Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са Старшынёй Вярхоўнага Суда Валянцінам Сукалам
Судова-прававая рэформа дасць магчымасць палепшыць якасць і аператыўнасць правасуддзя. Гэта адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 9 снежня на сустрэчы са Старшынёй Вярхоўнага Суда Валянцінам Сукалам.
На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з рэфармаваннем судовай сістэмы.
"Усе рашэнні па стварэнні новай судовай сістэмы ў краіне прыняты, і з 1 студзеня 2014 года яна будзе дзейнічаць", - падкрэсліў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў Старшыні Вярхоўнага Суда, як ідуць працэсы рэфармавання: "Ні ў якім выпадку нельга дапусціць якога-небудзь недастатковага разумення гэтых пытанняў. Хацелася б ведаць, што вас насцярожвае ў гэты момант. Мяне цікавіць настрой у Вярхоўным Судзе і Вышэйшым Гаспадарчым Судзе. Зразумела, што карпаратыўнасць судовай сістэмы высокая. Таму вельмі тонкая і акуратная павінна быць работа".
"Мы крытыкуем часта, ды і народ нас крытыкуе за судовую сістэму, работу суддзяў. Але мы ведаем, якія судовыя сістэмы вакол і як яны працуюць у іншых дзяржавах, я ўжо не кажу пра суседзяў, - наогул у свеце. Таму на нашу судовую сістэму можна маліцца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Тым не менш людзі выказваюць прэтэнзіі, і нам трэба больш акуратна падыходзіць да фарміравання новай судовай сістэмы. Самае галоўнае, каб мы не пакрыўдзілі суддзяў, якія будуць працаваць заўтра, і каб сітуацыя не пагоршылася", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы прынялі рашэнне, і гэтым шляхам павінны ісці. Яно выверанае і, галоўнае, адпавядае жыццёвым патрэбнасцям нашай дзяржавы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт яшчэ раз адзначыў, што асноўная сутнасць рэформы - паляпшэнне якасці правасуддзя, яго даступнасці, галоснасці, аператыўнасці, каб яно ажыццяўлялася ў інтарэсах людзей.
Валянцін Сукала расказаў, што праводзіцца работа па асноўных арганізацыйных і кадравых напрамках судова-прававой рэформы. Паводле яго слоў, ідзе актыўнае рэфармаванне, а дакладней, стварэнне практычна новай сістэмы.