Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са Старшынёй Дзяржаўнай Думы Федэральнага сходу Расіі Сяргеем Нарышкіным

  • 1

Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі з'яўляецца прыкладам інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы і садзейнічае больш актыўнаму іх развіццю ў Адзінай эканамічнай прасторы і Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 13 чэрвеня на сустрэчы са Старшынёй Дзяржаўнай Думы Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Сяргеем Нарышкіным.

Прэзідэнт упэўнены, што праект Саюзнай дзяржавы будзе запатрабаваны заўсёды.

"Мы адкрыта гаворым, што стварэнне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі садзейнічала хуткаму развіццю іншых інтэграцыйных праектаў на постсавецкай прасторы - асабліва ў рамках Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што тут яшчэ не дасягнулі таго ўзроўню інтэграцыі, які існуе ў Саюзнай дзяржаве. "Але, я лічу, гэта будучыня, і той шлях, які мы прайшлі з Расіяй, будзе запатрабаваны не толькі ў АЭП, будучым Еўразійскім саюзе, але і ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка бачыць вялікую зацікаўленасць і зрухі на ўсіх узроўнях СНД да больш цеснага супрацоўніцтва і інтэграцыі. "Усе пераканаліся ў тым, што нідзе нас асабліва не чакаюць, шчасце трэба шукаць перш за ўсё ў сябе", - заўважыў Прэзідэнт.

Разам з гэтым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу: "Жыццё нам падкідвае ўсё новыя праблемы, можа, якіх мы не заслугоўваем: ад эканомікі да пытанняў абароны рубяжоў".

"Трэба аддаць належнае, што апошнім часам на ўсіх узроўнях, асабліва на парламенцкім, Беларусь і Расія вельмі актыўна не проста абмяркоўваюць, але і прымаюць рашэнні, каб дастойна адказаць на ўсе выклікі, - сказаў Прэзідэнт. - Мы дзейнічаем, зыходзячы з агульных інтарэсаў, і нікому жыць не перашкаджаем, клапоцімся, каб у нас эканоміка развівалася". Ён падкрэсліў, што Беларусі і тым больш Расіі чужой зямлі не трэба. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы заўважыў: "І сваёй зямлі мы аддаваць не збіраемся".

"Усе павінны добра разумець, што ў гэтых адносінах мы і будзем будаваць сваю палітыку", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў, што ёсць асобныя дзяржавы, якія вельмі актыўна праводзяць нацыянальныя палітыкі, арыентуючыся на сваіх суседзяў. "Асабліва ў Цэнтральнай Азіі, Украіна", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Тым не менш, я ўпэўнены: будучыня ўсё ж за нашай постсавецкай прасторай, тут інтэграцыя будзе больш моцнай і глыбокай. Нам трэба рабіць больш рашучыя крокі ў гэтым напрамку, у тым ліку ў парламенцкім вымярэнні. І тут супрацоўніцтва парламентаў Беларусі і Расіі з'ўляецца добрым прыкладам для іншых", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь пры інтэграцыі будзе праводзіць вельмі актыўную палітыку: "Мы ніколі не адмаўляліся ад гэтага і не адмовімся".

Прэзідэнт таксама акцэнтаваў увагу на нязменнасці пазіцыі ў супрацоўніцтве з Расіяй і адзначыў неабгрунтаванасць заяў асобных палітыкаў, у тым ліку расійскіх, аб тым, што "Беларусь шарахаецца туды-сюды". У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Беларусь ніколі не шарахалася". Як растлумачыў Прэзідэнт, трэба разумець, што Беларусь знаходзіцца паміж двума гігантамі - Расіяй і ЕС - і ў гэтых умовах павінна выбудоўваць адносіны.

Кіраўнік дзяржавы прадоўжыў: "Мы не сумняваемся, ды і ў Расіі не сумняваюцца, што Беларусь - гэта дзяржава, якая адбылася. Улічваючы, што для нас вельмі важна эканоміка, мы добра разумеем: нам трэба выбудоўваць нармальныя адносіны з ЕС, але ні ў якім выпадку не на шкоду нашаму асноўнаму саюзніку і брацкай дзяржаве - Расіі. Ад гэтага нікуды не дзенешся. Хто б тут ні быў, ён будзе выбудоўваць гэтыя адносіны".

Прэзідэнт упэўнены, што Беларусі трэба больш актыўна рухацца ў напрамку ЕС, выбудоўваючы адносіны. "Мы добра разумеем: дрэнныя адносіны з Еўропай у нас не на карысць нашым адносінам з Расіяй".

Закранаючы дамоўленасці з Расіяй, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтым напрамку ідзе актыўная работа. "Тое, што мы актыўна супрацоўнічаем, асабліва ў Саюзнай дзяржаве, - святое. Мы ад гэтай палітыкі ніколі не адыдзем", - запэўніў Прэзідэнт. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Калі ад нас будуць патрабаваць выбіраць Расію або Еўропу, нейкія іншыя аб'яднанні, то мы на гэта ніколі не пойдзем. Вы ведаеце нашу палітыку: нашы заявы не разыходзяцца са справамі".

Спікер Дзяржаўнай Думы ў сваю чаргу перадаў Аляксандру Лукашэнку прывітальныя словы ад Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за высокую ацэнку беларуска-расійскага міжпарламенцкага супрацоўніцтва.

Ён запэўніў, што Расія нацэлена на самы высокі ўзровень інтэграцыі з Беларуссю. "Дэпутаты Дзяржаўнай Думы Расіі высока ацэньваюць узровень двухбаковых міждзяржаўных і міжпарламенцкіх адносін з Беларуссю, - падкрэсліў Сяргей Нарышкін. - Мы нацэлены на тое, каб падтрымліваць на самым высокім узроўні інтэграцыю з Беларуссю".

"Мы высока цэнім ролю Беларусі і асабіста Аляксандра Лукашэнкі ў развіцці інтэграцыйных працэсаў", - таксама сказаў спікер Дзярждумы.

Ён адзначыў важнасць парламенцкага вымярэння ў гэтым напрамку: "Роля парламенцкага вымярэння не павінна быць прыменшана, а павінна з кожным годам узрастаць".