Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са Старшынёй Папскага савета па міжрэлігійнаму дыялогу кардыналам Жан-Луі Таранам

  • 1

У Беларусі забяспечаны міжканфесійныя мір і згода. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 4 ліпеня на сустрэчы са Старшынёй Папскага савета па міжрэлігійнаму дыялогу кардыналам Жан-Луі Таранам.

"Мне прыемна бачыць вас у Беларусі, і я вітаю вас на нашай беларускай зямлі. Вельмі спадзяюся, што ваша знаходжанне ў Беларусі будзе паспяховым і што пытанняў для перажыванняў і хваляванняў, якія выклікалі б дадатковыя праблемы, у нас няма", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што ў Беларусі мірна суіснуюць 25 канфесій. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка выказаў задаволенасць, што дзве вядучыя царквы, праваслаўная і каталіцкая, "знайшлі шляхі, па якіх могуць развіваць супрацоўніцтва". Прэзідэнт ахарактарызаваў гэтыя адносіны як канструктыўныя і карысныя для дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзяржава апошнім часам нямала зрабіла для цэркваў, у тым ліку Рымска-каталіцкай. Так, нядаўна прынята рашэнне аб будаўніцтве ў краіне Каталіцкага духоўна-адукацыйнага цэнтра.

"Невырашальных пытанняў у нас няма. Я хацеў бы запэўніць вас і папрашу перадаць Папу Рымскаму, што каталіцкая канфесія, як і раней, будзе займаць дастойнае месца ў Беларусі", - сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым ён падкрэсліў, што грамадзяне Беларусі маюць і будуць мець поўны доступ да рэалізацыі сваіх рэлігійных перакананняў.

Жан-Луі Таран у час сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам перадаў благаславенне ўсяму беларускаму народу ад Папы Рымскага: "Учора вечарам, перш чым прыехаць да вас, я сустрэўся са Святым Айцом. Пантыфік перадаў вам найлепшыя пажаданні і папрасіў мяне перадаць благаславенне ўсяму беларускаму народу".

Кардынал падкрэсліў, што яго дыпламатычная кар'ера прадаўжалася 28 гадоў і ў яго была магчымасць дыялогу з прадстаўнікамі розных дзяржаў. "Важна, калі існуе добры дыялог паміж прадстаўнікамі канфесій і дзяржавы, - адзначыў высокі госць. - Таму прыемна чуць, што ўсе канфесіі знайшлі ў Беларусі свой дом і жывуць у міры і згодзе".

"Зварот да чагосьці вышэйшага вельмі важны ў сучасным свеце, - упэўнены кардынал Жан-Луі Таран. - У першую чаргу важна, паколькі грамадзянін любой дзяржавы мае два абавязацельствы: у якасці грамадзяніна дзяржавы і ў якасці верніка".

Старшыня Папскага савета па міжрэлігійнаму дыялогу падкрэсліў, што для яго гэта першая паездка ў Беларусь і для яго вельмі цікава на месцы азнаёміцца з рэаліямі, убачыць, як адбываецца ў Беларусі дыялог усіх канфесій.

Жан-Луі Таран, які з'яўляецца вядомым і аўтарытэтным ватыканскім іерархам, у якасці Папскага легата прыехаў на ўрачыстасці, прысвечаныя 400-годдзю прыбыцця ў Беларусь Будслаўскага абраза Божай Маці. Урачыстыя юбілейныя мерапрыемствы пройдуць у Будславе 5-6 ліпеня. Свята стане самым значным з каталіцкіх урачыстасцей у бягучым годзе. Будслаўскі абраз Божай Маці з'яўляецца адным з найбольш шануемых і славіцца шматлікімі цудамі. Штогод да яго накіроўваюцца пілігрымы з Беларусі і з-за мяжы. У бягучым годзе Будслаў плануе прыняць 45 тыс. паломнікаў. Дзяржава аказала Рымска-каталіцкай царкве ўсю неабходную падтрымку ў падрыхтоўцы свята. Былі выдзелены сродкі на рэстаўрацыю касцёла ў Будславе, пушчаны дадатковыя паязды для дастаўкі паломнікаў, таксама ўводзіцца ў абарачэнне спецыяльная паштовая марка.