Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са Спікерам Парламента Сінгапура Халімай Якаб

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка пацвярджае вялікі інтарэс Беларусі да развіцця адносін з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі. Аб гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў 25 красавіка на сустрэчы са Спікерам Парламента Сінгапура Халімай Якаб.

    "Мы вельмі актыўна працуем у рэгіёне, у якім размешчаны Сінгапур, Інданезія, і наогул у Паўднёва-Усходняй Азіі. У нас вялікія інтарэсы там", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

    "Паколькі Сінгапур з'яўляецца варотамі ў Паўднёва-Усходнюю Азію, я вельмі спадзяюся, што наша супрацоўніцтва з вамі ў перспектыве дасць вельмі вялікі станоўчы эфект", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што для Беларусі быў вельмі важным праведзены ў сакавіку бягучага года візіт у Сінгапур прадстаўнічай дэлегацыі.

    "Я з вялікім задавальненнем успамінаю візіт у Сінгапур. Мы сапраўды многаму там навучыліся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што гэты візіт Спікера сінгапурскага Парламента ў Беларусь паслужыць развіццю двухбаковых адносін. Аляксандр Лукашэнка перадаў Прэзідэнту і Прэм'ер-міністру Сінгапура добрыя пажаданні ад імя беларускага народа і пацвердзіў запрашэнне наведаць з візітам Беларусь.

    У сваю чаргу Халіма Якаб звярнула ўвагу на тое, што Сінгапур і Беларусь маюць дружалюбныя адносіны, якія былі ўмацаваны ў час візіту Кіраўніка беларускай дзяржавы ў Сінгапур. Яна падкрэсліла, што адным з ключавых напрамкаў супрацоўніцтва дзвюх краін з'яўляецца эканамічны, і выказала задавальненне тым, што ў час візіту беларускай дэлегацыі ў Сінгапур адбыўся бізнес-форум, былі падпісаны двухбаковыя пагадненні і мемарандумы.