Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй праўлення Ашчаднага банка Расіі Германам Грэфам
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка лічыць магчымым вывесці супрацоўніцтва Беларусі з Ашчадным банкам Расіі на новую ступень. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 25 верасня, сустракаючыся са старшынёй праўлення Ашчаднага банка Расіі Германам Грэфам.
"Мы з Вамі дамаўляліся, што праз пэўны прамежак часу сустрэнемся і разам прапануем нейкія новыя варыянты супрацоўніцтва, каб выйсці на больш высокую ступень гэтага супрацоўніцтва", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што гатоў удзельнічаць у абмеркаванні гэтых прапаноў. "Калі яны прымальныя для нас, то мы з задавальненнем пойдзем насустрач такому гіганту, як Ашчадны банк Расіі", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў той факт, што месцам правядзення форуму сваіх даччыных прадпрыемстваў Ашчадны банк выбраў менавіта Беларусь: "Нам прыемна гэта. Гэта ў нейкай ступені давер да нашай краіны".
У сваю чаргу Герман Грэф выказаў удзячнасць беларускаму боку за актыўнае супрацоўніцтва на працягу апошніх гадоў. "Тыя планы, якія мы намячалі да канца 2014 года і якія зафіксаваны ў інвестыцыйным пагадненні паміж намі і Урадам Беларусі, практычна ўвесь аб'ём абавязацельстваў будзе выкананы да канца бягучага года - за два гады да заканчэння таго тэрміну, аб якім мы дамаўляліся", - сказаў старшыня праўлення Ашчаднага банка.
У ходзе сустрэчы быў абмеркаваны ўвесь спектр пытанняў, якія датычацца дзейнасці Ашчаднага банка ў Беларусі, у тым ліку ўкараненне новых тэхналогій і паслуг у банкаўскай сферы Беларусі. "На гэты дзень мы вельмі актыўна працуем у рэспубліцы. Сукупны аб'ём прадастаўленых рэсурсаў за апошнія тры гады з боку Ашчаднага банка склаў больш як $11 млрд. Цяпер у нас адкрыты лініі на рэспубліку звыш $6,5 млрд. Гэта, вядома, самыя буйныя пазіцыі сярод усіх замежных банкаў", - расказаў Герман Грэф.
Старшыня праўлення Ашчаднага банка Расіі пацвердзіў рэфінансаванне крэдыту "Беларуськалія" ў памеры $1 млрд. Таксама абмеркавана магчымасць удзелу Ашчаднага банка ў рэалізацыі розных інвестыцыйных праектаў. Адзін з буйнейшых такіх праектаў - распрацоўка калійнага радовішча ў Беларусі.
Герман Грэф падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за падтрымку, якая на працягу апошніх трох гадоў аказвалася дзейнасці Ашчаднага банка ў Беларусі. "Мы маем вельмі добрыя вынікі нашага бізнесу," - падкрэсліў ён.
Група Ашчаднага банка Расіі - буйная міжнародная фінансавая арганізацыя. Яна прадстаўлена ў 18 краінах. Філіяльная сетка гэтага банка ўключае 17 тэрытарыяльных банкаў і больш як 19 тыс. падраздзяленняў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Даччыныя банкі Ашчаднага банка Расіі працуюць у Беларусі, Казахстане і Украіне. Адкрыты прадстаўніцтвы ў Германіі, Кітаі і філіял у Індыі. Па рыначнай капіталізацыі Ашчадны банк Расіі ўвайшоў у топ-20 буйнейшых банкаў свету і займае 16-е месца.