Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй Нацыянальнага сходу Лаоса Пані Ятхоту
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка разлічвае на развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з Лаосам. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 23 красавіка на сустрэчы са старшынёй Нацыянальнага сходу Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Пані Ятхоту.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў мінулым годзе ўпершыню ў гісторыі двухбаковых адносін адбыўся візіт Прэзідэнта Лаоса Цюмалі Сайнясона ў Мінск. "З гэтага візіту пачаўся вельмі сур'ёзны новы этап нашага супрацоўніцтва", - сказаў беларускі лідар.
Вітаючы кіраўніка лаоскага парламента, Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што гэты візіт паслужыць пашырэнню двухбаковага ўзаемадзеяння.
Паводле слоў Прэзідэнта, для супрацоўніцтва любых краін вельмі важны гандлёва-эканамічныя адносіны - яны з'яўляюцца базавымі, па іх ацэньваюць маштаб і глыбіню міждзяржаўных адносін. "Будзем шчырымі: тут нам пахваліцца няма чым, - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. - Нашы адносіны толькі пачынаюць развівацца. Мы спрабуем закласці некаторую аснову гэтых адносін".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Мы плануем візіт у вашу краіну. Я абяцаў Прэзідэнту Лаоса, што абавязкова прыеду да вас. І нам вельмі хацелася б, каб візіт быў насычаным і ў выніку мы прыйшлі да канкрэтных дамоўленасцей і заключылі шэраг кантрактаў па супрацоўніцтве".
Прэзідэнт выказаў надзею, што парламентарыі адыграюць сваю ролю ў двухбаковых адносінах. Беларусь разлічвае на ўстанаўленне такіх жа цёплых і дружалюбных адносін, якія існуюць з сябрам і суседам Лаоса В'етнамам.
У сваю чаргу Пані Ятхоту адзначыла, што яна прыехала па запрашэнні беларускага парламента, каб прадоўжыць напаўняць і пашыраць дамоўленасці, якія былі дасягнуты лідарамі дзвюх краін. Яна пагадзілася з Аляксандрам Лукашэнкам, што нараўне з палітычнымі адносінамі трэба развіваць гандлёва-эканамічныя сувязі.
Пані Ятхоту перадала Аляксандру Лукашэнку найлепшыя пажаданні ад Прэзідэнта Лаоса Цюмалі Сайнясона.
![]()