Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са Старшынёй Выканаўчага камітэта СНД Сяргеем Лебедзевым

     

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Старшыня Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД Аляксандр Лукашэнка 22 кастрычніка сустрэўся са Старшынёй Выканаўчага камітэта - Выканаўчым сакратаром СНД Сяргеем Лебедзевым.

    Сустрэча адбылася напярэдадні маючага адбыцца 25 кастрычніка ў Мінску пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, якое Беларусь будзе праводзіць як старшыня ў бягучым годзе ў Садружнасці. У цэнтры ўвагі былі пытанні падрыхтоўкі і правядзення гэтага важнага форуму.

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "Мінск з'яўляецца добрым месцам для правядзення перагавораў па паглыбленню інтэграцыі дзяржаў на постсавецкай прасторы". "І не толькі на постсавецкай. Лічу, настане той час, калі мы будзем весці дыялог аб інтэграцыі інтэграцый", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт растлумачыў, што мае на ўвазе Еўрапейскі саюз, дзяржавы АЦЭС, суседзяў на Усходзе, на Захадзе. "Я на гэта вельмі спадзяюся, і калі гэта адбудзецца, то Мінск будзе такой жа цудоўнай пляцоўкай для вядзення такіх перагавораў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    "Сёння ў нас задача няпростая - праз пару дзён адбудзецца значнае мерапрыемства, пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў, а напярэдадні - эканамічны форум Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, дзе будуць абмяркоўвацца прынцыповыя пытанні, - адзначыў Прэзідэнт. - Магчыма, гэта той шлях, па якім пойдуць і іншыя дзяржавы СНД. Прынамсі, мы прапануем гэта былым савецкім рэспублікам, асабліва Украіне. Ёсць жаданне ў Кыргызстана, Арменіі далучыцца да нашай "тройкі". Мы таксама будзем абмяркоўваць гэту праблему 24 кастрычніка".

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што парадак дня вызначаны. Пры гэтым Прэзідэнт заўважыў: "Мы маглі б паставіць і больш сур'ёзныя пытанні, але мы не гарантуем, што знойдзем кансэнсус".

    Цяпер зацвярджаюцца праекты дакументаў, якія потым будуць вынесены на разгляд кіраўнікоў дзяржаў.

    "Вы бачыце, якая вялікая работа за апошні год была праведзена, каб належным чынам прыняць гэты саміт, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Ён пройдзе ў новым Палацы Незалежнасці і, напэўна, гэта ў нейкай ступені сімвалічна".

    Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на важнасці таго, каб "падтрымаць імідж Мінска па тэндэнцыі аб'яднання дзяржаў, наданню нашай інтэграцыі яшчэ больш глыбіннага характару".

    Як падкрэсліў Сяргей Лебедзеў, Мінск ужо даўно называецца сталіцай СНД, паколькі тут знаходзіцца штаб-кватэра Садружнасці. У бліжэйшыя дні горад у прамым сэнсе слова стане сталіцай СНД, паколькі тут будуць кіраўнікі дзяржаў Садружнасці, міністры замежных спраў, і ў Мінску пройдуць вельмі важныя сустрэчы высокіх кіраўнікоў, якія прымуць рашэнні па актуальных пытаннях узаемадзеяння.

    Старшыня Выканкама СНД канстатаваў высокую ступень гатоўнасці Беларусі да самітаў - і арганізацыйна, і па зместу. Паводле слоў Сяргея Лебедзева, адчуваецца вельмі вялікая зацікаўленасць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у тым, каб сустрэчы прайшлі арганізавана.

    На сустрэчы адбылося зацікаўленае абмеркаванне пытанняў падрыхтоўкі маючага адбыцца ў Мінску саміту СНД, у тым ліку парадку дня, ступені гатоўнасці пытанняў да абмеркавання на вышэйшым узроўні.

    Усяго ў парадак дня сустрэчы прэзідэнтаў краін СНД 14 важных пытанняў, якія ахопліваюць усе сферы дзейнасці - эканамічную, гуманітарную, бяспекі.

    Паводле слоў Сяргея Лебедзева, кіраўнікі дзяржаў у тым ліку разгледзяць чатыры пытанні, якія датычацца зацвярджэння праграм па барацьбе са злачыннасцю, гандлем людзьмі, наркабізнесам, тэрарызмам.

    Прыярытэтнае месца на саміце зойме і гуманітарная тэматыка. На зацвярджэнне прэзідэнтаў вынесуць прапановы па культурных сталіцах СНД на наступны год. Савет па гуманітарнаму супрацоўніцтву прапануе прадаставіць у 2014 годзе гэты статус казахстанскаму гораду Алматы і кыргызскаму гораду Ош.

    Сяргей Лебедзеў таксама расказаў аб тым, што Старшыня Савета Міжпарламенцкай асамблеі СНД Валянціна Мацвіенка выступіць з інфармацыяй аб дзейнасці МПА па ўмацаванню інтэграцыйнага ўзаемадзеяння.

    Важнай тэмай з'яўляецца і зацвярджэнне 2015 года як Года ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, што прымеркавана да 70-годдзя Перамогі.

    Акрамя таго, кіраўнікі дзяржаў зацвердзяць узоры адзіных юбілейных узнагарод у гонар 70-годдзя Перамогі.

    Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, беларускі бок гатовы да самітаў і мае намер правесці іх на самым высокім узроўні і з высокай эфектыўнасцю.