Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Віктарам Хрысценкам

    У дагаворы аб Еўразійскім эканамічным саюзе павінна быць больш эканомікі, чым палітыкі. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 красавіка ў час сустрэчы са старшынёй Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Віктарам Хрысценкам.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што раней з членам Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі ад Беларусі Сяргеем Румасам абмеркаваў праект дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе. У Віктара Хрысценкі Прэзідэнт пацікавіўся, як ідзе гэты працэс. "Я хацеў бы ад Вас як ад галоўнай дзеючай асобы па арганізацыі гэтай усёй работы пачуць, як ідзе работа па гэтым дагаворы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Як мы рухаемся, істотна або няма ніякіх зрухаў. Чаго тут больш - палітыкі, эканомікі. Хацелася б, каб другога. Усё ж такі без палітыкі нікуды, але тым не менш гэта эканамічны саюз, таму, калі ёсць прэтэнзіі да беларускага боку, я хацеў бы, каб Вы сапраўды вельмі адкрыта, як гэта заўсёды ў нас бывае, сказалі. У нас ёсць час выправіцца. Я не думаю, што мы вельмі адстаём або тармозім гэтыя працэсы".

    Паводле слоў Віктара Хрысценкі, работа над дагаворам ідзе ў звышінтэнсіўным, бесперапынным рэжыме. Задзейнічаны сотні экспертаў з трох урадаў, ЕЭК. "Трэба сказаць, што дакумент атрымліваецца комплексны, як і хацелі, ахоплівае ўсе пытанні дзейнасці Еўразійскага эканамічнага саюза. Менавіта як эканамічнага саюза, эканамічнай інтэграцыі ў адсутнасць палітычных пытанняў", - адзначыў ён.

    На гэта Аляксандр Лукашэнка заўважыў: "Мяне не напружваюць палітычныя пытанні. Я не кажу аб тым, што вось толькі эканоміка і ўсё. Я не ў гэтым плане кажу".

    Віктар Хрысценка падкрэсліў, што значнасць многіх эканамічных пытанняў вельмі высокая. "Сам па сабе вышэйшы дзяржаўны ўзровень азначае не проста складанасць перагаворнага працэсу, а значнасць і вельмі глыбокую перспектыву па многіх пытаннях. Напрыклад, па фарміраванні агульнага рынку нафты, нафтапрадуктаў, газу. Гэта прынцыпова новыя канструкты, якіх не было на сённяшні дзень і якія адсутнічалі і існавалі як выключэнні", - сказаў старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі.