аўташын у Казахстане", - заявіў казахстанскі лідар.
Нурсултан Назарбаеў даў высокую ацэнку праведзеным перагаворам: "Іх галоўны вынік - вызначэнне далейшых шляхоў развіцця і ўмацавання адносін".
Успамінаючы нефармальную сустрэчу прэзідэнтаў напярэдадні ў Белавежскай пушчы, Нурсултан Назарбаеў з асаблівай цеплынёй адзначыў, што меў магчымасць не толькі абмяняцца думкамі з Аляксандрам Лукашэнкам па актуальных пытаннях двухбаковых адносін, але і "паглядзець унікальны куток планеты". Ён таксама адзначыў чысціню і дагледжанасць беларускіх вёсак і сельгасугоддзяў.
"Я ўскосна азнаёміўся са станам спраў у сельскай гаспадарцы, праехаў па дарогах Беларусі. Хто звысоку глядзіць на Беларусь, у тым ліку мае калегі, я рэкамендаваў бы ім прыехаць сюды і больш падрабязна азнаёміцца з вялікімі дасягненнямі Беларусі за 20 гадоў незалежнасці.
Гэта маё асабістае меркаванне, вывад з таго, што я сам бачыў", - сказаў Нурсултан Назарбаеў.
Прэзідэнт Казахстана павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з адсвяткаваным Днём Перамогі і асабліва падкрэсліў гераізм беларускага народа ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Усе дасягнутыя ў ходзе перагавораў дамоўленасці былі адлюстраваны ў сумеснай заяве, падпісанай прэзідэнтамі дзвюх краін, а таксама іншых дакументах, заключаных у час візіту казахстанскай дэлегацыі ў Беларусь.
У прыватнасці, у сумеснай заяве канстатаваны паступальны характар развіцця казахстанска-беларускіх адносін, заснаваных на стратэгічным партнёрстве. Бакі пацвердзілі, што далейшае іх паглыбленне з'яўляецца прыярытэтным напрамкам знешняй палітыкі абедзвюх дзяржаў.
Беларусь і Казахстан маюць намер актыўна супрацоўнічаць у рамках розных інтэграцыйных аб'яднанняў і міжнародных арганізацый, у тым ліку ў ААН, АБСЕ, ШАС, АДКБ, СНД, АЭП.
"Бакі будуць аказваць узаемную падтрымку на міжнародных пляцоўках па пытаннях правоў чалавека, сумесна выступаць супраць спроб выкарыстання праваабарончай тэматыкі ў якасці механізма палітычнага націску", - адзначаецца ў сумеснай заяве.
Акрамя таго, будзе прадоўжана цесная каардынацыя дзеянняў у Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) у мэтах далейшага развіцця агульных прыярытэтаў і ініцыятыў, накіраваных на выпраўленне існуючых дысбалансаў і павышэнне эфектыўнасці работы гэтай арганізацыі. "Асноўная ўвага будзе ўдзяляцца пытанням міжнародна-прававога афармлення АБСЕ і прыняцця ўстаноўчага дакумента арганізацыі, забеспячэнню транспарэнтнасці ў рабоце яе інстытутаў і палявых прысутнасцей, а таксама ўпарадкаванню назірання за выбарамі па лініі АБСЕ", - гаворыцца ў заяве.
Казахстан таксама паабяцаў падтрымку Беларусі ў пытанні атрымання статусу наглядальніка ў Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва.
У сумеснай заяве бакі падкрэсліваюць агульнасць і падабенства поглядаў па ключавых міжнародных і рэгіянальных праблемах, пацвярджаюць прыхільнасць сумесным дзеянням, накіраваным супраць гандлю людзьмі, выказваюцца за неабходнасць вырашэння глабальных экалагічных праблем.
У дакуменце таксама адзначана задавальненне шматвектарным характарам прымаемых мер па рэалізацыі стратэгіі развіцця двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У мэтах паглыблення казахстанска-беларускага партнёрства ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурна-гуманітарнай і іншых сферах бакі дамовіліся актывізаваць работу па ўсебаковаму выкарыстанню патэнцыялаў дзвюх дзяржаў і ў сувязі з гэтым даручылі ўрадам у бліжэйшай перспектыве сканцэнтраваць намаганні на шэрагу прыярытэтных напрамкаў.
Акрамя таго, у прысутнасці прэзідэнтаў быў падпісаны пакет дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах.
Падпісана пагадненне паміж урадамі Беларусі і Казахстана аб узаемным прадастаўленні зямельных участкаў для размяшчэння дыпламатычных прадстаўніцтваў. Таксама падпісана пагадненне паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і Міністэрствам сельскай гаспадаркі Казахстана аб супрацоўніцтве ў галіне сельскай гаспадаркі і харчавання.
Акрамя таго, у прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве паміж ААТ "АГАТ - сістэмы кіравання" - кіруючая кампанія холдынга "Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання" і АТ "Нацыянальная кампанія "Казахстан інжынірынг" і мемарандум аб узаемаразуменні і стратэгічным супрацоўніцтве паміж Беларускім дзяржаўным канцэрнам па нафце і хіміі і АТ "КазМунайГаз".
"Перакананы, што рэалізацыя дамоўленасцей будзе садзейнічаць умацаванню нашага стратэгічнага партнёрства", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуўся да казахстанскага народа, адзначыўшы, што ён "павінен ведаць, помніць і разумець, што тут, на заходняй граніцы Мытнага саюза, Еўразійскага эканамічнага саюза ёсць надзейныя сябры, якія з высокай адказнасцю гатовы прадстаўляць вашы інтарэсы ў любым пункце Еўрапейскага кантынента".
Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся і ў будучым штогод сустракацца на самым высокім узроўні, каб кантраляваць выкананне дасягнутых дамоўленасцей.