Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расіі Валянцінай Мацвіенка

    Беларусь ужо даўно расцэньвае супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расіі як адзін з асноўных складальнікаў беларуска-расійскіх адносін і рэальную эканамічную аснову інтэграцыі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 чэрвеня на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расіі Валянцінай Мацвіенка і кіраўнікамі расійскіх рэгіёнаў, якія ўдзельнічаюць у першым Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што абмен візітамі дэлегацый з Беларусі і расійскіх рэгіёнаў стаў добрай традыцыяй. На яго думку, рэгулярныя пасяджэнні двухбаковых саветаў, камісій і рабочых груп даюць магчымасць аператыўна разглядаць найбольш актуальныя пытанні супрацоўніцтва, вырашаць канкрэтныя задачы па пашырэнні ўзаемных сувязей.

    "Несумненна, важна ўмацоўваць існуючыя партнёрскія адносіны і ўзмацняць узаемадзеянне на ўсіх узроўнях дзелавога супрацоўніцтва, разам працуючы на канкрэтны вынік", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі прысвечаны пытанням эфектыўнага развіцця аграпрамысловых комплексаў дзвюх краін. На думку Аляксандра Лукашэнкі, супрацоўніцтва ў гэтай галіне мае важнае значэнне, паколькі ад яго рэалізацыі залежыць харчовая бяспека Саюзнай дзяржавы.

    Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь выпускае шырокі спектр тэхнікі для сельскай гаспадаркі. Наколькі шырокі яе мадэльны рад, расійскія госці могуць пераканацца ў час наведвання аграпрамысловай выстаўкі "Белагра". "На вашым рынку яе пазнаюць і яна папулярная. Нярэдка гэта сумесныя кааперацыйныя прадукты, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - У некаторых з іх доля расійскіх камплектуючых дасягае 80 працэнтаў".

    Менавіта таму Беларусь выступае за сумесную разумную палітыку з Расіяй у сферы прамысловай кааперацыі, стварэнне прадпрыемстваў па сумесным выпуску тэхнікі, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

    У Расіі дзейнічае больш як 1 тыс. арганізацый з беларускім капіталам, у 2013 годзе тут працавалі 58 сумесных вытворчасцей беларускай тэхнікі, якія паставілі на расійскі рынак прадукцыі амаль на $350 млн. Прычым асноўная ўдзельная вага (больш як 80 працэнтаў) тэхнікі, што збіраецца, прыпадае на прадукцыю сельгасмашынабудавання - "Гомсельмаша", МТЗ, "Бабруйскаграмаша", "Лідаграпраммаша". Прэзідэнт лічыць, што пры зацікаўленасці расійскага боку і падтрымцы на месцах можна прапрацаваць пытанне арганізацыі дадатковых зборак беларускай сельгастэхнікі ў расійскіх рэгіёнах.

    Сярод перспектыўных напрамкаў беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў АПК Аляксандр Лукашэнка назваў жывёлагадоўлю, насенняводства, рыбную гаспадарку. "Мы гатовы прыняць удзел у рэканструкцыі жывёлагадоўчых комплексаў - ад праектных работ да пастаўкі абсталявання, - сказаў ён. - Беларускі бок можа забяспечыць патрэбнасці расіян у грузавой, пасажырскай тэхніцы, высокаэфектыўных машынах для камунальнай гаспадаркі".

    Кіраўнік дзяржавы расказаў, што на новай вытворчай пляцоўцы беларуска-швейцарскага прадпрыемства "Штадлер Мінск" рэалізаваны праект "Электрычны транспарт" і пачаты выпуск паяздоў, тралейбусаў і трамваяў еўрапейскай якасці. Першы заказ, які будзе выкананы на новым заводзе, - двухпавярховыя паязды для маскоўскай транспартнай кампаніі "Аэраэкспрэс".

    Аляксандр Лукашэнка лічыць рэальнай перспектыву прадаўжэння і пашырэння льготных праграм крэдытавання паставак беларускай тэхнікі на расійскі рынак. Рэалізацыя толькі адной такой праграмы з Ашчадным банкам Расіі дала магчымасць аформіць крэдытных дагавораў на суму амаль $1,5 млрд. Такая ж работа пачата з банкам ЗГБ.

    Прыкладам паспяховай інтэграцыі можа служыць і пачатак маштабнага супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расіі ў галіне будаўніцтва. Сіламі мінскага ААТ "МАПІД" у Калузе ўзводзіцца мікрараён Малінаўка. У Курску гамяльчане будуюць каля 210 тыс.кв.м жылля. Вядзецца супрацоўніцтва ў будаўнічай сферы са Смаленскай і Маскоўскай абласцямі. "Мы зацікаўлены ў такіх праектах і ў іншых гарадах Расіі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Беларускія падрадныя арганізацыі забяспечваюць высокую якасць будаўніча-мантажных работ, выконваюць заяўленыя тэрміны будаўніцтва. Таксама мы можам павялічваць аб'ёмы паставак неабходных матэрыялаў, прыцягнуць свае тэхналогіі".

    Беларускія прадпрыемствы гатовы да цеснага супрацоўніцтва з расійскімі партнёрамі ў сістэме дзяржзакупак, конкурсаў і тэндараў на пастаўкі тавараў, выкананне работ, аказанне паслуг для дзяржаўных і муніцыпальных патрэб Расіі. На думку беларускага боку, гэта сфера вельмі перспектыўная.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў час форуму расійскія госці маюць магчымасць абмеркаваць з беларускімі калегамі шырокае кола пытанняў двухбаковага ўзаемадзеяня. Ён выказаў упэўненасць, што правядзенне такіх сустрэч стане яшчэ адной добрай традыцыяй. Прэзідэнт Беларусі выказаў удзячнасць кіраўніцтву Савета Федэрацыі і асабіста Валянціне Мацвіенка за актыўны ўдзел і падтрымку ў арганізацыі і правядзенні ў Мінску такога маштабнага мерапрыемства.

    У сваю чаргу Валянціна Мацвіенка падкрэсліла, што Расія лічыць Беларусь важнейшым стратэгічным партнёрам. Паводле яе слоў, у Мінск на форум прыбыла  дэлегацыя, у якую ўваходзяць больш як 200 прадстаўнікоў з 19 расійскіх рэгіёнаў. "Гэта сведчыць аб вялікай зацікаўленасці з расійскага боку да развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з Беларуссю", - сказала спікер Савета Федэрацыі. "Мы прыехалі з вельмі сур'ёзнымі намерамі разгледзець узровень рэгіянальнага супрацоўніцтва: які ён, што перашкаджае рухацца далей і якія меры трэба прыняць для больш рэзультатыўных кантактаў", - падкрэсліла яна.

    Валянціна Мацвіенка павіншавала беларускі бок з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама з паспяховым правядзеннем чэмпіянату свету па хакеі. "Паводле ацэнак Міжнароднай федэрацыі хакея, паводле ацэнак экспертаў і ўдзельнікаў, гэта быў лепшы чэмпіянат свету па хакеі ў гісторыі. Гэта мерапрыемства вельмі сур'ёзна ўзняло прэстыж Беларусі на міжнароднай арэне, паказала яе магчымасці, эканамічнае і сацыяльнае развіццё, інвестыцыйны патэнцыял, гасціннасць і добразычлівасць людзей", - адзначыла яна.

    "У нашых адносінах з Расіяй былі няпростыя перыяды, і калі б не супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расіі нам бы на сённяшні дзень было б вельмі складана", - адзначыў Прэзідэнт.

    Закранаючы тэму стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што гэта толькі пачатак інтэграцыі.

    "Я сказаў (што вельмі насцярожыла Захад), што наперадзе нас чакае і палітычная, і ваенная інтэграцыя ў рамках гэтага саюза, таму што эканоміка - аснова ўсяму. Калі ёсць эканоміка, калі яна з'ядноўвае, аб'ядноўвае людзей, калі гэта фундамент, то абавязкова мы прыйдзем да абароны гэтай эканомікі і інтарэсаў, перш за ўсё эканамічных, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Лічу, што мы хутка прыйдзем да таго, што АДКБ стане састаўной часткай гэтага саюза. Гэта будзе наша ваенная арганізацыя".

    Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на існуючыя меркаванні аб тым, што адпала неабходнасць у далейшай пабудове Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Прэзідэнт лічыць, што калі ў ЕАЭС будзе дасягнуты той узровень інтэграцыі, які існуе ў Саюзнай дзяржаве, тады паўстане пытанне аб далейшым існаванні СД. "Але пакуль мы да гэтага не падышлі", - канстатаваў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

    "Нас часта крытыкуюць, асабліва ў Расіі: вось, Лукашэнка чымсьці незадаволены, вытаргоўваў. Ды нічога я не вытаргоўваў! Задаволены - незадаволены... Вядома, незадаволены, таму што мы дэкларавалі стварэнне саюза без усялякіх выключэнняў і абмежаванняў. Як адну дзяржаву, у эканамічным плане хаця б. Але калі падышлі да гэтых пытанняў, аказалася, што некаторыя праблемы сталі непад'ёмнымі. І што там граху таіць, перш за ўсё для Расійскай Федэрацыі", - адзначыў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што многія дамоўленасці з трохбаковага ўзроўню былі вынесены на двухбаковы. "Таму па некаторых пазіцыях мы нават адступілі ад Мытнага саюза. І мы, усе тры прэзідэнты, гэта адкрыта прызнавалі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

    "Мы былі вымушаны адтэрмінаваць вырашэнне многіх пытанняў аж да 2025 года. Я такую пазіцыю крытыкаваў. Вось у чым маё адзінае незадавальненне. Мы ж дамовіліся, што не будзе гэтых выключэнняў і абмежаванняў, і раптам яны з'яўляюцца, і істотныя. Гэта страта прывабнасці, але мы цвёрда вырашылі, што да 2025 года (гэта не значыць у 2025-м, а як мага раней) мы вырашым гэтыя праблемы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўмацаванне міжрэгіянальнага супрацоўніцтва будзе вельмі магутнай асновай і лакаматывам для любой інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Прэзідэнт лічыць неабходным падключаць да гэтага працэсу і рэгіёны Казахстана і Украіны.

    "Ва Украіне выбраны новы Прэзідэнт. Я думаю, мы будзем супрацоўнічаць з новым Прэзідэнтам, з новай уладай, таму што там жыве наш народ, там такія ж, як мы, людзі, добрыя, працавітыя, але вось трапілі ў такую сітуацыю. Вядома, мы можам адмахнуцца ад іх, але людзі яшчэ больш пацерпяць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама тэму санкцый Захаду адносна Расіі.

    "Ніякія санкцыі ў гэтым свеце не змогуць задушыць Расію, - лічыць Прэзідэнт. - Гэта глупства поўнае. Нам патрэбны дадатковы цэнтр цяжару, цэнтр апоры ў свеце, каб нарэшце мы маглі аднавіць шматпалярны свет. Не можа свет быць на адной апоры і матляцца з боку ў бок. Гэта наша прынцыповая пазіцыя, якая, вядома ж, заходнікам не падабаецца".

    "Але яны тым самым робяць усё для таго, каб мы хутчэй адрадзіліся і сталі на ногі. Мы накіруем свае погляды не туды, а вось тут будзем узнімаць свае землі, і паглядзіце, які будзе ад гэтага эфект", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
    Губернатары расійскіх рэгіёнаў звярнуліся да Прэзідэнта з шэрагам ініцыятыў. У прыватнасці, было прапанавана ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза фарміраваць новую стратэгію развіцця аграпрамысловага комплексу, засяродзіўшы ўвагу на экспартных магчымасцях аб'яднання. Гучалі таксама прапановы, якія датычацца паглыблення вытворчай кааперацыі, супрацоўніцтва ў сферы лесаўпарадкавання, дрэваапрацоўкі.

    Губернатар Смаленскай вобласці Аляксей Астроўскі папрасіў аказаць дапамогу ў апрацоўцы прыгранічных з Беларуссю зямель, накіраваўшы беларускіх спецыялістаў.

    Губернатар Амурскай вобласці Алег Кажамяка падзякаваў беларускаму боку за гуманітарную дапамогу, аказаную ў час паводкі ў гэтым рэгіёне.

    На заканчэнне сустрэчы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў гатоўнасць Беларусі да цеснага супрацоўніцтва з расійскімі рэгіёнамі.

    "Упэўнены, гэты першы форум не стане адзіным", - сказаў Прэзідэнт.

    Валянціна Мацвіенка ў сваю чаргу прапанавала наступны форум, які плануе прыняць Ніжагародская вобласць Расіі, правесці пад патранатам прэзідэнтаў Беларусі і Расіі.

    "Думаю, праблем з нашага боку не будзе. Мы знойдзем час для таго, каб пабываць на ім і сустрэцца з нашымі самымі галоўнымі памочнікамі - губернатарамі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.