Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са Старшынёй Выканкама СНД Сяргеем Лебедзевым

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка лічыць недапушчальным разбураць СНД. Аб гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў 5 мая на сустрэчы са Старшынёй Выканаўчага камітэта - Выканаўчым сакратаром СНД Сяргеем Лебедзевым.

    "Шчыра кажучы, мы перажываем няпросты перыяд", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што з існуючымі праблемамі ўдасца справіцца. "Але разбураць, няхай нават не зусім такую, якую мы хацелі б, Садружнасць, да якой мы імкнёмся, тым не менш нельга", - падкрэсліў беларускі лідар.

    "Таму мы з вамі прынялі рашэнне аб тым, што СНД была, ёсць і будзе, што мы павінны працаваць, і рашэнне аб тым, што, калі па пэўных прычынах Украіна не зможа старшынстваваць у гэтым годзе ў Садружнасці, мы возьмем на сябе гэту адказнасць як дзяржава, дзе размешчана штаб-кватэра Садружнасці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка папрасіў Сяргея Лебедзева праінфармаваць яго аб падзеях, звязаных з падрыхтоўкай пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД. "Але да гэтага і кіраўнікі ўрадаў, і іншыя ведамствы павінны правесці свае мерапрыемствы і падрыхтаваць гэты савет, каб ён быў эфектыўным і рэзультатыўным", - дадаў Прэзідэнт.

    Сяргей Лебедзеў выказаў Кіраўніку беларускай дзяржавы шчырую ўдзячнасць за гатоўнасць другі раз запар прыняць старшынства ў СНД і правесці на беларускай зямлі шэраг важных форумаў, якія першапачаткова планаваліся ва Украіне. "Вы вельмі хутка падхапілі сцяг СНД. Мне імпануюць Вашы словы, што па-іншаму і быць не магло, паколькі штаб-кватэра СНД знаходзіцца ў Мінску. У мяне і ў дзяржавах Садружнасці ёсць упэўненасць, што старшынства Беларусі другі год запар пройдзе даволі паспяхова", - заявіў Старшыня Выканкама СНД.

    У размове з журналістамі па выніках сустрэчы Сяргей Лебедзеў падкрэсліў, што Беларусь традыцыйна выступала і выступае за захаванне і ўмацаванне інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў СНД, што пацвердзіў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

    "Мінулы год старшынства Беларусі ў СНД паказаў актыўны і зацікаўлены ўдзел усіх структур улады, грамадзян Беларусі ў інтэграцыйным супрацоўніцтве. Першыя крокі ўжо ў новым старшынстве ў гэтым годзе паказваюць, што многія мерапрыемствы, якія запланаваны ў бягучым годзе ў інтэграцыйным узаемадзеянні, будуць праведзены і паслужаць далейшаму ўмацаванню інтэграцыйнага супрацоўніцтва", - сказаў Сяргей Лебедзеў.

    У прыватнасці, на тэрыторыі Беларусі ў час старшынства ў СНД будзе праведзена нямала розных форумаў і канферэнцый. Бліжэйшае з буйных мерапрыемстваў - сустрэча кіраўнікоў урадаў Садружнасці 30 мая ў Мінску. "Мы цяпер з апаратам урада Беларусі ўжо заняты канкрэтнай падрыхтоўкай гэтага мерапрыемства. Спадзяёмся на прыезд усіх кіраўнікоў урадаў краін СНД, у тым ліку чакаем, што будуць і прадстаўнікі Украіны. Гэта адпавядала б інтарэсам і самой Украіны, і, зразумела, інтарэсам краін Садружнасці", - сказаў Сяргей Лебедзеў.

    Паводле яго слоў, у парадку дня маючага адбыцца пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў 20 важных пытанняў, якія датычацца захавання і ўмацавання інавацыйнага супрацоўніцтва, узаемадзеяння ў гуманітарнай сферы, адукацыі, умацавання ўзаемадзеяння ў інфармацыйнай сферы і інш.

    Сустрэчу на вышэйшым узроўні - пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД - плануецца правесці ў Мінску ў сярэдзіне кастрычніка. Напярэдадні традыцыйна пройдзе сустрэча міністраў замежных спраў Садружнасці.

    У Мінску таксама плануецца правесці з'езд настаўнікаў краін СНД. Прадстаўнікі краін Садружнасці таксама будуць удзельнічаць у серыі мерапрыемстваў, прысвечаных 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Традыцыйна прадстаўнікі дзяржаў СНД прымуць удзел у асеннім кінафестывалі "Лістапад".

    Акрамя таго, у Беларусі будуць праведзены пасяджэнні шэрага галіновых саветаў, якія раней планавалася правесці ва Украіне.

    У час сустрэчы з Прэзідэнтам у тым ліку абмяркоўвалася сітуацыя ў СНД. "Трэба прызнаць, яна не вельмі простая. Мы з трывогай і заклапочанасцю гаварылі аб развіцці падзей ва Украіне. Гэта наш гістарычны традыцыйны партнёр і сусед незалежна ад членства ў СНД, звязаны з іншымі краінамі Садружнасці мільёнамі вузаў", - сказаў Старшыня Выканкама СНД.

    "Усе дзяржавы Садружнасці выступаюць за хутчэйшую стабілізацыю сітуацыі ва Украіне, за дасягненне міру і згоды ва ўкраінскім грамадстве. Гэта адпавядала б інтарэсам не толькі ўкраінскага народа, але і інтарэсам усіх краін СНД. Гэта асабліва сёння падкрэсліў і Прэзідэнт Беларусі", - расказаў Сяргей Лебедзеў па выніках сустрэчы.