Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са Старшынёй Канстытуцыйнага Суда Беларусі Пятром Міклашэвічам

    Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ролю Канстытуцыйнага Суда паступова трэба павышаць. Такое меркаванне ён выказаў 13 лютага ў час сустрэчы са Старшынёй Канстытуцыйнага Суда Беларусі Пятром Міклашэвічам.

    "У вас сканцэнтраваны самыя вопытныя і дасведчаныя людзі ў галіне права, - адзначыў Прэзідэнт. - Але Канстытуцыйны Суд у нас усё ж такі не адыгрывае тую ролю, якую павінен адыгрываць. Мне здаецца, паступова, як мы некалі дамаўляліся, ролю Канстытуцыйнага Суда трэба павышаць".

    "Мне хацелася б, каб вы не толькі выяўлялі і выкрывалі нейкія недахопы, але, павышаючы ролю Канстытуцыйнага Суда, каб вы больш актыўна ўздзейнічалі на адпаведныя суб'екты нашага грамадскага жыцця ў плане канстытуцыйнасці іх дзеянняў, у плане навядзення парадку ў сферы прававых адносін. Гэта вельмі важна", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка выказаў жаданне, каб КС больш актыўна ўдзельнічаў у рабоце міжнародных арганізацый.

    Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на тое, што хацеў бы абмеркаваць пытанні ролі Канстытуцыйнага Суда ў краіне, удасканалення яго дзейнасці ў перспектыве, канстытуцыйнага судаводства ў больш шырокім складзе з удзелам як суддзяў, так і спецыялістаў з яго апарату.

    Як адзначыў Пётр Міклашэвіч, у чэрвені 2008 года Дэкрэтам Прэзідэнта былі пашыраны паўнамоцтвы Канстытуцыйнага Суда з прадастаўленнем яму права правяраць канстытуцыйнасць законаў, прынятых Нацыянальным сходам, да іх падпісання Прэзідэнтам. "Такіх шырокіх паўнамоцтваў не мае ніводны канстытуцыйны суд у Еўропе", - падкрэсліў Пётр Міклашэвіч.

    За мінулы перыяд КС праведзена вялікая работа ў гэтым напрамку. Правераны 444 законы, прынятыя Парламентам. Усе законы прызнаны адпаведнымі Канстытуцыі. Старшыня КС лічыць, што заканатворчы працэс у краіне пастаўлены на даволі высокі ўзровень, праводзіцца дасканалая якасная падрыхтоўка законапраектаў, ідзе адпаведнае ўзгадненне з усімі дзяржаўнымі органамі, праяўляецца павага да асноўнага закона краіны - Канстытуцыі, яе прынцыпаў і норм.

    Разам з тым у час праверкі канстытуцыйнасці выяўляліся пэўныя недахопы прынятых законаў. КС выпрацавана больш за сто прававых пазіцый, у якіх былі вызначаны пэўныя канстытуцыйна-прававыя прабелы, тлумачыўся канстытуцыйна-прававы сэнс норм закону, апрацоўваліся прававыя пазіцыі, адрасаваныя правапрымяняльнікам, каб пры правапрымяненні не скажаўся канстытуцыйна-прававы сэнс норм закону.

    Прэзідэнт праінфармаваны таксама аб тым, што ў мінулым годзе Канстытуцыйным Судом было прынята рашэнне аб ацэнцы адпаведнасці закону карткі паляка міжнародным нормам і прынцыпам. Па выніках ацэнкі былі ўнесены змяненні ў закон аб дзяржаўнай службе і аб грамадскіх аб'яднаннях у частцы наяўнасці карткі паляка ў дзяржаўных служачых.

    Што датычыцца практыкі прымянення тых або іншых нарматыўна-прававых актаў, то, як адзначыў Пётр Міклашэвіч, у краіне ўжо выпрацаваны пэўны механізм ускоснага доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя праз упаўнаважаных суб'ектаў - Урад, Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі, Вярхоўны Суд, Вышэйшы Гаспадарчы Суд і Прэзідэнта.

    На сустрэчы было выказана меркаванне аб магчымым вяртанні ў бліжэйшы час да пытання стварэння інстытута ўпаўнаважанага па правах чалавека. Як растлумачыў Старшыня КС, грамадзяне маглі б звяртацца да ўпаўнаважанага па найбольш важных пытаннях, якія закранаюць канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян, а ўпаўнаважаны па правах чалавека мог бы затым звяртацца ў Канстытуцыйны Суд.